/ Навіны / Рэзгіны і насілы

Рэзгіны і насілы

Накарміць жывёлу – адна з самых адказных работ у гаспадарцы. За вясенне-летні перыяд назапашвалі сена, салому, з чаго зімой, у тым ліку, зрыхтуюць сечку (дробна парэзаную ў сячкарні салому), трасянку (сена, перамешанае з мяккай травяністай саломай). Насілі сена і салому жывёле ахапкай (бярэмем). Але гэта не зручна – шмат не возьмеш, ды яшчэ і растрасеш. У такім выпадку карысталіся старой посцілкай (дзяругай). Да “рагоў” посцілкі прывязвалі матузы, сціскалі паклажу, завязвалі на вузел і закідвалі на плечы. “І дзяружка – служка, калі гаспадыня не спіць”, – казалі пра ўвішных гаспадароў. Насілі (ды і сёння носяць!) посцілкай і свежа скошаную траву, і бацвінне, і лісце восенню, і смецце.

А вось нарэзаную сечку насыпалі ў вялізныя кашы.

У многіх вёсках, каб разносіць жывёле сена, салому, трасянку, быў іншы прадмет – рэзгіны. Гэтым прыстасаваннем выносілі таксама сена з лугоў, куды нельга было заехаць возам.

Аснову рэзгінаў складалі два лукі, выгнутыя дугой з ляшчыны. З тонкіх вяровак спляталі сетку з вялікімі квадратамі і замацоўвалі на лукі. Іх знешні выгляд адлюстраваўся ў загадцы: “Маюць абручы і сетку, а не ловяць рыбы ўлетку”. У цэльным вырабе палоўкі добра згіналіся і разгіналіся. Адсюль, верагодна, і назва – рэзгіны. Рэзгіны раскладвалі на зямлі, на сетку грувасцілі салому ці сена, лукі сцягвалі вяроўкай і закідвалі паклажу на плечы. “Хто ў сенакос рыбачыць, той зімой з рэзгінамі жабрачыць” (прыказка). І праўда, каб такую паклажу насіць, трэба было добра папрацаваць усёй сям’ёй і ў час сенакосу, і ў час жніва.

Ад старэйшых вясковых людзей і сёння можна пачуць, як кажуць пра надакучлівых людзей ці тых, хто добра “насвяткаваўся”: “Хоць ты ў рэзгінах вынось!” А пра рэдкую, нетрывалую тканіну ў в. Цыбары Лідскага раёна казалі так: “От – рэзгіны нейкія!”. Разам з тым, многія пра такі выраб і яго назву чуюць упершыню. Гэтак жа, як і ўпершыню чуюць пра насілы.

Каб узяць адразу цэлую капу (копку) сена, карысталіся насіламі – дзвюма доўгімі жэрдкамі. Прынцып выкарыстання просты: насілы падсоўвалі пад ніз капы і падымалі. За некалькі разоў, дзякуючы насілам, можна было злажыць цэлы воз (в.Дзітрыкі, в. Мыто Лідскага раёна і інш.).

Дзікевіч Мікола. Дзітрыкі. Згукі заснуўшай цывілізацыі

Нашы продкі ў сваіх гаворках выкарыстоўвалі жывапісныя словы, унутраны змест якіх дазваляе яскрава ўявіць не толькі сам прадмет, але і тое, як жыў чалавек, як працаваў, як здабываў свой хлеб надзённы.

Куратар праекта “Слоўка за слоўкам” – навуковы супрацоўнік І. Клімовіч.

Выкарыстаныя крыніцы:

Маляўка М. Сядзіба, або Хата з матчынай душою: Абразкі, вершы: Для дзяцеймалод. І сярэд. Узросту / Мікола Маляўка; Маст. Я. А. Ларчанка. – Мн.: Юнацтва, 2002. – с. 125 – 127.
Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. (Беларус. Сав. Энцыкл.: Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. Рэд.) і інш.. – Мн.: БелСЭ, 1989. – с.439.
Дзікевіч Мікола. Дзітрыкі. Згукі заснуўшай цывілізацыі. – М: Выдавецкі дом ТАА “Рытм”, 2010. – с. 28.