З успамінаў Судніка Станіслава Вацлававіча, 1954 г. н.
У 1992 г. я прыехаў на службу ў лідскую брыгаду ў мастоўскі дывізіён. Паколькі ваенная частка знаходзілася ў Паўночным гарадку, то да 1994 г. у горад Ліду перыядычна наведваўся. У 1994 г. выйшаў на пенсію, атрымаў кватэру ў Лідзе па вул. Зарэчнай. У 1997 г. быў заснаваны часопіс “Лідскі летапісец” і я “забраў” газету “Наша слова”. Газета “Наша слова” выходзіла ў Лідзе 24 гады, а часопіс “Лідскі летапісец” – на сёняшні дзень выйшаў 103 нумар.
Знак шляхецтва – беларуская мова
– Хто прывіў вам зацікаўленасць да беларускай мовы, гісторыі і культуры?
– З гэтым трэба нарадзіцца…
Няма розніцы, якой ты нацыянальнасці ці рэлігіі. Але ёсць цвёрдае правіла прытрымлівацца традыцыі, старыны.
Калі дзяды гаварылі на беларускай мове, то павінны і ўнукі так гаварыць. Першы верш, які я вывучыў са слоў сваёй бабулі (1893 г.н.) аўтарства Ф. Багушэвіча. Дарэчы, бабуля чытаць не ўмела, ведала толькі тры літары. За 20 год польскай улады ніхто са шляхты Нясвіжскага раёна па-польску не загаварыў… Для нясвіжскай шляхты аўтарытэту не існавала, акрамя князя Радзівіла.
Першае спатканне з Лідскім замкам
Як прыехаў я ў Ліду служыць, ніхто мне пра Лідскі замак шмат не гаварыў.
Мне вельмі не падабалася, калі называлі замак крэпасцю, бо гэта не беларускае слова. А словы “фартэцыя” ці “цвердзь” тады яшчэ не ўжывалі. Слова “замак” не рэжа вуха беларусу і зразумела рускаму чалавеку.
Спачатку Лідскі замак мне не вельмі спадабаўся па той прычыне, што да гэтага ў мяне былі арыенцірамі Нясвіжскі і Мірскі замкі. Лідскі замак падаваўся занадта простым. Калі пачалі займацца часопісам “Лідскі летапісец”, пачалі займацца і гісторыяй замка. Пачалі адшукваць матэрыялы, здымкі, успаміны.
Думкі пра рэстаўрацыю
Думка аб неабходнасці аднаўлення замка вісела ў паветры гадоў дзвесце. Да канца савецкага перыяду пяць разоў прымалася рашэнне аб яго зносе. Але заўсёды знаходзіліся людзі, якія гэту справу тармазілі.
Кабяк С. Ц. (1957-1958 гг. – першы сакратар Лідскага гаркама ЛКСМБ, 1968-1972 гг. – першы сакратар Лідскага гаркама КПБ) распарадзіўся знесці замак. Першы раз разабраць замак спрабавалі, калі ў горадзе будавалі Дом афіцэраў (1958 г.). Разабраць аказалася вельмі складана. Узарваць замак не адважваліся. Пры Кабяку была другая спроба разабраць замак, калі пабудавалі гасцініцу “Ліда” (1973г.) і будтрэстаўскі інтэрнат (др. пал. 1960-х гг.).
З прыходам да ўлады Логаша У. У. (1969 – 1980 гг. – старшыня Лідскага гарвыканкама) сітуацыя мяняецца на супрацьлеглую. Яшчэ будучы маладым інжынерам, правёў абследаванне старога драўлянага слабадскога касцёла (Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, 1933 г.) і даў заключэнне: “Касцёл цвёрда трымаецца, ніякага аварыйнага стану няма”. Уладзімір Уладзіміравіч быў выдатным спецыялістам, і адсюль справядлівы кар’ерны рост. Замак яму таксама муляў вока, але і тут ён рухаўся ў супрацьлеглым напрамку і думаў пра аднаўленне замка. У Логаша У. У. быў брат ляснічым у Навагрудку. На в. Свіцязь для наменклатуры быў арганізаваны пікнік. І туды прыехала Царук Іраіда (Ада) Восіпаўна – сястра Прытыцкага С. В., дэкан гістарычнага факультэта БДУ. Там яны дамовіліся стварыць будатрад на раскопкі Лідскага замка.
Ужо ў час раскопак стала пытанне пра рэстаўрацыю замка. На рэстаўрацыю паўночна-ўсходняй вежы была завезена крамлёўская цэгла з Масквы, і праца па яе рэстаўрацыі была амаль выканана. Але пачаўся час “перабудовы”, і тады ўсё ляснула. У канцы 1980-х гг. паспелі ўзняць вежу і часткова сцены, а ў 1990-я гг. праца спынілася. Нешта спрабавалі рабіць, але…
Паўднёва-ўсходні вугал замка выкананы з няякаснай цэглы. Заходнюю сцяну так адрэстаўрыравалі, што яна неаднаразова абвальвалася. Галоўны архітэктар горада Ліды Вацлаў Матэйка папярэджваў, што хутка сцяна абрынецца, яшчэ пару раз адліга і мароз, і ўсё рухне. Я напісаў пра гэта ў газеце “Наша слова”. І… цераз два дні сцяна рухнула пад раніцу. Але, калі я да 10 гадзін на гэта прыехаў паглядзець, то ўжо стаяў свежапамалёваны плот, усё агароджана як аварыйнае.
Магчыма, гэта сцяна так часта падае таму, што заходняя сцяна стаіць на гліне, а ўсе астатнія – на пясчанай падушцы. Гліна трымае вільгаць, на захад ад замка заўсёды было балота.
