Раней казалі, што без каня няма ні гаспадара, ні гаспадаркі. А калі ўжо прыдбаў жывёліну – будзь за яе ў адказе! Гнядыя, цісавыя, сівыя, вараныя, “у яблыкі” – коні ўсіх масцей патрабавалі адпаведнага догляду. У кожнага, хто меў каня, была свая навука, свой сакрэт – ад выбару пароды да лячэння. Сакрэты перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Жывёле будавалі адмысловыя стайні і трымалі іх у чысціні, клапаціліся пра падрыхтоўку збруі, выязнога транспарту. Уважліва аглядалі скуру каня, асабліва ў месцах, што заўсёды былі пад амуніцыяй. Не былі без увагі капыты, хвост, грыва, зубы.
У час трэба было накарміць і напаіць жывёлу. Улетку, акрамя выпасу, падкармлівалі аўсом. Зімой давалі ячмень. Лічылі, што ад ячменю конь таўсцее. Акрамя таго, ячменю прыпісвалі якасць чысціць кроў і вызваляць ад шматлікіх скрытых хвароб (інфармацыя паводле Крыштафа Монвіда Дарагастайскага з кнігі “Гіпіка, альбо кніга пра коней”).
Два-тры разы на тыдзень раніца каня павінна была пачынацца з чысткі. Для гэтага выкарыстоўвалі скрэбніцу (скрэбла, грэбла, часалка). Скрэбніца, як правіла, была на два бакі. Адна працоўная паверхня гладкая – для выдалення вады. Другая паверхня – з зубцамі. Такой вычэсвалі рапейнік з хваста, грывы, счышчалі са скуры засохлае балота. Была скрэбніца і добрым прыстасаваннем для расчэсвання грывы, разгладжвання пластоў поўсці. У той жа час, гэта быў і лёгкі масаж для каня.
Раней скрэбніцы і шчоткі былі самаробнымі.
Розныя віды скрэбніцаў можна ўбачыць у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі.
Адна з іх знойдзена падчас раскопак у замку летам 1987 г. пад кіраўніцтвам археолага А. А. Трусава.