/ Навіны / Старадаўніх муроў адраджэнне

Старадаўніх муроў адраджэнне

З успамінаў Драб Ганны Мікалаеўны, 1956 г. н.

Маё знаёмства з замкам праходзіла ў некалькі этапаў.

Першы этап (пачатак 1970-х гг.)

З любоўю расказана пра Лідскі замак

У 1973 г. закончыла я сярэднюю школу в. Лежневічы Іўеўскага раёна. Памятаю сустрэчы з выпускнікамі, якія мы наведвалі ўжо з 8 класа. Добра запомніўся мне Юзік Мацейка з в. Яськавічы, дзесьці на 6-7 гадоў за мяне старэйшы. У пачатку 1970-х гг. “ пачала пашырацца ідэя аб рэстаўрацыі Лідскага замка. Фамічоў Р. Ф. вельмі добра аднёсся да гэтай задумы, тым больш, што быў добры прыклад у суседзяў – літоўцаў: у гэты час вялася рэстаўрацыя ў Троках, у атачэнні азёр, замка – былой рэзідэнцыі нашых князёў у 14-15 стагоддзях. Некалькі разоў Рыгор Філатавіч вёў размовы з тагачасным міністрам культуры рэспублікі, і паступова ішло і расло перакананне ў тым, што Лідскі замак можна аднавіць. Хаця было нямала скептыкаў і супраціўнікаў, якія гаварылі, што няма патрэбы аднаўляць замак, паколькі замак будаваў, маўляў, літовец Гедзімін, а яны, літоўцы, некалі захапілі Беларусь – вось такая памылковая думка існавала ў афіцыйнай гістарыяграфіі таго часу. На самой жа справе этнічныя продкі летувісаў – жмудзіны ніколі не мелі варожых стасункаў з этнічнымі продкамі беларусаў – ліцвінамі. У тыя часы гэтыя дзве этнічныя групы жылі адной дзяржавай у міры, згодзе і дружбе.

Праз некаторы час, калі ідэя пачала выспяваць і пашырацца, удалося ўключыць у план работ рэспубліканскай рэстаўрацыйнай майстэрні гэты аб’ект. Для таго, каб да гэтай справы падысці грунтоўна, была выпрацавана канцэпцыя: 1) сабраць гістарычныя звесткі пра замак, 2) сабраць па магчымасці графічны матэрыял, 3) правесці раскопкі на месцы і вывучыць увесь культурны пласт. Затым на першым этапе правесці кансервацыю рэшткаў замка, скласці праект рэстаўрацыі і прыступіць да аднаўленчых работаў.

Кіравалі гэтымі справамі гісторык і археолаг Алег Трусаў і кіраўнік і аўтар праекту рэстаўрацыі архітэктар Сяргей Багласаў. У той час у вобласці не было сваёй структурнай адзінкі, якой можна было б даручыць гэтую работу, бо ні адна падрадная арганізацыя не хацела (і прымусіць было немагчыма) ўзяць у работу гэты аб’ект. Давялося ствараць сваю брыгаду, каб зрушыць справу з месца. Узначаліў гэтую брыгаду і рэстаўрацыю майстар Іосіф Мацейка, ураджэнец Іўеўшчыны, вельмі сціплы і добрасумленны чалавек.” [Логаш У.М. Горад Ліда ў маім жыцці [Электронны рэсурс]- Рэжым доступу: https://pawet.net/memoirs/- Дата доступу: 26.03.23]

Яму на падобных вечарах часта задавалі пытанні пра Лідскі замак. Юзік працаваў у свой час там можа прарабам, можа брыгадзірам, ужо не памятаю. І першыя раскопкі, і аднаўленне замка я памятаю са слоў гэтага чалавека. Ён расказваў як прыязджалі студэнты і пракладвалі шурфы, праводзілі раскопкі, і як паралельна аднаўляўся замак; як не шкадавалі ў вежы Вітаўта цэменту і залівалі сходы (прыступкі).

Другі этап (1974-1979 гг.)

Кудлатыя астанкі старых байніц – маўклівыя сведкі старажытнай гісторыі

Было гэта ў студэнцкія гады. Каб дабрацца на вучобу (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна) і назад дамоў карысталася аўтобусам Вільнюс – Брэст з прыпынкам у Лідзе. Да наступнага аўтобуса трэба было пачакаць. Калі была цёплая пара года, я абавязкова гуляла па вуліцах горада. Памятаю разваліны заходняй сцяны замка (у 1980-я гг. гэтыя разваліны павялічыліся. Тады казалі, што рухнуў Лідскі замак). Заглянуць унутр замкавага двара было немагчыма. Можна было толькі ўзняцца на завалы сцяны (а гэта спрабаваў зрабіць мой знаёмы) і памятаю, як камяні пры гэтым трошкі сыпаліся.

У 1970-я гг. замак быў закрыты для людзей. Там праводзіліся археалагічныя, будаўнічыя работы. Цэнтральныя вароты ў заходняй сцяне працавалі толькі для праезду машын з будаўнічым матэрыялам на тэрыторыю замкавага двара. Малыя вароты ва ўсходняй сцяне былі закалочаны дошкамі. Узвышаліся старыя байніцы паўднёвай сцяны замка.

Трэці этап (пачатак 1980-х гг.)

Усё яшчэ не турыстычны аб’ект

З 1984 г. працую ў музеі па вуліцы Савецкай. І той перыяд пакуль я працую ў музеі, які знаходзіцца каля планетарыя, пра замак я нічога не магу сказаць. У нас было шмат турыстычных груп, наведвалі музей госці з розных гарадоў Савецкага Саюза, але замак не быў аб’ектам турыстычным.

Закончыўшы курсы экскурсаводаў, суправаджала турыстаў па гораду, але замак мы не наведвалі. Толькі праязджалі паблізу замкавых руін і турыстам падаваўся мінімум інфармацыі. Глабальных ведаў пра замак і яго гісторыю тады яшчэ не было ў экскурсаводаў.

Чацвёрты этап (пачатак 2000-х гг.)

Рыцарскі турнір 2005

Андрэй Паўлавіч Худык (з 2004 па 2011 з’яўляўся старшынёй Лідскага раённага выканаўчага камітэта) – сапраўдны гаспадар гораду. Наведаў замкавы двор, убачыў як усё пазарастала дрэвамі, кучы смецця, дзесьці нешта раскапана і не засыпана. Ён прымае рашэнне ўсё пачысціць, прывесці ў парадак вал вакол замка.

Грузавымі машынамі вывозілі смецце. Была праведзена генеральная ўборка. Быў выраўнены замкавы двор. Дапамагалі з уборкай тэрыторыі воінскія часці Паўднёвага гарадка, навучэнцы і нават кіраўніцтва райвыканкама. Усё было прыведзена ў парадак. Затым  Андрэй Паўлавіч прымае рашэнне правесці ў замку рыцарскі турнір.

На Лідчыне ў той час фарміруюцца першы рыцарскі клуб “Дайнава” і  народная аматарская студыя “Dies Magna”. Былі зарэгістраваны пры аддзеле культуры, добра праяўлялі сябе на гарадскіх святах. Яны ж і сталі актыўнымі удзельнікамі арганізацыі  Міжнароднага рыцарскага турніра “Замак Гедыміна” 17-18 верасня 2005 г. у Лідзе. (“Яго сумесна арганізуюць рэспубліканскае моладзевае грамадскае аб’яднанне “Рыцары Вялікага Княства” і Лідскі райвыканкам. … да ўдзелу ў мерапрыемстве запрошаны 40 рыцарскіх клубаў з Беларусі, краін Балтыі, Польшчы, Расіі і Украіны”. Фестываль праходзіў ў Лідскім замку і на прылеглай да яго тэрыторыі. “У праграме – рыцарскі турнір у чатырох намінацыях (конны, лучнікаў, пешы лёгкай пяхоты XIII-XIV стагоддзяў і латнікаў), конкурсы на лепшы жаночы і мужчынскі касцюмы і на лепшыя даспехі XIII-XVI стагоддзяў, інсцэніроўка штурму цвердзі з выкарыстаннем піратэхнікі, бугурты (групавыя баі), феерверк, выступленні каскадзёраў, шоў для гледачоў “Рыцарскі турнір”, ваенныя гульні (захоп сцяга, караля і маста), канцэрт сярэднявечнай музыкі, беларускі лялечны тэатр “Батлейка”, выставы асаднай тэхнікі, вырабаў народных майстроў, тканых паясоў і “Рыцарскага намёта”, катанне на конях і сярэднявечны кірмаш”.)[Замак Гедыміна [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: https://pawet.net/- Дата доступу:25.03.23]

Рыцарскі турнір 2005 [https://lixmuseum.by/ru/virtualnaya-vystavka-istoriya-pervyh-turnirov/]

На той момант я працавала ў музеі галоўным захавальнікам фондаў, мне даручылі быць адказнай за турнір. Білеты прадаваць атрымаў права музей. Каса ўяўляла сабой стол з шуфлядамі. Чарга жадаючых наведаць турнір была вялізная.  Грошай было столькі, што яны вывальваліся з гэтага стала. Пры касе дзяжурыў міліцыянер, які дапамагаў нам іх ахоўваці і збіраць. У музеі, які знаходзіўся на вул. Перамогі 37 А, мы ўсю ноч сядзелі і лічылі грошы, каб назаўтра здаць у бухгалтэрыю! У выніку нашы фінасавыя паказчыкі значна выраслі, і за гэтай лічбай трэба было “цягнуцца” кожны год. З таго часу замак мы сталі называць “дойная карова”.

Пяты этап (2006-2010 гг.)

“Вяселле Ягайлы”

У 2006 г. я была назначана дарэктарам ДУ “Лідскі гісторыка-мастацкі музей”. Была распрацавана праграма “Правядзенне мерапрыемстваў з выхадам на аб’ект Лідскі замак”. Наладзілі супрацоўніцтва з рыцарамі гістарычных клубаў. Ім было дазволена абжыць адзін з паверхаў паўночна-ўсходняй вежы. Яны ж  кожную нядзелю ў 12.00 рабілі абход Лідскага замка.

Пачалі праводзіць экскурсіі. Спачатку была задзейнічана тэрыторыя вакол замка і замкавы двор. Затым пачалі абсталёўваць 1-2-3 паверхі паўночна-ўсходняй вежы. Пачалі больш дасканальна вывучаць гісторыю Лідскага замка. Сумесна з прыватнай турыстычнай фірмай “Святавіт” (Конан Г. П. – уладальнік) быў распрацаваны праект “Вяселле Ягайлы”, куды ўваходзіла аглядная экскурсія вакол замка, замкавы двор і праход па вежы Вітаўта (паўночна-ўсходняя вежа). У вежы разыгрывалася вяселле Ягайлы (працавалі аніматары), накрываўся стол з пачастункамі для гасцей, праводзіўся фаер-шоў.

У 2009 г. была распрацавана і рэалізавана музейна – асветніцкая праграма “Старадаўніх муроў адраджэнне”, якая была адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Напярэдадні правядзення фэст-ярмаркі “Дажынакі – 2010” у Лідзе, былі выдзелены грошы для рамонту замка, які для гасцей горада падчас “вялікай рэканструкцыі” не закрываецца. Тут праводзяцца анімацыйныя праграмы і нават невялікія турніры.

У выніку быў завершаны рамонт паўночна-ўсходняй вежы, пачынаецца аднаўленне паўднёва-заходняй вежы, адрамантаваны насцілы баявых галерэй. Некаторыя праекты так і не былі рэалізаваны: будынак адміністрацыі на тэрыторыі замкавага двара застаўся аднапавярховым замест двухпавярховага, адмовіліся ад прыбіральняў на цокальным паверсе пад трыбунамі.

Была пастаўлена задача за тыдзень  стварыць экспазіцыю ў вежы Вітаўта. Неабходна было набыць экспанаты, бо ўласны археалагічны матэрыял (у большасці гэта – чарапкі) не могуць запоўніць залы. Неабходна было завесці і зманціраваць мэблю (усё рабілі самастойна сваімі рукамі). Адкрыццё вежы адбылося ўрачыста, прыгожа і смачна. На кожным паверсе былі прадуманы элементы анімацыі, супрацоўнікі музея працавалі ў стылізаваных касцюмах часоў сярэднявечча.

Шосты этап (2010-2018 гг.)

Страта духу Сярэднявечча

Пасля 2010 г. ў замак паехалі шматлікія турысты. Быў распрацаваны новы праект “Замкавы гасцінец”, да якога далучаецца Палац культуры. Але атрымалася не так як задумвалася. Замест паглыблення ў атмасферу Сярэднявечча, праводзіліся канцэрты сучаснай эстраднай музыкі, дыскатэкі.

Рыцарскія клубы пачалі распадацца, бо людзі сталі выязджаць на заробкі за мяжу. У Конана Г. П. з’явіўся ўласны праект для рэканструкцыі – стары млын у в. Дворышча.

У 2018 г. прымаю рашэнне пакінуць пасаду дарэктара ДУ “Лідскі гісторыка-мастацкі музей.

***

Вядома мне цікавая гісторыя пра змяю з чалавечымі вачыма, якая пражывае пад мурамі старога замка. Два разы яе бачылі людзі ля сцен замка. Першы раз змяя выпаўзала перад Вялікай Айчыннай вайной. Другі раз – перад чарнобыльскай трагедыяй 1986 г.

А вось вужоў на тэрыторыі замка бачылі многія супрацоўнікі музея. І не толькі на тэрыторыі замкавага двара, а нават на каменных сценах і першым паверсе вежы Вітаўта.

***

Пра падземныя хады… Быў у мяне знаёмы стары чалавек, які расказваў, што ў дзяцінстве лазіў падземнымі хадамі ад замка да фарнага касцёла.

Ці ёсць падземныя хады пад старымі мурамі Лідскага замка? Дагэтуль пытанне застаецца загадкай. Археолагамі Лідскі замак вывучаны даволі грунтоўна і  падцверджання аб іх наяўнасці не выяўлена. Але ва ўспамінах людзей захаваліся звесткі, якія пераходзяць з пакалення ў пакаленне.

Запісана са слоў Драб Г. М. 11.03.2023 г.