Каляды – гэта назва свята не аднаго дня. У народным календары – цэлы цыкл святаў: па новым стылі перыяд з 24 снежня па 6 студзеня, па старым – з 6 да 19 студзеня. Каталіцкія і праваслаўныя вернікі, падтрымліваючы адзін другога, святкуюць ледзь не месяц!
Свята ў гонар нараджэння Хрыста, “новага” сонца, ушанавання продкаў (зімовыя дзяды) распачыналася поснай вячэрай (без мяса і жывёльнага тлушчу). Пад белым абрусам сена, на стале запаленая свечка, у гаршку – куцця (ячменная каша з раслінным алеем ці сытой), а над сталом – саламяны павук (абярэг на шчасце). Даўняя сакральная традыцыя, але такая блізкая, добрая, цёплая і для сучасніка. Другі дзень Каляд сытны, тлусты, “каўбасны”. Асаблівую скаромную выразнасць набудзе дзень 31 снежня (13 студзеня) – свята Шчодрай куцці. Шчодры вечар, Шчодрык, Багатая куцця, Куготы, Каза – як толькі не называюць! Кульмінацыя калядных свят! Сама куцця зменіць характар – кашу прыправяць падсмажанымі шкварачкамі з цыбулькай. Каб увесь год быў багаты!
Сёння мы падзелімся з вамі рэцэптам пірага з бульбай, пра які нам паведаміла жыхарка г. Ліды Васільева Лора Аляксандраўна. Такі пірог гатавала яе матуля на свята ў перадваенны час.
Пірог з бульбай
Зрабіць дражджавую апару. Замясіць цеста, а потым раскатаць у два пласты па дыяметру бляшкі. Сырую бульбу кружочкамі (не тоўстымі!) выкласці на цеста. Зверху на бульбу пакласці цыбулю колцамі. Закрыць усё другім пластом цеста. Гусінае пёрка абмакнуць у тлушч, алей ці масла і змазаць верхні слой цеста. Як згатуецца, разрэзаць на прамавугольныя порцыі.
Паважаныя сябры! На двары 26 снежня. Дзень пакрысе пачынае прыбаўляцца – мяняецца і настрой!. Нашы продкі верылі, што ў гэты дзень асабліва лютуюць ведзьмы, таму стараліся не сварыцца і не лаяцца, каб не наклікаць бяду. Добрая парада дня, ці не так?

















