/ Навіны / «Першамайскія сцягі» Валянціна Таўлая

«Першамайскія сцягі» Валянціна Таўлая

1 мая – Свята Працы! Гэтую тэму не абыйшоў і Валянцін Таўлай у сваёй творчасці ў той час, калі працаваў у рэдакцыі лідскай газеты «Уперад».

У архіве Лідскага гісторыка-мастацкага музея захоўваецца рукапіс ліста ад былой супрацоўніцы газеты «Уперад» Ніны Тарас у адказ былому дырэктару Лідскага краязнаўчага музея Іванову. Вось вытрымка з яго: «У газеце перыядычна друкаваліся літаратурныя старонкі, у якіх прымалі ўдзел маладыя літаратары раёна і якіх вельмі беражліва стараўся выхоўваць Валянцін Таўлай. У нас быў вялікі спісак уласных селькораў, якія нам дапамагалі газетным матэрыялам. Людзі цягнуліся да газеты, стараліся дзяліцца з намі сваім новым жыццём, сваімі справамі. Друкавалі на старонках газеты і ўласныя вершы. Асабліва стараліся рабіць урачыстымі святочныя нумары. І Валянцін Таўлай вельмі радаваўся, калі нумар удаваўся, быў добра аформлены, змястоўны. У першамайскім нумары ў 1941 годзе быў змешчан у газеце адзін з самых лепшых вершаў паэта “Першамайскія сцягі”. Я добра памятаю той святочны сонечны дзень, дэманстрацыю працоўных у горадзе, якую мы назіралі з Таўлаем з балкона рэдакцыі, той радасны смех, якога паэт не ў сілах быў стрымаць ад шчасця. Побач з Таўлаевым вершам, быў змешчан у газеце і мой верш, значна слабейшы. Там былі радкі: “крокам цярэбяць шлях”. Гледзячы на дэманстрацыю, Таўлай сказаў: “Глядзі: крокам цярэбяць шлях”. Мяне гэта крыху кальнула, і я прамовіла: “Ты лепш глядзі, як твае першамайскія сцягі панеслі”. І мы доўга смяяліся. Гэта было наша першае вольнае першамайскае свята…»

Першамайскія сцягі

Прачніся досвіткам, таварыш дарагі, –
Калісьці ў ноч такую мы не спалі…
Паглянь, як нашы першамайскія сцягі
Палошча золак залацістай хваляй!
Цяпер яны, як дужыя арлы,
На ветры буйным распасцёрлі крыллі,
А некалі ж мы іх, як арлянят малых
Тулілі к сэрцу і ўзлятаць вучылі.
За пазухаю несліў тую ноч
Да абступіўшых шлях бяроз высокіх
І узнімалі ўверх на знойдзенай даўно
Вяршыні стромкай – мачце адзінокай.
Мы ведалі: варожая рука
Яго за крылле сцягне ў злосці дзікай,
Але не спыніць ўзмаху, што склікаў
З прасёлачных дарог на шлях вялікі.
І нас тапталі часта капыты –
Скажы, таварыш, хто палічыць паўшых?
А боль, павер, не меншы быў па тых
Правадырах чырванакрылых нашых.
І ў верасах датлелі дні тугі,
Мы, як зару, свабодны сцяг узнялі.
З палону выйшлі хлопцы і сцягі,
Якіх даўно вятры не цалавалі.
І сёння, бачыш, распасцёртыя плывуць –
Увесь збалелы свет яны абняць ахвочы.
Трымай жа вострым штык і ўзнятай галаву,
Калі сцягам палёту шчыра хочаш!

Ліда, 30 красавіка 1941 г.

Падрыхтаваў навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун