/ Навіны / Смаляная “лямпа”

Смаляная “лямпа”

Сёння ў далёкае мінулае адпраўляе нас экспанат з атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні “Час. Традыцыі. Вобразы” – лучнік. Меў ён і іншыя назвы, характэрныя для Лідчыны: свяцільня, дзед, лучыннік. Сканструяваны на два клямары, якія моцна трымаюць дзве смаляныя “лямпачкі” – лучыны. Зручны тым, што яго можна было лёгка перанесці ў любы куток хаты і, дзякуючы адтулінам на стаячку, прыпадняць ці апусціць лучыну – накіраваць святло ў патрэбную кропку.

“Жыць” ў хаце лучнік пачынаў прыблізна з канца верасня. У доўгі светавы дзень патрэбы ў ім не было.

Гаспадары, якія не мелі такога ці падобнага прыстасавання, лучыну замацоўвалі ў рог печы паміж цаглінамі, радзей – у расшчэліне сцяны (магло прывесці да пажару!). З’яўленне прыстасаванняў для лучыны было не толькі зручным, але і бяспечным. Такім з’яўляецца і наш лучнік.

Для лепшага гарэння шчапалі лучыну са смалістага дрэа ці змазвалі воскам, тлушчам, дзёгцем, салідолам. На час гарэння ўздзейнічала даўжыня. Напрыклад, каб павячэраць, палілі кароткую. Не паспеў – даядай у цемры (лучыну бераглі!).

Аднак, лучнік – гэта не толькі ўтылітарны прадмет. Гэта, у нейкай ступені, сімвал працоўных вечароў. Пры святле лучыны жанчыны пралі, шылі, вышывалі. Мужчыны выразалі лыжкі ці іншы посуд, плялі кашы. Калі ж збіраліся у адной хаце (часцей моладзь), то гэты час называлі попрадкі ці вячоркі. На Лідчыне яны ладзіліся ў пачатку Піліпаўскага посту. Пад цьмянае святло не толькі працавалі, але шмат спявалі, расказвалі пра розныя здарэнні, звязаныя з аднавяскоўцамі, хлопцы жартавалі з дзяўчатамі, “падсмальвалі” кудзелю, знаёміліся, стваралі пары.

Збіраліся на вячоркі, як сцямнее, таму ў хатах запальвалі лучыну, якой забяспечвалі запрошаныя на вячоркі мясцовыя хлопцы. Адказнай справай было – мяняць лучыну. Давяралі яе часта дзеду (адсюль і назва “дзед”), радзей – падлеткам.

Здавалася б, нязначны экспанат, а перад намі разгортваецца не адзін эпізод з жыцця продкаў, а цэлая вобразна-маляўнічая карціна.

Такі падарунак музею зрабіў у 1964 г. Івашэвіч Іван Пятровіч, знакаміты паэт-зямляк, вядомым пад псеўданімам Пятрусь Граніт (24. 01. 1909 г. – 14.01 1980 г.).

Куратар рубрыкі “Слоўка за слоўкам” навуковы супрацоўнік І. Клімовіч

Дадаткова выкарыстаны крыніцы:
Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. (Беларус. Сав. Энцыкл.: Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. Рэд.) і інш.. – Мн.: БелСЭ, 1989. – с.296.
Лучнік. Карта № 106. Рэжым доступу: https://res.cloudinary.com/philology/image/upload/labng/4-106.pdf

Беларускія тэксты. Лучыннік. С. Давідовіч