Бульвар князя Гедыміна стаў прывабным месцам для жыхароў і гасцей горада Ліды. Кожны мінак, ідучы праз алею, заўважыў незвычайнага выгляду лаўкі.
У рамках падрыхтоўкі да святкавання Дня беларускага пісьменства Лідскі райвыканкам даў старт агляду-конкурсу на лепшую АРТ-лаўку. Да конкурсу далучыліся мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі.
Сярод іх знайшла месца арт-лаўка ад ДУ “Лідскі гісторыка-мастацкі музей”. Чым музейная лаўка вылучаецца сярод іншых?
Крэатыўны падыход раскрыў кніжную тэматыку: на спінцы лавы адлюстраваны скруткі з пергаменту з пяром, чарніліца і кнігі побач. І ўсё гэта размяшчаецца на металічнай канструкцыі. З аднаго боку – металічная сметніца ў выглядзе чарніліцы, з другога на падлакотніку – кніга. На яе вокладцы змешчана імя аўтара “Валянцін Таўлай”, назва “Выбранае”, арганізацыя – “Дзяржаўнае выдавецтва БССР”, горад “Мінск” і дата “1947”.
Так, менавіта зборнік пад назвай “Выбранае”. Гэта першая кніга Валянціна Таўлая. Але ж патрымаць яе ў руках паэту не ўдалося. Яна выйшла пасля яго смерці. Паэта не стала 27 красавіка, а кніга вышла напрыканцы 1947 года.
Назву кнізе Валянцін Таўлай хацеў даць іншую і, магчыма, да чытача яна дайшла б пад псеўданімам Паўлюк Сірата. Задума выдаць свае творы пад адной вокладкай прыйшла да паэта, калі ён пражываў у Лідзе з кастрычніка 1939 года па чэрвень 1941 год. Гэта тыя творы, якія былі напісаны ў шляхах і астрогах. Паэт ноччу прачынаўся і запісваў радкі, якія па-новаму ў яго нараджаліся, бо шмат з іх заставаліся толькі ў памяці, запісаныя ў астрожны перыяд – у Слоніме, Лукішках, Гродне. Гэты працэс паэт называў “вытрасаннем з галавы”. Дык якая першапачатковая назва зборніка Валянціна Таўлая? Яна ляжыць на паверхні – “Шляхі і краты”.
Яшчэ падчас прыезду ў Ліду, 16-17 верасня 1946 года разам з пісьменнікамі Пятром Глебкам, Уладзімірам Агіевічам і Уладзіславай Луцэвіч (жонкай Янкі Купалы) на адкрыццё гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы, жыхары горада спыталі ў паэта: “Калі мы пабачым вашу кнігу?” Ён адказаў проста: “Хутка!”. Паводле звестак ад В. Таўлая, зборнік быў здадзены ў Дзяржвыдавецтва БССР у сакавіку 1946 года. Аднак, на 33 годзе жыцця, аўтара кнігі “Шляхі і краты” не стала.
Па вуліцы Замкавая, 7 працуе літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея – Дом Валянціна Таўлая. Гэта той дом, у якім жыў да Вялікай Айчыннай вайны Валянцін Таўлай. Пераступаючы парог будынка, наведвальнік акунаецца ў мінулае жыццё і творчую дзейнасць яго гаспадара на экспазіцыі “Пераступіўшы парог”. Своеасаблівая назва ўзята з аднаіменнага газетнага матэрыяла паэта, змешчанага ў 1946 годзе ў газеце “Літаратура і мастацтва”. У ім жа паэт і дзеліцца гісторыяй напісання сваіх вершаў, паэмаў, раскрывае свае будучыя планы перад чытачом. На экспазіцыі можна пабачыць эскіз вокладкі да кнігі “Шляхі і краты” і саму кнігу “Выбранае”.
Падрыхтаваў навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун