Пралыгін Іван Аляксандравіч (22.09.1917 – 20.01.1976), камандзір партызанскага атрада “Балтыец” брыгады імя С. М. Кірава Лідскага партызанскага злучэння.
Нарадзіўся 22 верасня 1917 г. на Магілёўшчыне ў в. Склімін Клімавіцкага раёна. Вучыўся спачку ў Склімінскай пачатковай школе, затым у Мілаславіцкай сямігадовай школе калгаснай моладзі, якую скончыў у 1931 г. З 1933 г. па 1934 г. праходзіў вучобу ў Магілёўскім будаўнічым вучылішчы, атрымаў спецыяльнасць цясляр-сталяр. Працаваў па спецыяльнасці ў Магілёўскім упраўленні ваенна-будаўнічых работ (1934-1935), адначасова вучыўся ў Магілёўскім педагагічным рабфаку. Інспектар палітпрасвету Азарыцкага раёна (1936-1937). Студэнт Гомельскага рачнога тэхнікума (1937-1939), вучобу сумяшчаў з працай настаўнікам вячэрняй школы клінкернага завода. З кастрычніка 1939 г. служыў у докавай камандзе пры Кранштацкім марскім заводзе.
Са жніўня 1941 г. удзельнічаў у абароне Ленінграда, камандаваў кулямётным узводам у Гатчынскай дывізіі. У верасні 1941 г. захоплены ў палон. Вязень лагера Штоліндорф ва Усходняй Прусіі (верасень1941 – чэрвень 1942). У чэрвені 1942 г. уцёк з лагера. У Лідскім раёне ўступіў у партызанскі атрад імя Варашылава. З мая 1943 г. Іван Пралыгін – камандзір партызанскага атрада “Балтыец” Кіраўскай брыгады. Месца базіравання атрада – раён в. Альхоўка (цяпер Навагрудскі раён). Партызаны пад яго кіраўніцтвам праводзілі дыверсіі на чыгунцы, узрывалі чыгуначныя і шашэйныя масты, знішчалі тэлефонна-тэлеграфную сувязь. 19 верасня 1943 г. атрад у складзе брыгады (і ўсяго злучэння Лідскай зоны) удзельнічаў у “рэйкавай вайне” пад кодавай назвай “Канцэрт”. Партызаны актыўна праводзілі прапагандыстскую работу сярод нацыяналістычных фарміраванняў, накіроўваючы лісты агітацыйнага характару, лістоўкі, у выніку на бок партызан перайшло каля 40 чалавек. Работа па разлажэнні пліцэйскіх гарнізонаў вялася ў Лідзе, Навагрудку, Вераскаве. З успамінаў Івана Аляксандравіча: “…У жніўні 1943 г. была падрыхтавана і праведзена яшчэ адна незвычайная аперацыя. Невялікай групай партызан у складзе – Муратаў П., Казлоў А. і Гурчын – было затрымана 14 платоў, якія ішлі па рацэ Нёман з мястэчка Любча на лесазавод у Сялец на вытворчасць фанеры. Платы былі знішчаны, дрэва раздалі мясцовым жыхарам, у выніку спынілася забеспячэнне фанернага завода лесам і далейшы сплаў яго па рацэ Нёман…”. І гэта не адзіны прыклад. Партызаны мужна змагаліся з ворагам, набліжаючы перамогу.
Апошнім боем атрада “Балтыец”, які злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі 8 ліпеня 1944 г., быў бой за г. Ліду.
Іван Аляксандравіч узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі.
Пасля вайны на савецкай і партыйнай рабоце: намеснік старшыні гарвыканкама (ліпень – снежань 1944), начальнік будучастка (снежань 1944 – люты 1947), старшыня арцелі “9 студзеня” (1947-1949). У 1949 г. з’ехаў у Горлаўку, у трэсце “Гарлоўскхімбуд” працаваў на розных інжынерных пасадах, сакратаром партыйнага камітэта (1963-1969), старшынёй аб’яднанага пабудкама. Узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”. Ганаровы грамадзянін г. Ліды (1965). Адна з вуліц горада ў мікрараёне Індустрыяльны носіць яго імя. Памёр у 1976 г.
Іван Пралыгін падтрымліваў сувязь з Лідай, любіў прыязджаць сюды ў дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, перапісваўся з былымі партызанамі, падтрымліваў сувязі з Лідскім краязнаўчым музеем. У фондах установы захоўваюцца дакументы, перапіска, успаміны Івана Аляксандравіча.
Іван Аляксандравіч марыў напісаць кнігу пра баявы шлях партызанскага атрада “Балтыец”, але не паспеў, здароўе дазволіла яму апісаць толькі некаторыя эпізоды. Яго справу працягнуў камісар атрада І. К. Пянькоўскі, які ў сціслай форме выклаў свае ўспаміны і незадоўга да смерці перадаў іх былому сувязному-разведчыку атрада “Балтыец” І. І. Гарбачэўскаму, каб ён дапрацаваў матэрыял і апублікаваў яго. Дзякуючы Іллі Іванавічу, кніга пад назвай “Отряд назывался «Балтиец»” выйшла ў свет. Мара Івана Пралыгіна збылася.