/ Навіны / Панчанкаў Віталій Ільіч

Панчанкаў Віталій Ільіч

Панчанкаў Віталій Ільіч, камандзір партызанскага атрада “Кастрычніцкі” брыгады імя Кірава Лідскага партызанскага злучэння.

Нарадзіўся 16 лістапада 1921 г. у в. Слабадзішча Дарагабужскага раёна Смаленскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1938 г. скончыў 10 класаў у г. Ярцаў Смаленскай вобласці, а ў снежні 1939 г. – Кіеўскае ваеннае вучылішча. Пасля заканчэння вучылішча ў студзені 1940 г. у званіі лейтэнанта быў накіраваны ў 213 стралковы полк 56-й стралковай дывізіі. Удзельнічаў у савецка-фінскай вайне. Пасля заканчэння вайны 213 стралковы полк быў пераведзены ў Пскоўскую вобласць, а з ліпеня 1940 г. у Беларусь . У 1941 г. полк накіраваны ў раён мястэчка Сапоцкіна Гродзенскай вобласці, дзе і застала вайна. Удзельнічаў у баях на Заходнім фронце ў якасці камандзіра кулямётнай роты. Па ўспамінах В. Панчанкава: “… 22 чэрвеня 1941 г. у 4 гадзіны раніцы. 213 стралкоы полк уступіў у бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ва ўказаным раёне і ўтрымліваў яго да 24 чэрвеня. І толькі, зрасходваўшы ўсе боепрыпасы, не маючы сувязі са штабам дывізіі, 213 стралковы полк вымушаны быў пакінуць свае рубяжы абароны і адыходзіць углыб тэрыторыі краіны ў надзеі злучыцца з часцямі Чырвонай Арміі і даць адпор ворагу. На шляху адыходу неаднаразова полк уступаў у баі з ворагам. Затым было прынята рашэнне рухацца на ўсход разам з асабістым складам роты. Адыход у складзе роты ажыццяўляўся таксама ў складаных умовах, прыходзілася вясці баі з ворагам, не прымаючы ежы па 2-3 сутак. Дзесьці ў раёне Ліды было прынята рашэнне рухацца далей невялікімі групамі, пераапрануўшыся ў грамадзянскае адзенне, пад выглядам грамадзянскіх асоб. З сярэдзіны ліпеня 1941 г. пасля няўдачы злучыцца з часцямі Чырвонай Армііна на Смаленскім накірунку я з групай з пяці чалавек вярнуўся ў Карэліцкі раён, дзе і хаваўся ад фашысцкіх захопнікаў у сялян вёсак Краснае, Ятра, Косічы. Знаходзячыся на акупаванай тэрыторыі, я і мае таварышы памяталі пра прысягу, дадзеную народу, і прынялі рашэнне змагацца з ворагам.”

Спачатку Віталій Ільіч арганізаваў групу, а затым партызанскі атрад “Кастрычніцкі”, які ўваходзіў у брыгаду імя Леніна да чэрвеня 1943 г. З утварэннем у Лідскім раёне брыгады імя Кірава атрад увайшоў у яе склад. Раёнам дзеяння партызанскага атрада быў трохкутнік, які быў утвораны шашэйнымі дарогамі Ліда-Навагрудак, Навагрудак-Наваельня і чыгуначная дарога Наваельня-Ліда да станцыі Нёман – тэрыторыя Навагрудскага, Дзятлаўскага, Лідскага раёнаў.

На рахунку партызанскага атрада “Кастрычніцкі” шмат баявых аперацый супраць нямецкіх акупантаў. Вось толькі некаторыя прыклады, які прыводзіў былы камандзір партызанскага атрада: “Баявое хрышчэнне атрад атрымаў у красавіку 1942 г. ля в. Кошалева Навагрудскага раёна. Партызаны знішчылі машыну фашыстаў, узялі 4 нямецкіх кулямёты, 20 вінтовак. Каля вёскі Дубатоўка ў выніку бою былі знішчаны 16 гітлераўцаў і 4 паліцаі, захоплены трафеі. У мястэчку Наваельня было знішчана чыгуначнае дэпо вузкакалейкі, спалены 9 вагонаў і паравозы”.

Камандаванне атрада надавала вялікае значэнне ахове насельніцтва ад вывазу ў нямецкае рабства. Атрад неаднаразова з засад знішчаў фашыстаў і іх прыслужнікаў, якія імкнуліся вывезці моладзь у Германію.

Знішчаліся ў раёне дзейнасці атрада гміны, пункты па нарыхтоўцы і прыёму малака, маёнткі са збожжам, паліцэйскія ўчасткі.

Сіламі атрада было пушчана пад адхон 40 варожых паяздоў.

Віталій Ільіч праводзіў вялікую палітыка-масавую работу сярод партызан і мясцовага насельніцтва. Сяляне навакольных вёсак аказвалі дапамогу атраду, папаўнялі рады партызан.

Партызанскі атрад “Кастрычніцкі” прымаў актыўны ўдзел у вызваленні Навагрудчыны і Лідчыны.

Успамінае Віталій Іванавіч: “З часцямі наступаючай Чырвонай Армііі мы сустрэліся 8 ліпеня 1944 г. на шасэ Навагрудак-Ліда. Радасці нашай не было канца! Усім атрадам, у якім у той час налічвалася 298 чалавек, мы рухаліся ў бок Навагрудка. У вёсцы Бацковічы размясціўся штаб дывізіі. Я далажыў яе камандзіру абстаноўку ў раёне і папрасіў прыняць удзел у разгроме ворага разам з рэгулярнымі войскамі. Камдзіў даў на гэта згоду,  і тут жа паставіў перад намі задачу рухацца ў бок Нёмана, на шляху знішчаць і захопліваць у палон фашысыцкіх афіцэраў і салдат. За два дні нашых дзеянняў у раёне рабочага пасёлка Бярозаўка і вёсках Руда атрад знішчыў і захапіў у палон 900 фашыстаў і іх паспешнікаў. Большая частка асабістага складу пайшла служыць у дзеючую армію, астатнія таварышы па рашэнні  савецкіх і партыйных органаў засталіся аднаўляць разбураную народную  гаспадарку  у стаўшых для нас роднымі Навагрудскім і Лідскіх раёнах”.

Баявыя ўзнагароды: Ордэн Чырвонага Сцяга, ордэн Чырвонай Зоркі. Сем медалёў. Ганаровы грамадзянін г. Ліды (1965 г.).

З 1944 па 1968 г. Віталій Іванавіч працаваў у Навагрудку, Клецку, Гродна. З 1968 па 1986 г. у будтрэсце № 19 г. Ліды – намеснікам начальніка СУ-103. Затым начальнікам жыллёва-камунальнай канторы, загадчыкам інтэрната на прадпрыемстве “Лакафарба” (1986-1992). Быў членам прэзідыума гарадскога Савета ветэранаў.

Памёр 17 снежня 1996 г. Пахаваны ў Лідзе.

У музеі захоўваюцца ўспаміны, аўтабіяграфія, перапіска, фатаграфіі В. І. Панчанкава.

Віртуальны праект «Каб жылі ў памяці героі»