З упамітнаў Базанава Станіслава Станіслававіча
Сярод гасцей, што наведалі Лідскі замак цёплым восеньскім днём у суботу, быў Станіслаў Базанаў, які згадзіўся падзяліцца ведамі і ўспамінамі пра Лідскі замак.
Пачатак новага этапу рэстаўрацыі Лідскага замка датуецца 2006 г., калі КУП “Мінскпраект” прыступіла да праектных работ. Навуковым кіраўніком на новым этапе праектавання выступіла Баранец Н. М. У распрацоўцы праекта прыняў ўдзел Базанаў С. С.
Вялізны, як крэмль
Першы раз, калі я прыехаў у Ліду, то замак мне здаваўся такім вялізным, як крэмль. Я хадзіў з адкрытым ротам, азіраючы старыя сцены Лідскага замка. Калі ж я стаў сюды наведвацца ўсё часцей і часцей, то і замак у маіх вачах стаў памяншацца.
Прыехалі мы знаёміцца з Лідскім замкам зімой 2006 г. На пачатак маёй тут працы значная частка работы па рэстаўрацыі і рэканструкцыі замка была ўжо выканана ў папярэднія гады. Была адбудавана паўночна-ўсходняя вежа, захаваліся да другога яруса спробы рэстаўрацыі паўднёва-заходняй вежы і абрушаная частка заходняй сцяны, драўляныя канструкцыі на сценах, адназначна, неабходна было знімаць. Проста злачынствам можна назваць той факт, што ў цэнтры горада стаіць закінуты і зноў забыты замак. Нічога да розуму не было даведзена па прычыне адсутнасці фінансавання.
На жаль, Ліда сама не пацягнула ўсю працу па аднаўленні замка, і справу перадалі ў Гродна.
Рушыць брак ніхто не будзе (праблемы і памылкі рэстаўрацыйных работ)
Не ўсё так рабілася, як было запланавана. Напрыклад, на месцы сучаснага будынка адміністрацыі павінна была быць двухпавярховая забудова з элементамі фахверка: за будынкам планавалася адкрытая тарговая галерэя. Лічу, што было б цікава.
Пасля рыцарскага турніру 2005 г., які вельмі спадабаўся мясцовым уладам, было вырашана і далей выкарыстоўваць замкавы двор для масавых мерапрыемстваў. І адны з пабудоў, якія былі неабходны для гэтага – трыбуны, а пад імі – туалеты. Абяцалі, што трыбуны будуць разборнымі, але аказалася, што яны ў 4 разы каштуюць даражэй стацыянарных. Ды і куды іх пасля разбору злажыць? Зноў жа, падобнае памяшканне адсутнічае. Прынялі рашэнне ўстанавіць стацыянарную лёгкую канструкцыю.
Сэрца скрыпіць ад старых вытворчых работ. Які камень быў, такі і закладвалі. Памылка ў тым, што вялікія камяні размяшчалі ўверсе замкавых сцен. Усё рабілася ўручную. Многа сіл неабходна, каб кожны камень падабраць і ўлажыць на сваё месца.
Паводле плана павінны былі быць стрэльчатыя аконыя аркі ў паўднёва-заходняй вежы. Але калі прыедзеш на будоўлю (Лідскі замак) – “бах”, а будаўнікі ўжо ўсё зрабілі. Схлусілі яны нам.
Асноўная праблема пры рэстаўрацыі Лідскага замка – фінансаванне, а адсюль і шэраг іншых праблем: адсутнасць добрых рабочых рук, адсутнасць якаснага рэстаўрацыйнага матэрыялу.
Мы ж хацелі нармальную рэстаўрацыйную цэглу выкарыстоўваць. Пры ўзвядзенні вежы Вітаўта выкарыстоўвалі літоўскую цэглу, а нам для вежы Гедыміна яе ўжо не далі. Віцебчане нам зрабілі “каратышы”, ды яшчэ ружовага колеру! Сапраўдная рэстаўрацыйная цэгла каштуе каля 1 еўра за 1 адзінку! А нам так хацелася займацца сапраўднай рэстаўрацыяй. Бо, што ўжо зроблена, няхай і няякасна – рушыць брак ніхто не будзе.
Інтэр’ер вежы Вітаўта выкананы як чыста музейнае памяшканне. У вежы Гедыміна стараліся прыблізіцца да гатычнага стылю, таму збудаваны стрэльчатыя аркі. І нават нягледзячы на гэта, інтэр’ер вежы Гедыміна максімальна прыцягнуты да ўмоў сучаснага бытавання. Злучыць замак Сярэднявечча і сучасныя рэаліі – задача даволі складаная. Напрыклад, арганізаваць пад’ёмнік для перамяшчэння ўнутры вежы, асабліва для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, зноў жа, вельмі затратна, з аднаго боку, і гэта зрэжа ўнутраную прастору ў вежы, якой і так абмежавана (“У плане яна ўяўляла сабой квадрат (па ўнутранаму абводу амаль 9X9 метраў)” [Трусаў А. А. Старадаўніх муроў адраджэнне: мінулае і сучаснасць Лідскага замка. – Мн.: Полымя, 1990,- С. 13]), з другога боку.
