/ Навіны / Шыян

Шыян

Самымі простымі і неабходнымі ў сялянскіх сем’ях былі вырабы, плеценыя з саломы, лазы, карэння, лубу. Асабліва падатлівым матэрыялам для пляцення была салома.

У пачатку ХХ ст. народныя ўмельцы валодалі рознымі тэхнікамі пляцення з саломы, але самай распаўсюджанай на той час была спіральная. Дзякуючы такой тэхніцы нараджаліся круглыя, авальныя, бочкападобныя, падобныя да гладышоў, збанкоў, гаршкоў, місак, макатраў вырабы.

Праца з плеценымі вырабамі пачыналася зімой. У хату ўносілі снапы жытняй саломы (яе мышы не елі!), лазовыя пруты, бралі навостраны ножык, нажніцы для стрыжкі авечак (адразаць пустыя каласы). Пучкі саломы, пачынаючы з донца, выкладвалі па спіралі і “сшывалі” паміж сабой гнуткімі расшчэпленымі прутамі лазы (палоскамі лыка, яловымі або хваёвымі каранямі, расліннымі валокнамі). Завяршала ўсю канструкцыю, як правіла, века (вечка, крышка, накрыўка).

Веліканам сярод усіх вырабаў быў шыян (кораб, карабан, саламянік). У Лідскім раёне (а таксама ў былым Лідскім павеце) некаторыя жыхары такую ёмістасць называлі кубел (меншы – кубялец), хоць назва, на большасці тэрыторый Беларусі, мела дачыненне да бандарных вырабаў ці даўбёжнага рамяства.

У нашых продкаў частай з’явай былі назвы вырабаў ці іх асобных элементаў, звязаныя з целам чалавека: гарлач, носік, вушка, ручка, бачок, тулава. Верагодна, і назва шыян утварылася ад слова шыя. Шыян жа “ўтрымлівае” ў сабе павелічальны, нават крыху абраджальны сэнс – і ўсё праз свой памер.

Жыхарка былога Лідскага павета (цяпер Шчучынскі) ўзгадвае, што ў адным шыяне бабуля і бацькі захоўвалі кажухі, а ў другім – даматканае палатно. Найчасцей жа ў шыяны ссыпалі збожжа ці муку (маглі змяшчаць да 300 кг!).

У меншых саламяных вырабах захоўвалі яйкі. Перасыпаныя попелам ці зернем, яны мелі працяглы тэрмін захавання. Да таго ж, добрая вентыляцыя ў вырабе спрыяла захаванню паляндвіцы, кумпяка, каўбас, высушаных сыроў.

Летам саламяныя вырабы ачышчалі (выбівалі) ад пылу, выветрывалі ад затхласці – прамывалі вадой са шчоткай і сушылі на сонцы.

Паважаныя чытачы! Будзем удзячны за магчымасць папоўніць нашу музейную калекцыю шыяном ці іншымі саламянымі вырабамі.