/ Навіны / Сасноўскі Роберт Юр’евіч

Сасноўскі Роберт Юр’евіч

Р. Сасноўскі, 1944 г.

Сасноўскі Роберт Юр’евіч, падпольшчык, начальнік асобага аддзела атрада «Іскра»

Сасноўскі Роберт Юр’евіч (1916 -2002) нарадзіўся ў р.п. Янкаўка (г. Узін) Кіеўскай вобласці. З служачых. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1932-1937). Выкладчык фізікі ў сярэдняй школе станцыі Альмавіца (Альшакіна) Кіеўскай вобласці (1937-1938), лабарант лабараторыя эксперыментальнай фізікі пры Кіеўскім педінстытуце (1938-1939). Прызваны ў РСЧА 14.10.1939, служыў у Омску, Навасібірску, Каўнасе, Вержбалаве, Кібартай як ваенны інжынер па абарончых збудаваннях. Ваеннапалонны ў лагеры Магадзіно і ў Лідзе, грузчык Лідскага вугальнага склада (04.09.1941-01.05.1942), перакладчык, тапёр у казіно, качагар на чыгуначнай электрастанцыі.

З успамінаў Роберта Сасноўскага: «Сістэматычная дыверсійная праца ў Лідзе і асабліва на Лідскім чыгуначным вузле пачалася толькі з таго часу, калі мы звязаліся з партызанскімі атрадамі. Да гэтага часу розныя дыверсійныя акты былі часам зусім нявіннага ці выпадковага характару. Толькі з лютага 1943 г. пачалася арганізаваная праца пад кіраўніцтвам партызанскіх атрадаў».

У маі 1942 г. арганізаваў на Лідскім чыгуначным вузле дыверсійную групу. 14 сакавіка 1943 г. з ваеннапалонным Паўлавым узарваў электрастанцыю на чыгуначнай станцыі.

Падрабязнасці гэтай аперацыі апісаны ў кнізе В. Смірнова і В. Ампілава «У маленькім горадзе Ліда…».

Акт ад 14 сакавіка 1943 г.

«У 2 гадзіны 30 хвілін па мясцовым часе была ўзарвана двума пакетамі толу (12 кг) чыгуначная электрастанцыя ў г. Ліда. У выніку выбуху 2 машыны паляцелі ў паветра, а трэцяя выведзена са строю, акрамя таго, узнік вялікі пажар і ўсё, што знаходзілася ў гэтым памяшканні, згарэла. Для выканання гэтай аперацыі быў пасланы партызан Жукаў Пётр Васільевіч, які прыцягнуў групу ваеннапалонных, якія працуюць на гэтай электрастанцыі. Усю падрыхтоўчую працу, дастаўку матэрыялаў, інструктаж рабіў камісар Деев А.І., начальнік штаба Земскаў Ф.А. з атрада «Іскра», камісар атрада «Кастрычнік» Бязлюдаў Г.І.
Непасрэдна ўдзельнічалі з групы ваеннапалонных: Сасноўскі Р.Ю., Паўлаў С.П., Саўчанка В.П., Багмут А. А, Тэртычны К.М.

Камандзір атрада «Іскра» Конаў
Камісар Дзееў».

Пасля выбуху электрастанцыі большасць ваеннапалонных, якія працавалі ў дэпо, пайшлі ў партызанскі атрад «Іскра» (каля 20 чалавек).

Роберт Сасноўскі ў атрадзе «Іскра» з 14.03.1943 – упаўнаважаны атрада, з 23.08.1943 – начальнік асобага аддзела атрада. Узнагароджаны медалямі.

23 мая 1943 г. група партызан атрада «Іскра» ў в. Ёдкі захапілі ў палон з дакументамі інжынера авіяцыйнай часці обер-лейтэнанта Матэўса Іосіфа Лекнеры. У паланенні нямецкага афіцэра прымалі ўдзел Іван Кісялеўскі, Міхаіл Марозаў, Фёдар Балыкін, Станіслаў Капачэль.

Сасноўскі Р. Ю.: «Нямецкі інжынер на аэрадроме выходзіў у Ёдкі да насельніцтва і добра з імі абыходзіўся. Вёў гешэфт. Цыгарэты мяняў. Ён быў інжынерам, будаваў аэрадромы па ўсёй Еўропе. Яго падсачылі Кісялеўскі з хлопцамі, застукалі, узялі, ён не супраціўляўся. Узялі яго ў нейкай хаце, ён пажылы, з сабакам. «Калі мяне хочаце расстраляць, то першую расстраляйце сабаку. Яна пойдзе і прывядзе людзей». Ён яе абняў. Прывезлі ў Дакудава на хутар. Зрабілі допыт. Добра гаварыў па-французску, па-італьянску. Вучыўся ў Парыжы, скончыў Сарбону. Лекар зубны, дантыст. Яго разам з сабакам павезлі ў пушчу і адправілі ў Маскву на самалёце».

З данясення маёру дзяржаўнай бяспекі ад упаўнаважанага Р. Ю. Сасноўскага. «8 снежня ў атрад «Іскра» прыбыла група (50 чал.) ваеннапалонных, якія працавалі ў Лідскім вайсковым шпіталі. Некаторыя з членаў групы асабліва старэйшы Марціросаў і Раманаў шукалі сувязі з партызанамі. Зусім выпадкова адзін рамізнік пазнаёміў іх з нашымі працаўнікамі Сяргеем (Негрэй) і Сашам. Пачалася падрыхтоўка да пераходу ўсёй групай у партызанскі атрад, але да гэтага некаторыя члены групы забяспечвалі наш атрад медыкаментамі, бінтам і інш. Калі план быў гатовы, старэйшы групы адправіў некалькіх працоўных да нямецкага афіцэра сказаць яму, што ў інтэрнаце з’явіліся вошы. Афіцэр неадкладна даў загад адправіць усіх рускіх у лазню разам з пасцельнай бялізнай. Ніводзін з рабочых не меў зброі, але пры шпіталі быў маленькі склад зброі. Увечары 7 снежня ўсе з’яжджаюць у лазню, 4 чалавекі застаюцца ў склада, а электраманцёр Раманаў выключае святло. Пакуль устанавілі святло, машына са зброяй была каля гарадской лазні. Афіцэр, які суправаджаў групу, быў тут жа забіты. А гурт, забраўшы ўсе рэчы, на дзвюх машынах выехаў з горада. Каля ракі Жыжма машыны былі знішчаны. Акрамя таго, тая ж група, якая адкрыла склад з вінтоўкамі, значна пашкодзіла астатнія машыны, якія засталіся ў гаражы, чым зрабіла немагчымым пераслед.

9.12.1943

Упаўнаважаны Р.Ю. Сасноўскі».

Роберт Юр’евіч прымаў актыўны ўдзел ва ўсіх аперацыях, якія праводзіліся партызанскім атрадам супраць захапнікаў.

У сшытку ўліку дыверсійна-падрыўной рабты атрада «Іскра» аб аперацыі «лазневы дзень» напісана: «Зроблена засада ў складзе брыгады на паліцэйскі пастарунак Гуты. У выніку бою забіта 8 гітлераўцаў, 20 паліцыянтаў, узята ў палон 4 паліцыянты. Спалены 2 легкавыя аўтамашыны. З боку партызан паранены Буланаў, Яромін і Крэсько. Узяты трафеі: 6 вінтовак, кулямёт, пісталет, розных патронаў 211, граната. Пад камандаваннем Коннава ўдзельнічала 60 чалавек. Вызначыліся Васільеў М., Сасноўскі Р., Сляляткоў П., Кучкін, Багмут, Кіеня, Малецін, Кудзінаў, Чыркоў, Фёдараў, Алейнік, Сапешка».

Пасля заканчэння вайны Роберт Сасноўскі застаўся жыць у Лідзе. Пасля вызвалення загадчык гарплана Лідскага гарвыканкама з 15.08.1944, член прэзідыўма гарвыканкама. Ажаніўся, стварыў сям’ю, доўгі час працаваў у «Гроднажылпраекце», удзельнічаў у распрацоўцы праекта басейна «Дэльфін». Распрацаваў праект  помніка ў 1966 г. на месцы расстрэлу падпольшчыкаў і мірных жыхароў 3 ліпеня 1944 г.

Па аповедах людзей, якія ведалі яго, Роберт Юр’евіч быў чалавекам сціплым і добрым, з выдатным пачуццём гумару. Пасля сябе ён пакінуў добрую памяць.

Робертам Сасноўскім сёння ганарацца праўнукі, жыхары Ліды. Яны ўдзельнічаюць у канферэнцыях, даследчых працах, распавядаючы пра свайго прадзядулю.