/ Навіны / Страхар і стрыхалка

Страхар і стрыхалка

У ранейшыя часы большасць сялянскіх пабудоў крылі саломай. Жыта (не пераспелае!) стараліся зжаць сярпом як мага ніжэй, а затым абмалаціць цэпам. Далей клапатлівай справай быў адбор кулявой саломы – доўгай і тонкай. Кароткую ж салому і траву страсалі. Дзеля гэтага развязвалі сноп і стукалі камлямі аб цвердую паверхню, адначасова раўняючы ніз. Якасна падрыхтаваны і правільна ўкладзены куль гарантаваў страсе ледзь не паўвекавое жыццё.

Спецыяліста па крыццю страхі называлі – страха́р (у в. Дзітрыкі Лідскага раёна – крытнік). Спрыт, адвага, умельства, адказнасць – важныя якасці страхара. Куль саломы, грабесцінкі (перавяслы для сціскання саломы), лазовыя дубцы для ўмацавання з латамі, драбіны, лейцы, паплеціны (жэрдкі), стрыхоўка – асноўнае, што патрэбна майстру, каб накрыць саломай страху.

У атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні “Час. Традыцыі. Вобразы” можна ўбачыць стрыхоўку, якая бытавала ў в. Масявічы Лідскага раёна. А вось у вёсках Дакудава, Збляны Лідскага раёна гэтае прыстасаванне называлі стрыхалка. Іншыя лакальныя назвы – страхоўка, стрыхаўка, стрыхачка, страхавец, шчотка, грэбень.

Стрыхоўка ўяўляе сабой дошчачку з ручкай і падоўжанымі рабрыстымі пазамі на ніжнім баку. Служыла для выраўнівання кулявой саломы і падбівання ніжніх канцоў.

Сябры, завітайце ў атмасферна-этнаграфічную гасцёўню “Час. Традыцыі. Вобразы”, дзе праз прадметы абуджаецца дух жыцця нашых землякоў.

Куратар рубрыкі “Слоўка за слоўкам” – навуковы супрацоўнік І.Клімовіч

Выявы паштовак з фондаў ДУ “Лідскі гісторыка-мастацкі музей”.