Зрабіць цяпер
У 2004 г. горад аб’яднаўся з раёнам, да ўлады прыйшоў Худык Андрэй Паўлавіч (2004 – 2011гг. – старшыня Лідскага райвыканкама. У яго была вялікая зацікаўленасць да гісторыі. У 2005 г. адбыўся круглы стол, на якім прымалі ўдзел я (Суднік Станіслаў), Колышка Аляксандр з аднаго боку і Сліўкін Валеры, Мельнік Міхась, Хацяновіч Наталля з другога боку. Тады было пастаўлена пытанне пра адраджэнне Лідскага замка, узвядзенне помніка Гедыміну, стварэнне літаратурнага музея ў доме Таўлая, перайменаванне вуліц цэнтру горада і інш. Пытанне пра турнір не стаяла на круглым стале. Але, калі паседжанне круглага стала завяршылася, Худык задаў пытанне: “А што мы можам зрабіць цяпер” (маецца на ўвазе мерапрыемствы на тэрыторыі замка).
Турнір не быў для нас навіною. Падобныя праходзілі ўжо ў Міры і Нясвіжы. І першае, што мне прышло на розум: “Ну, давайце мы правядзём рыцарскі турнір”. Андрэю Паўлавічу ідэя спадабалася. Пачалі рыхтавацца, у першую чаргу вычышчаць замак.
Рыцарскі турнір прайшоў вельмі цудоўна, пра што напісала Лідская газета. Упершыню рыцарскі турнір быў праведзены на тэрыторыі гістарычнага помніка, у замку. Была вялікая конная частка праграмы, былі смажаныя парасяты. Дзякуй Богу, міма прэсы прайшло здарэнне, калі конь злёгку зачапіў гледача. Усе вельмі дрыжалі за гэты турнір, перажывалі, каб толькі ўсё прайшло паспяхова. Любая няўдача магла перакрэсліць наступныя планы. А калі ўсё пройдзе без эксцэсаў, то – “зялёны свет” новым ініцыятывам. Пасля было вырашана зрабіць рыцарскі турнір у Лідскім замку традыцыйным.
Турнір 2005 г. меў выключнае значэнне, бо было пастаўлена пытанне аб неабходнасці далейшай рэканструкцыі і рэстаўрацыі замка. Экскурсій значных яшчэ не было, але пачалі абжываць вежу Вітаўта.
Далей адбудоўваем замак
Стала пытанне, за якія грошы далей праводзіць рэстаўрацыйныя работы. Дасягнулі пагаднення, што ўлады па сваёй лініі прабіваюць Дажынкі ў наш горад. Калі замак стаў даступным для людзей, з’явіліся ахвотнікі дапамагчы (Скрабец, Пятаеў). Нават узнікла ідэя прыватызаваць замак. Для гэтага была арганізавана экскурсія ў Любчу, дзе Пячынскі І. адбудоўвае прыватным чынам Любчанскі замак. Працы не закончаны па сёняшні дзень. Я быў катэгарычна супраць ідэі прыватызацыі Лідскага замка, зыходзячы з таго, што замак ніколі не быў у прыватнай уласнасці і традыцыю неабходна захаваць.
На Дажынкі рэстаўрацыя замка – асноўны пункт. Ігар Мяфодзьевіч Чарняўскі (“З 2008 г. начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь) узяў працэс пад свой кантроль. Ругаўся за цэглу, якую выкарыстоўвалі пры рэканструкцыі заходняй сцяны. Але сцены ніхто разбіраць не стаў. Цэглу, з якой збудавалі верх паўночна-заходняга вугала, памалявалі. Затым была прывезена патрэбная цэгла.
Дажынкі прайшлі, але рэстаўрацыя не закончылася. Працягвалася забудова тэрыторыі замкавага двара. Нулявы цыкл (каналізацыйная сістэма) быў яшчэ зроблены пры Худыку. Грамадскасць не была згодна з усімі планамі забудовы замкавага двара: грамадскія туалеты, машчэнне замкавага двара тратуарнай пліткай, двухпавярховы будынак сучаснай адміністрацыі. Такая цесная забудова тэрыторыі замкавага двара ў далейшым перашкаджала б правядзенню ў замку рыцарскіх турніраў. Худык А. П. таксама падтрымаў мясцовых незадаволеных мінскпраектам. Зноў прыехаў да нас І. М. Чарняўскі, з якім дабіліся паразумення (не сталі будаваць двухпавярховы будынак на замкавым двары). Далей Худык А. П. ідзе на павышэнне (у 2011 г. быў прызначаны намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Пазней, у 2013 г. атрымаў павышэнне, і стаў старшынёй Гродзенскага гарвыканкама) і праз дзень увесь праект па рэстаўрацыі і рэканструкцыі замка быў перагледжаны.
Летась я напісаў пісьмо ў выканкам, каб Логашу У. У., які стаяў на пачатку рэстаўрацыі, далі б званне ганаровага грамадзяніна і назвалі б яго імем адну з вуліц горада.
Пра легенды
Калі ніхто нічога не знайшоў у пацверджанне наяўнасці падземных хадоў у Лідскім замку, то гэта не значыць, што іх там няма. Факт, што рэальнага падземнага ходу ніхто не бачыў. Вялікія падземныя лёхі ёсць недалёка ад замка, дзе сёння музыкальны каледж. Раней тут быў пабудаваны кляштар кармелітаў. Ёсць верагоднасць, што калісьці быў ход ад кляштара да замка.
Запісана са слоў Судніка С. В. 16.02.2024 г.