/ Навіны / Першаму вершу Валянціна Таўлая “Верабейкі” – 100 гадоў!

Першаму вершу Валянціна Таўлая “Верабейкі” – 100 гадоў!

8 лютага спаўняецца 108 гадоў з дня нараджэння заходнебеларускага паэта Валянціна Таўлая.

Ліда – горад, які ўвекавечыў гэтае імя. Адна з вуліц горада носіць імя паэта, ёсць і гарадская бібліятэка №6 імя Валянціна Таўлая па вуліцы Фурманава, 17 (філіял Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы), дзве мемарыяльныя дошкі – на будынку рэдакцыі “Лідскай газеты” па вуліцы Ленінскай, 48 і Доме паэта Лідскага гісторыка-мастацкага музея па Замкавай, 7. Акрамя гэтага, у верасні 2021 г. да Года народнага адзінства Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі была абвешчана літаратурная прэмія імя Валянціна Таўлая на лепшы патрыятычны твор.

Так склалася, што падзеі Вялікай Айчыннай вайны знішчылі аб’екты, якія мелі дачыненне да жыцця паэта ў Лідзе. Не захаваўся будынак школы каля Лідскага замка, у якой вучыўся будучы паэт, не ўцалеў будынак рэдакцыі газеты “Уперад”, у якой з 1939 па 1941 гады працаваў В. Таўлай, быў знішчаны немцамі цэлы квартал вуліцы Труханава каля вакзала, дзе жылі бацькі паэта. Але ж уцалелі турэмныя краты па вуліцы Мапроўская, 4 , у якія быў кінуты паэт з сям’ёй у верасні 1943 года. На шчасце, захаваўся і дом, у якім жыў паэт, калі працаваў у рэдакцыі газеты “Уперад”. Дом па вуліцы Замкавая, 7.

Цяпер там, з верасня 2010 года, размяшчаецца аб’ект Лідскага гісторыка-мастацкага музея – Дом Валянціна Таўлая. У яго сценах працуюць экспазіцыі на літаратурную тэму. Сярод іх – мемарыяльны пакой паэта. Дом-музей збірае матэрыял пра творцу, і сабрана яго ўжо нямала дзякуючы калегам з бібліятэчных і музейных устаноў гарадоў Баранавічы, Слоніма, Гродна, Мінска. У перспектыве чакаецца мадэрнізацыя мемарыяльнага пакоя. Для ўшанавання памяці Валянціна Таўлая распрацаваны маршрут па мясцінах і вулічках паэта “сТАЎЛенне”, інсцэніраваны аповед “У Таўлая пабываем…” і інш.

Так, нягледзячы на тое, што гады жыцця Валянціна Таўлая былі кароткія (пражыў 33 гады), але ж у гісторыі беларускай літаратуры яго след застаўся глыбокім.
Менавіта ў Лідзе, у 8-гадовым узросце хлопчык Валянцін напісаў свой першы верш на польскай мове “Верабейкі”. Было гэта ў 1922 годзе. З таго часу можна браць адлік яго творчай дзейнасці. Сёлетні 2022 год – стаў юбілейным у спадчыне паэта. Вершу “Верабейка” споўнілася 100 год!

У сувязі з гэтым у Доме Валянціна Таўлая па Замкавай, 7 8 лютага разгарнулася выстаўка “Вераб’іная прастора”, створаная ў памяць гэтага верша. У яе аснове ляжыць збор матэрыялаў, прадметаў ад жыхароў горада і арганізацый – ДУА “Лідская дзіцячая мастацкая школа мастацтваў” (дырэктар Грышкевіч Валянціна Сяргееўна), ДУА “Лідскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” (дырэктар Горгуль Васіль Канстанцінавіч), ДУДАДзіМ “Лідскі раённы цэнтр экалогіі, турызма і краязнаўства” (дырэктар Цехановіч Жанна Мікалаеўна), тактыльная жывапісная карціна мастака-манументаліста Васіля Зянько, мастацкія работы лідчанкі Ірыны Вашкевіч, траюраднай ўнучатай пляменніцы паэта Валянціна Таўлая Несцярук Анастасіі з Баранавіч і іншых мастакоў і рамеснікаў горада Ліда.

На базе выстаўкі запланавана правядзенне музейна-педагагічнага занятка “Вядзе рэй верабей”.

Дык заходзьце, завітайце і з Таўлаем пабывайце!!!

Навуковы супрацоўнік Аляксандр Хітрун