Пра ўнікальнасць Лідскага замка і яго стылізацыю
Лідскі замак быў першым замкам-кастэлем, узведзеным Гедымінам (яшчэ замкі-кастэлі пабудаваны ў Крэве і Медніках). Вежы Лідскага замка знаходзяцца ўнутры сцен, што не характэрна для абарончых збудаванняў, так як вонкавыя вежы даюць магчымасць весці фланкіруючы бой уздоўж сцен. Працуючы над Крэўскім замкам, магу дапусціць, што ў Лідскім замку драўляныя канструкцыі з машыкулямі выносіліся за перыметр сцен, што дазваляла страляць у ворага паблізу замкавых сцен. Лічу, што канчаткова не высветлена пытанне пра асноўны ўваход у замак. Асноўная версія – ва ўсходняй сцяне. Але мае рацыю і версія пра вароты ў паўночнай сцяне на месцы валуна (версія Сліўкіна В. В.).
У Крэўскім замку княжацкая вежа значна захавалася. Відавочна, што ўвахода ў вежу са двара не было, а толькі з галерэі. Гэта асаблівасць абарончых збудаванняў. У Лідскім замку іншая сітуацыя. “Некалі вежа мела арачны дзвярны праём з двара (ён выкладзены са спецыяльнай фігурнай цэглы)…” [Трусаў А. А. Старадаўніх муроў адраджэнне: мінулае і сучаснасць Лідскага замка. – Мн.: Полымя, 1990,- С. 21-22].

– Чым кіраваліся пры праектаванні ўнутраных памяшканняў паўднёва-заходняй вежы?
– Усё гэта мастацкі свіст.
Тое, што мы маем на сённяшні дзень – гэта стылізацыя. І наша задача заключалася ў тым, каб зрабіць замак зручным для турыстаў, але і максімальна ўлічваць даныя археалагічных раскопак на тэрыторыі Лідскага замка. Так узніклі два калодзежы на сваім гістарычным месцы, а вось лесвіцы ўнутры двара проста прыкрываюць пустыя вуглы замка. Будынкі на тэрыторыі замкавага двара ў XIV-XV стст. былі даволі невялікімі, драўлянымі, фундамент зложаны насуха, але сучасныя забудовы неабходна было ўзводзіць такімі, каб іх можна было прыспасобіць да рэалій нашага часу. Добра, што плошча замкавага двара дазваляла значна павялічыць іх памеры ў параўнанні з Сярэднявеччам. У раёне некаторых раскопаў ўздоўж сцен былі ўзведзены крытыя навесы. Устаноўлена, што і кузніца таксама была на тэрыторыі замкавага двара (“каля паўночна-ўсходняй вежы мясцілася кузня…” [Трусаў А. А. Старадаўніх муроў адраджэнне: мінулае і сучаснасць Лідскага замка. – Мн.: Полымя, 1990,- С. 23]). На месцы сучаснага памяшкання адміністрацыі стаяў у Сярэднявеччы невялікі домік каштэляна.
Баявыя галерэі на сценах у Сярэднявеччы, хутчэй за ўсё, не былі крыты дахоўкай. У тыя часы яна вельмі дорага каштавала. Дахоўка археолагамі была знойдзена толькі ў раёне вежаў. Можна сцвярджаць, што толькі вежы Лідскага замка былі крытыя дахоўкай, а баявыя галерэі ці адкрытыя, ці накрываліся дранкай.
Байніцы паўночна-ўсходняй вежы, якая калісьці будавалася з “разлікам на вядзенне гарматнага бою” [Трусаў А. А. Старадаўніх муроў адраджэнне: мінулае і сучаснасць Лідскага замка. – Мн.: Полымя, 1990,- С. 21], сёння глядзяць унутр замкавага двара з мэтай асвятлення лесвічных праёмаў замка як турыстычнага аб’екта.
Не было ў Лідскім замку феадала, які жыў бы тут увесь час. Тут заўсёды знаходзіўся толькі невялікі ваенны гарнізон. Вялізных армій у тыя часы не было. Хадзілі нешматлікія баявыя атрады. Ды і ўтрымліваць прафесійных ваенных было справай затратнай.
Як правіла, лесвіцы ў замках Сярэднявечча будаваліся ў тоўшчы сцяны, якая выходзіць ў замкавы двор, каб не аслабіць сцяну знешнюю, якая прымае ўдар ворага. І таўшчыня замкавых сцен дазваляла лесвічныя праёмы ўстанаўліваць да 1 метра шырынёй. Сучасныя лесвіцы ў замку выкананы значна шырэй, каб зрабіць зручнымі для турыста.
Цэгла – дарагі будаўнічы матэрыял для Сярэднявечча. Таму яе выкарыстоўвалі толькі для пэўных архітэктурных элементаў. Сучасная рэканструкцыя выкарыстоўвае цэглы намнога больш, чым гэта было б у XIV- XV стст. А вось цагляная паласа па перыметры знешніх замкавых сцен у Лідзе, Крэве і Медніках – характэрная рыса замкаў-кастэляў Вялікага Княства Літоўскага.
Запісана са слоў Базанава С. С. 21.09.2024 г.