/ Музей без межаў Навіны / Сусветны дзень азбукі Брайля

Сусветны дзень азбукі Брайля

4 студзеня адзначаецца Сусветны дзень азбукі Брайля. Гэты дзень вядомы і як Міжнародны дзень Брайля.

Святкаванне гэтага дня пачалося з 19 снежня 2018 года, калі Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных нацый, згодна рэзалюцыі ААН А/С.3/73/L.5/ Rev.1 ад 1 лістапада 2018 года абвясціла: “Генеральная Асамблея пастанаўляе штогод адзначаць 4 студзеня Сусветны дзень азбукі Брайля, пачынаючы з 2019 года ў мэтах павышэння дасведчанасці аб значэнні азбукі Брайля як аднаго са сродкаў зносін для поўнай рэалізацыі правоў чалавека сляпых і людзей са слабым зрокам”.

Што такое азбука Брайля? Гэта тактыльнае злучэнне літарных і лічбавых знакаў з дапамогай шасці кропак, якія дазваляюць перадаць усе літары, лічбы і нават музычныя, матэматычныя і навуковыя сімвалы. Яна выкарыстоўваецца сляпымі і слабавідушчымі людзьмі для чытання кніг і перыядычных выданняў, якія друкуюцца візуальнымі шрыфтамі.

Сёння ў свеце налічваецца каля 10 мільёнаў сляпых. Яшчэ амаль 130 мільёнаў чалавек маюць вельмі слабы зрок. Усім ім неабходная такая азбука. Члены ААН нагадалі пра тое, што, згодна з Канвенцыяй аб правах інвалідаў, азбука Брайля з’яўляецца сродкам зносін сляпых і адыгрывае найважную ролю ў іх адукацыі, доступе да інфармацыі і рэалізацыі права на свабоду выказвання меркавання і перакананняў.

Аўтар азбукі для сляпых – Луі Брайль, французскі тыфлапедагог, стваральнік рэльефна-кропкавага шрыфта для невідушчых і людзей са слабым зрокам . Ён нарадзіўся ў 1809 годзе ў сям’і шаўца ў французскім мястэчку Кувре. Як пішуць біёграфы, у тры гады хлопчык параніў вочы рымарскім нажом – накшталт шыла – і пачаў слепнуць. У 5 гадоў ён страціў зрок канчаткова.

Бацькі навучылі Луі плесці махры для конскай збруі, шыць хатнія туфлі, запрасілі настаўніка музыкі для навучання гульні на скрыпцы. Алфавіт ён вывучаў у мясцовай школе з дапамогай палачак.

Калі хлопчыку споўнілася дзесяць гадоў, яго аддалі ў Парыжскую школу для сляпых дзяцей. Ужо тады былі кнігі, выдадзеныя рэльефна-лінейным шрыфтам, але іх не хапала. Навучанне галоўным чынам ішло на ўспрыманні інфармацыі на слых.

У школе Луі Брайль пазнаёміўся з “начной азбукай”, распрацаванай артылерыйным афіцэрам Шарлем Барб’е для вайсковых цэляў. Гэта быў спосаб кадоўкі паведамленняў, які дазваляў чытаць тэксты нават у поўнай цемры: запіс звестак вёўся праз прапорванне адтулін у кардоне, чытанне – праз дакрананні да кардону (дотыкам).

У 1824 годзе Брайль распрацаваў рэльефна-кропкавы шрыфт для невідушчых і слабых на зрок людзей. Парадаксальна, але факт: калі пачатковы варыянт шрыфту быў пададзены на разгляд спецыялістаў, яго палічылі нязручным… для відушчых выкладчыкаў! І толькі ў 1837 годзе па патрабаванні сляпых і слабых на зрок людзей эксперты зноў вярнуліся да яго разгляду.

Для выявы літар у шрыфце Брайля выкарыстоўваюцца шэсць кропак. Кропкі размешчаны ў два слупкі. Пры лісце кропкі прапорваюцца, і так як чытаць можна толькі па выпуклых кропках, “пісаць” тэкст даводзіцца са зваротнага боку ліста. Тэкст пішацца справа налева, потым старонка перагортваецца, і тэкст чытаецца злева направа.

