10 кастрычніка споўнілася б 100 год Шуціла Яўгенію Канстанцінавічу, першаму дырэктару Лідскага краязнаўчага музея, Заслужанаму работніку культуры БССР, Выдатніку народнай адукацыі БССР.
Шуціла Яўгеній Канстанцінавіч нарадзіўся ў Смаленску 10 кастрычніка 1925 г. У 1931 г. бацьку перавялі ў Мінск ва Упраўленне сувязі, маці працавала ў рэдакцыі газеты “Звязда”. Займаўся ў авіямадэльным гуртку, у 1940 г. ездзіў на ўсесаюзныя спаборніцтвы. У 1941 г. закончыў 7 класаў мінскай СШ №14.
З успамінаў Яўгенія Шуцілы: “У 1941 г. ў чэрвені месяцы прыехалі ў Ліду да родных бацькі. Тут застала нас вайна. У час акупацыі жылі ў в. Супраўшчына Лідскага раёна. Быў сувязным, а затым партызанам атрада “Іскра”, удзельнічаў у шматлікіх баявых аперацыях атрада, у тым ліку ў падрыве нямецкай аўтамашыны на шашы Ліда-Навагрудак 23 сакавіка 1944 г. Прымаў удзел у вызваленні г. Ліды . Пасля вызвалення Ліды ў жніўні 1944 г. быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, дзе прызначаны камандзірам гарматы. Малодшы сяржант. 19 красавіка 1945 г. цяжка паранены пры фарсіраванні Одэра”.
Пасля цяжкага ранення Яўгеній Шуціла быў дэмабілізаваны па інваліднасці (ІІ група).
Закончыў Лідскае педвучылішча (1948), Мінскі педінстытут імя Горкага (1954). Працаваў настаўнікам і завучам у Івацэвіцкім раёне, з 1958 г. у Лідзе – выкладчыкам гісторыі СШ №8, дырэктарам Лідскага краязнаўчага музея (1959-1963), дырэктарам СШ №2 (1963-1991). “Выдатнік народнай адукацыі БССР”, “Заслужаны работнік культуры БССР” (1980).
Вялікі уклад Яўгеній Канстанцінавіч унёс у стварэнне экспазіцыі музея. Менавіта дзякуючы яму папоўніліся фонды музея экспанатамі ваеннай тэматыкі з г. Ленінграда, вялася даследчая праца па гісторыі забастовачнага руху ў 1930-х гг., партызанскай і падпольнай барацьбы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І-й ступені, дзвюма ордэнамі Чырвонай зоркі, медалем “За адвагу” і шматлікімі медалямі, граматамі Міністэрства асветы БССР і СССР, а таксама званнямі ”Выдатнік народнай асветы БССР”, “Заслужаны работнік культуры БССР”.
12 лістапада 2015 г. Яўгенія Канстанцінавіча не стала, але памяць пра яго захоўваецца ў музеі і ў навучальных установах, дзе ён працаваў.