Прывітанне, шаноўныя прыхільнікі літаратурнай Лідчыны!
Сёння 7 чэрвеня. Зноў супадзенне! У гэты ж дзень паэт Валянцін Таўлай напісаў апошні верш у гэтым доме. Незадоўга перад Вялікай Айчыннай вайной. Творца і сам не ведаў, што тут, у сваёй хаце, больш пісаць не будзе. Гэты верш, як сцвярджае беларускі паэт і літаратуразнавец са Слонімшчыны Мікола Арочка, стаў потым праграмным, вяршыняй таўлаеўскай грамадзянскай лірыкі. Называецца ён “Аб маіх вершах”.
Вельмі трапна ахарактарызаваў гэты твор слонімскі паэт Мікола Арочка ў кнізе за 1969 год “Валянцін Таўлай. Крытыка-біяграфічны нарыс”. Прыводзім вытрымку з матэрыяла “Маякоўскі па-сяброўску радзіў…”:
“…Калі кніжка “Шляхі і краты” была ў асноўным падрыхтавана, паэт убачыў, што ёй не хапае яшчэ для “запеву” аднаго абагульняючага верша, – так 7 чэрвеня, за два тыдні да Айчыннай вайны, быў напісан праграмны твор, якім і сёння адкрываецца кожнае новае выданне паэзіі Таўлая.
У першым накідзе твора паэт так пачаў гэтую размову: “Радзілі майстры ўсялякіх нацый не спяшацца верш у друк здаваць”. Потым гэтыя радкі некалькі год жылі ў такім запісе: “Радзіў Маякоўскі і Славацкі вершы ў друк адразу не здаваць”. Але ў далейшым, пасля многіх варыянтаў, пачатак твора невыпадкова, думаецца, канкрэтызаваўся так: “Маякоўскі па сяброўску радзіў…”
Паэтычная задума гэтага твора і сапраўды была падказана Маякоўскім, яго творчай спадчынай, у якую Таўлай тады ўсё больш паглыбляўся. Можна ўявіць, з якой цікавасцю ён учытваўся ў працу Маякоўскага “Як пісаць вершы”, у яго цярплівую навуку “здабычы радыю”, дзе яму вельмі імпанавала такое прызнанне: “Заўсёды што-небудзь страшна хочацца перапрацаваць”. Але творчы імпульс да шырокай паэтычнай задумы быў дадзены толькі наступнымі радкамі: “Таму, закончыўшы якую-небудзь рэч, я замыкаю яе на некалькі дзён у стол, праз некаторы час дастаю і адразу бачу раней незаўважаныя недахопы”.
Уявіце, з якім болем адгукнуліся гэтыя словы ў сэрцы Валянціна Таўлая, калі ён супаставіў іх з асабістым лёсам: на колькі ж дзён, месяцаў, год былі замкнёны ў турэмную камеру (“адлежвацца”) вершы і паэмы паэта разам з самім аўтарам!
Так прызнанне Маякоўскага са сваёй творчай практыкі нечакана стала для Таўлая штуршком да паэтычнай задумы, павернутай да шырокай грамадскай праблемы.
Майстэрства паэта праявілася ўжо ў разгорнутым вобразе-паралелі, якую патрэбна было вельмі тонка правесці паміж такімі, здавалася б, рознымі рэчамі, як астрог і шуфляда стала, прычым умела знайсці пункты судакранання ў гэтай паралелі, якая падводзіла да галоўнага ў размове – да разумення эстэтычнай ролі песні. Чаму вершы Таўлая замыкалі ў астрог? За што іх судзілі?
Праўда, іх судзілі – не затоіш,–
і шпікі, якога ні вазьмі,
кожны прысягаў на крыж за тое,
што не вершы гэта – дынаміт.
У рэвалюцыйнай паэзіі вызначэнне верша як выбуховай сілы адкрывалася і раней (Маякоўскім – “як бомбы”, Бранеўскім – як “lonty dynamitowej”). Але Таўлаю, які з іранічным усмехам раскрывае гэты вобраз праз “прысягу” шпікоў, не адмовіш у навізне, арыгінальнасці гучання, як не адмовіш у такім наватарскім вызначэнні Маякоўскаму і Брынеўскаму, спасылаючыся, што да іх яшчэ Байран параўнаў свой верш з “ручной гранатай”, кінутай у старое грамадства.
Працэсуальны малюнак суда над вершамі паэта выпісан запамінальна-яркімі іранічнымі мазкамі. Мы проста зрокава бачым кожны асцярожна-баязлівы рух пракурора, які “праз кодэкса артыкул” углядаўся ў вершы паэта:
нават пальцам асцярожна тыкаў
і ацэньваў: за радок – гадок.
(Ці не нагадвае пракурор з верша Таўлая таго чыноўніка, што гэтак баяўся пашпарта Маякоўскага: “Берет – как бомбу, берет – как ежа…”)
У сваім вершы Таўлай невыпадкова паставіў у поўную залежнасць выбуховасць радка ад эстэтычнай яго паўназначнасці, ад таго, што даўно стала яго жыццёва-творчым прынцыпам:
Толькі аднаго адкінуць нельга:
шліфаваў радок, як сталь звяна;
ланцугі тады на мне звінелі, –
можа, й вершы ад таго звіняць.”
Напрыканцы мы зноў нагадаем, што ў мемарыяльным пакоі Валянціна Таўлая, на рабочым стале паэта, ляжаць копіі гэтага твора – рукапіс і машынапіс з рукапіснымі папраўкамі аўтара. Арыгіналы захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
Падрыхтаваў навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун