/ Навіны / Саламяная пасцель

Саламяная пасцель

У слоўніку беларускіх народных параўнанняў ёсць такая прымаўка: “Без жонкі, як сяннік без саломкі”. Так-так, цяжка ў жыцці без жонкі, але ж і без сенніка – ні туды ні сюды. Сяннік, сяльнік, сельнік, сянянка, сяднянка, сенік, саламянік. Карысны быў прадмет у сялянскай хаце, хоць служыў адзін каляндарны год, а то і менш, калі мянялі да свята. Месца яго прапіскі: палаці, лавы, печ, а пазней – ложак. Час нараджэння – восень. Праўда, былі спробы даць яму жыццё летам, але не прыжылося. Дык што ж такое сяннік? А гэта не што іншае, як самаробны матрас!

На чым толькі не спалі нашы продкі ў старажытныя часы: на шкурах жывёл, на кучы лісця, моху… Але найбольш даступным было свежавысушанае сена, якое прывабліва шапацела, мела чароўны пах і незвычайную мяккасць. Вялікі мяшок са зрэбнай даматканай льняной тканіны набівалі сенам, канец прашывалі ніткамі ўручную – і вось гатовы сяннік! Адна бяда – сена хутка збівалася ў камы, пераціралася ў труху і было прытулкам для насякомых і нават мышэй. Слаба дапамагалі закладзеныя ўнутр палын, светаяннік, піжма. А пачынаеш узбіваць – пылу поўная хата! Не дзіва, што шукалі замену. Напрыклад, сушылі аер. Ён таксама меў прыемны пах, забяспечваў неблагі сон. Нязручнасць была ў тым, што патрэбна было сшыць адразу два сеннікі – адзін для дробнага лісця, а другі (на ніз) – для вялікага, больш жорсткага, каб не спаць, як у яме. Дадам, што на Лідчыне аерам усцілалі падлогу і нават клалі на хлебную лапату пры выпечцы хлеба.

Самым жа лепшым вынаходніцтвам стаў сяннік з саломы.

Найчасцей карысталіся жытнёвай, рэдка – пшанічнай, аўсянай. Каб вострыя сцябліны саломы не пратыкалі тканіну ды не калоліся ў бакі, часам націралі сяннік воскам або шаравалі мылам. На Лідчыне ж маглі падаслаць пад спіну аўчыну, старую льняную посцілку.

Да саломы дадавалі гаючыя і пахучыя травы: чабор, рамонак, дзевясіл ці інш. Трэба сказаць, што такая раскошная пасцель доўгі час служыла і для бедных, і для багатых.

Напханыя свежай саломай сеннікі выглядалі, як булкі на дрожджах! А для дзятвы – забава! Бацькі дазвалялі пагойсаць (паскакаць) на іх, каб сяннік крыху аблежаўся, каб ноччу не скаціцца на падлогу.

Да абнаўлення саламяных пасцеляў прыступалі, калі заканчвалася малацьба, а на току грувасціліся горы сухой саломы. Прымяркоўвалі гэту працу і да 13 кастрычніка. Праваслаўная царква ў гэты дзень шануе памяць святапакутніка Грыгорыя. А вось у старадаўнія часы ў народзе яго называлі Рыгор Саламяны, бо ў гэты дзень (напярэдадні Пакроваў!) выносілі з хаты старыя сеннікі і вытрасалі з іх салому. Па гэтай саломе меркавалі пра здароўе гаспадароў хаты. Баяліся ўбачыць гніль – да хваробы. Падазроную салому абавязкова спальвалі. Калі нічога не заўважалі, маглі аднесці ў хлеў на падсцілку жывёле. Бывала, што “добрай” старой саломай запальвалі ў печы. Сяннік абавязкова выбівалі, прасушвалі на сонцы, радзей мылі.

Быў сяннік і надзейнай схованкай. Чаго пад ім толькі не было! Маглі ляжаць старыя латы, нагавіцы, запасныя анучы, старая папруга, мянташка (каб не згубілася!) і нават грошы ў насовачцы. Клалі і абярэгі. Па ўспамінах сябра нашай атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні, бабуля рабіла з лучынкаў крыжык, замацаваўшы перакладзінкі чырвонымі ніткамі, і клала пад сяннік – для добрага сну і моцнага здароўя.

Праіснаваў сяннік аж да п. XX стагоддзя, і самым распаўсюджаным напаўняльнікам для гэтай спальнай прылады была салома.

Куратар праекта “Слоўка за слоўкам” навуковы супрацоўнік І. Клімовіч

Дадаткова выкарыстаны інтэрнэтрэсурсы:

https://slounik.org/paraunanni/l19_32

https://minsknews.by/den-mihaila-solomennogo-otmechayut-13-oktyabrya-chto-predprinyat-chtoby-zashhititsya-ot-sglaza-i-porchi/

Чытаем разам:

С. Давідовіч “Сяннік”. https://knihi.com/Siarhiej_Davidovic/Siannik.html