Доўгімі зімовымі вечарамі, сабраўшыся на попрадкі, вясковыя жанчыны, дзяўчаты не толькі пралі, вышывалі, але і плялі карункі, якія нават у той жа вечар можна было прадэманстраваць ў завершаным выглядзе.
У канцы ХІХ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі ніткі для пляцення карункаў выкарыстоўвалі льняныя суровыя ці адбеленыя, зрэдку – з воўны. Стваралі вырабы з дапамогай драўлянага, пазней жалезнага кручка. Некаторыя ўмеліцы прыстасоўваліся вязаць на прутках (спіцах).
Карункавы выраб з разнастайнымі ўзорамі быў удалым дапаўненнем да адзення, бялізны, ручнікоў, падзораў, навалачак, абрусаў, фіранак, чапцоў, фартушкоў. Як самастойныя вырабы ствараліся сурвэткі рознай формы і памераў, каўнерыкі і інш.
У якасці аздаблення хатняй прасторы, карункі гарманічна глядзеліся з тканымі посцілкамі і дыванамі, драўлянымі ложкамі, старадаўнімі куфрамі.
Наяўнасць зубчыкаў трохвугольнай ці акруглай формы з узорам у сярэдзіне – асаблівасць карункавай аздобы, якая характэрна і для майстрых з Лідчыны. Вельмі часта ручніковыя карункі ў Лідскім раёне апляталіся чырвонай ніткаю. Як і ў цэлым на Гродзеншчыне, лідскія ўмеліцы вылучаліся ўдалым спалучэннем разнастайнай шчыльнасці пляцення нітак.
На Лідчыне мелі распаўсюджанне i дэкаратыўныя сеткі-абрусы, створаныя на раме. Сетку выраблялі з суровых ільняных ці пафарбаваных у адвары алешыны ці дубовай кары нітак, а дэкор – з адбеленых ільняных нітак. Лакальныя назвы: сурвэта, сетка, дыванок, празрысты абрус, празрысты дыван. Імі таксама ўпрыгожвалі драўляныя сцены вясковай хаты, пакрывалі куфры ці скрыні, ложак, канапу.
Часам таленавітыя майстрыхі празрыстае пляценне спалучалі з ткацтвам. Часцей такія рэчы рабілі ў Лідскім і Мастоўскім раёнах, зрэдку – у вёсках Шчучынскага і Дзятлаўскага.
З узнікненнем баваўнянай і шаўковай пражы пачалі ствараць карункі з бялюткіх тонкіх нітак, купленых у краме, а таксама з каляровых (бела-чырвоных, бела-чырвона-чорных). У пачатку ХХ ст. з’явяцца машынныя вырабы. У сярэдзіне ХХ ст. набудуць папулярнасць сплеценыя з карункаў аб’ёмныя вырабы: кошыкі, выявы птушак, вазы і інш.
Фотаздымкі вырабаў з фондаў музея.
Куратар праекта “Слоўка за слоўкам” навуковы супрацоўнік І. Клімовіч.