/ Архіў / «сТАЎЛенне», або экскурсія па лідскіх сцежках паэта Валянціна Таўлая.

«сТАЎЛенне», або экскурсія па лідскіх сцежках паэта Валянціна Таўлая.

18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЭСКА адзначаецца Міжнародны дзень гістарычных помнікаў і мясцінаў. У Беларусі гэта свята годна адзначаецца дзякуючы правядзенню ў красавіцкія дні “Фэста экскурсаводаў”, падчас якога можна трапіць на самыя разнастайныя і ўнікальныя аўтарскія экскурсіі па ўсёй краіне.

“Фэст экскурсаводаў” – гэта акцыя, якая нарадзілася ў 2009 годзе ў асяродку неабыякавых да гісторыі людзей, і з года ў год ён пашыраецца і выклікае вялікую цікавасць у наведвальнікаў. Галоўная ідэя мерапрыемства — прыцягненне ўвагі людзей да тых гістарычных помнікаў, побач з якімі яны жывуць і каля якіх праходзяць кожны дзень.

21 і 22 красавіка такія экскурсіі прайшлі па ўсёй Беларусі. Прынёманскі горад Ліда з задавальненнем таксама прыняў удзел.

Літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея арганізаваў пешшы маршрут “сТАЎЛенне”. У чым ён заключаўся? Першапачаткова трэба звярнуць увагу на назву – “сТАЎЛенне”. Яна азначае пэўныя адносіны (стаўленне) таго ці іншага ўдзельніка (прыхільніка) да творчасці Валянціна Таўлая. Так, менавіта, да творчасці гэтага грамадска-палітычнага дзеяча, беларускага паэта нашай Лідчыны! У назве маршрута, між іншым, змяшчаецца частка яго прозвішча. Гэта маршрут – шляхамі В.Таўлая. Дзякуючы яму кожны зможа дазнацца пра жыццёвыя сцяжыны паэта ў нашым горадзе. А яны пракладзены праз увесь горад Ліда.

Трэба зазначыць, што мінулы год паклаў пачатак такога маршрута. У гэтым, 2018 годзе турыстаў сабралося нашмат болей, у чым, напэўна, паспрыяла цёплае надвор’е. Сярод удзельнікаў экскурсіі сталі вучні сярэдняй школы №11 пад кіраўніцтвам настаўніка рускай мовы і літаратуры Анашкевіч Наталлі Мікалаеўны, а таксама лідскія паэты – члены літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыіі “Лідскай газеты”.

Пунктам збору прыхільнікаў творчасці паэта стаў літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея па вуліцы Замкавая,7, які, між іншым, у народзе прызвычаіліся называць домік Таўлая. У гэтым доме з 1939 па 1941 гады жыў Валянцін Таўлай.

Агульныя звесткі пра жыццё і творчасць культурнага дзеяча прысутныя пачулі ў мемарыяльным пакоі паэта (адзіным, прысвечаным яму ў Беларусі). Адсюль і накіраваліся па распрацаванаму маршруту.

Другім пунктам стала вуліца Мапроўская,4 – ААТ “Лідская мэблевая фабрыка”, дзе турыстаў з задавальненнем чакала намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Енза Ларыса Славаміраўна. Гэты пункт, напэўна стаў самы напружаны. Так сталася, што пад час Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчалася фашысцкая турма, у якую падпольшчык і партызан Валянцін Таўлай быў кінуты разам з бацькам Паўлам Дзям’янавічам, мачахай Сцепанідай Паўлаўнай і сястрой Нінай у верасні 1943 года. Да гэтага часу захаваліся гэтыя будынкі, якія прызначаныя для апрацоўкі дрэва пад мэблю. Між іншым, захаваліся і турэмныя адзіночныя камеры і краты, якія бачны нават з вуліцы. Экскурсантам давялося пабачыць і прайсці ў гэтыя памяшканні і пачуць цікавую інфармацыю з вуснаў Ларысы Славаміраўны.

Далейшы шлях ляжаў па бульвары Гедыміна, які ў свой час называўся вуліцай Пілсудскага, пазней – Чапаева. Каля дома №2 пашчасціла сустрэць старажыла гэтага дома – Чылека Мікалая Канстанцінавіча, які раскрыў новыя звесткі, якія тычацца В.Таўлая. Так, драўляная хата, у якой жылі бацькі Таўлая – мачаха Сцепаніда Паўлаўна і бацька Павел Дзям’янавіч знаходзілася насупраць аўтавакзала, амаль што на гэтым месцы, дзе і збудаваны гэты дом, будаўніцтва якога закончылася ў пачатку 1950 года. З вуснаў Мікалая Канстанцінавіча была пачута новая інфармацыя і пра пасляваенны лёс будынка каля замка, у якім жыў паэт.

Сцежка Таўлая прывяла турыстаў да Лідскага замка. Як мяркуецца, што каля яго заходняй сцяны была сфатаграфавана група вучняў, сярод якіх і будучы паэт, якому было ўсяго 6-7 гадкоў. Месца гэтае было вызначана дзякуючы камню, які добра бачны на захаваўшымся фотаздымку. А вось школа, у якой ён атрымаў першыя веды, размяшчалася за паўночным бокам замка. Ад яе, нажаль, не захаваўся нават фундамент, але дзякуючы фотаздымку гэтай навучальні – школе №5 імя Людвіка Нарбута і некаторым гістарычным згадкам і меркаванням, дадзенае месца было вызначана. З вуснаў экскурсавода быў пачуты першы верш паэта на польскай мове “Варабейкі”, раскрыты новыя звесткі пра лёс грамадска-палітычнага дзеяча дзякуючы дасланым успамінам яго сястры Ніны Таўлай-Радзюкевіч. Так сталася, што зборнік вершаў “Шляхі і краты” паэт так і не змог выдаць пры жыцці за свае 33 гады, але ж пасля смерці, праз год, у 1947 годзе, выйшаў зборнік “Выбранае”. Адзін асобнік захоўваецца ў фондах літаратурнага аддзела. Яго і пашчасціла патрымаць у руках некаторым экскурсантам.

Сцяжыны Таўлая пракладзены праз увесь горад. Пагэтаму канчатковым прыпынкам на гэты раз стаў Лідскі замак. Нажаль, тыя будынкі, праз якія быў пракладзены лёс паэта не захаваліся: гэта, напрыклад, былая рэдакцыя газеты “Уперад”, у якой ён працаваў, дзесьці па вуліцы Сувальскай (цяпер Савецкай). Імя паэта носіць адна з вуліц нашага горада, па якой ходзяць лідчане і госці горада, адна з бібліятэк у горадзе – таксама названа імем В.Таўлая, а сучасная рэдакцыя “Лідскай газеты” помніць свайго калегу, што і сцвярджае змешчаная на яе будынку мемарыяльная дошка. Усё гэта, хочацца верыць, вядома лідчанам.

Усё, што тычыцца жыцця В.Таўлая, а гэта фотаздымкі, меракаванні, успаміны літаратурны аддзел з задавальненнем будзе выкарыстоўваць і ў далейшых фэстах эскурсаводаў і пастараецца гэта зрабіць інтэрактыўна і пазнавальна.

Гайда, у літаратурны аддзел па вуліцы Замкавая, 7! Валянцін Таўлай чакае Вас!

PS: У матэрыяле змешчаны фотаздымкі настаўніцы рускай мовы і літаратуры СШ №11 Анашкевіч Наталлі Мікалаеўны.

 

Падрыхтаваў навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун.