/ Архіў Фотасправаздачы / Перад тым як на Парнас, завітала да нас…“Мастацкая літаратура”

Перад тым як на Парнас, завітала да нас…“Мастацкая літаратура”

Літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея (дом Валянціна Таўлая) ўжо не першы год праводзіць сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі Беларусі. Менавіта для такіх мерапрыемстваў распрацаваны цыкл сустрэч “Перад тым як на Парнас, завітаў паэт да нас”. За гэты час адбыліся сустрэчы з Віктарам Праўдзіным, Навумам Гальпяровічам, Людмілай Кебіч, Браніславам Ермашкевічам, Дзмітрыем Радзівончыкам, Міхаілам Баранчыкам, Лізаветай Палеес, рэдкалегіяй часопіса “Вожык” (Ганнай Кіслушчанкай, Аляксандрам Каршакевічам), Леанідам-Дранько Майсюком, Эдуардам Акуліным, Ірынай Багдановіч, Хрысцінай Лялько, Данутай Бічэль і з іншымі. Такія мерапрыемствы праходзяць не толькі ў літаратурным аддзеле музея – у доме Таўлая, але і ў самым музеі. А на гэты раз сустрэча прайшла ўпершыню ў канферэнц-зале Лідскага замка: прынёманскі горад Ліда наведаў вядомы пісьменнік, якія таксама стварае сучасную беларускую літаратуру. Гэта паэт, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп.

Убачыць вядомага творцу прыйшлі мясцовыя лідскія літаратары, прыхільнікі мастацкага слова, настаўнікі і вучні школаў горада. Віктар Анатольевіч распавёў пра сваё дзяцінства, падзяліўся цікавымі момантамі з жыцця, узгадаў пра незабыўныя сустрэчы з класікамі беларускай літаратуры Уладзімірам Караткевічам, Васілём Быкавым, з кампазітарам Ігарам Лучанком і інш.

Для пачынаючых літаратараў даў пэўныя парады, адказаў на пытанні прысутных. І, безумоўна, зачытаў свае вершы. Жадаючыя атрымалі на памяць кнігу “Пугачоўскі цырульнік” з аўтографам аўтара. Папоўніў фонды музея таксама асобнік гэтага выдання.

Трэба нагадаць, што ў гэты дзень прайшла сустрэча з вучнямі Крупаўскай сярэдняй школы. Госць наведаў дом Валянціна Таўлая. Чатыры гады назад паважаны пісьменнік быў у Лідскім замку, аб чым узгадаў у сваім дзённікавым рамане “Заўтра была адліга”. Будзем спадзявацца што і пра сёлетнюю сустрэчу паэт таксама ўзгадае ў сваіх чарговых мемуарах..

Алесь Хітрун