Дарэчы, Луі Брайль апынуўся таленавітым музыкантам, выкладаў музыку невідушчым і слабым на зрок людзям, распрацаваў шрыфт для запісу нот (нотапіс). Першай кнігай, надрукаванай па сістэме Брайля, была “Гісторыя Францыі” (1837). У Расіі друкарства шрыфтам Брайля пачалося з выдання ў 1885 годзе зборніка артыкулаў для дзіцячага чытання.

У 1850 годзе сістэма Брайля афіцыйна была ўведзена ў праграму навучання грамаце навучэнцаў Парыжскага інстытута для сляпых дзяцей. У 1878 годзе яна атрымала афіцыйнае прызнанне ў Францыі на Міжнародным кангрэсе.

6 студзеня 1852 года Луі Брайль памёр. Ён быў пахаваны ў родным горадзе Кувре. У 1887 годзе на грошы, сабраныя па падпісцы, на магіле быў усталяваны помнік, на якім быў выбіты надпіс: “Брайлю – удзячныя сляпыя”. У 1952 годзе прах тыфлапедагога быў перанесены ў Парыжскі нацыянальны пантэон. У тым жа годзе ў Кувре ў хаце, дзе ён правёў дзіцячыя гады, быў адкрыты мемарыяльны музей, а вуліца, што вядзе да гэтай хаты, была названа яго імем.

Гэты дзень, 4 студзеня, стаў значным і для Дома Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Трэба зазначыць, што ў гэтым доме беларускі паэт пражыў кароткі тэрмін, але ж памяць аб ім тут захоўваецца. Праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя В. Таўлаю. Так менавіта атрымалася і ў мінулым, 2021 годзе. 5 жніўня была ўрачыста адкрыта выстаўка тактыльных жывапісных работ мастака-манументаліста Васіля Зянько “Паэзія кропак… Разанаў, Таўлай”. Выстава прызначана больш для людзей са слабым зрокам, або наогул, невідушчых. Жывапісна-рэльефныя паверхні ўключалі літаратурныя тэксты, што з’яўляюцца знакавымі творамі для культурнай спадчыны таго ці іншага рэгіёна ці краіны. Мастак, уступаючы ў дыялог з паэтам, аўтарам вершаў, стварыў адмысловую маляўнічую структуру, у якую інтэграваў самі тэксты, перакладзеныя на шрыфт Брайля (у выглядзе фактурна выстаўленых кропак). Слабыя на зрок і невідушчыя людзі змаглі стаць паўнапраўнымі гледачамі, якія маглі “глядзець” карціны рукамі. Сярод карцін, якія былі прадстаўлены па творах беларускага пісьменніка Алеся Разанава, была работа пад назвай “Верабейкі” паводле першага верша Валянціна Таўлая, прытым, напісанага ў Лідзе ў школьным узросце. Цяпер яе можна будзе пабачыць пастаянна на экспазіцыі ў Доме паэта па вуліцы Замкавая, 7. Між іншым, яна папоўніла збор матэрыялаў і прадметаў на “вераб’іную” тэму. Гэтую акцыю абвясцілі супрацоўнікі Дома Таўлая, бо 2022 год стане юбілейным у творчым пачатку паэта, так як вершу “Верабейка” споўніцца 100 год з дня напісання. Так, сёння паэт гаворыць з намі на англійскай, армянскай, венгерскай, грузінскай, карэйскай, літоўскай, малдаўскай, польскай, рускай, украінскай, французскай мовах. А цяпер яго твор загучаў і на карцінах і ў карцінах. Паэзія Валянціна Таўлая ўжо становіцца даступнай для любой катэгорыі людзей.

PS: Пры ўваходзе ў Лідскі гісторыка-мастацкі музей, а таксама ў яго аб’екты – Лідскі замак, Дом Валянціна Таўлая – замацаваны спецыяльныя дашчэчкі, якія распрацаваны на азбуку Брайля, што з’яўляецца безбар’ерным асяроддзем для невідушчых прыхільнікаў культурных музейных аб’ектаў горада Ліда.