/ Навіны / Паміж Лідзейкай і Каменкай

Паміж Лідзейкай і Каменкай

Гісторыя горада – гэта спачатку яго геаграфія. Не будзь на гэтай геаграфічнай мясцовасці, хоць і невялічкай, рэчкі Лідзейкі, якая пачатак свой бярэ за Колышкамі паблізу вёскі Цябы, а таксама з-пад Уладзіславова і з-пад Верхліды, а калі б у Лідзейку не ўпадала рачулка Каменка, якая складалася з двух рукавоў – адзін праходзіў праз гарадскі парк, а другі ля гарадскога стадыёна, а цяпер узятыя ў трубы – цяжка сказаць, ці адважыўся б вялікі князь літоўскі Гедымін узяцца за будаўніцтва замка. Пабудова ў 1323 г. на месцы зліцця рэчак Лідзейкі і Каменкі велічавага замка гарманічна спалучыла архітэктурную каштоўнасць яго з навакольнай прыродай і, акрамя важнай абарончай функцыі, прыдало наваколлю непаўторнае хараство і прывабнасць. І па сённяшні дзень замак застаецца самай важнай дамінантай у архітэктурным абліччы горада.

Лідскі замак і горад Ліда ў XIV-XV стст.

Лiдскi замак, помнiк абарончага дойлiдства XIV ст., пастаўлены на насыпным пяшчаным узгорку (вышэй 5-6 м), быў акружаны балоцiстымi берагамi рэк Лiдзеi i Каменка i ровам шырынёй каля 20 м, якi злучаў рэкi i аддзяляў замак ад горада.

За паўночнай сцяной з XIV ст. пачынае фарміравацца падзамчышча –   неўмацаванае паселішча – пачатак фарміравання сучаснага горада.

Горад мае даволi незвычайнае тапаграфiчнае размяшчэнне. Асноўны гiстарычны раён займае невысокую пляцоўку памiж балоцiстымi рэчышчамi   Лiдзеi i Каменкi, у той час як гарады звычайна ўзнiкалi на ўзвышшах.

Як вядома, абедзве брамныя аркі замка знаходзяцца ва ўсходняй сцяне, г.зн. менавіта ў той, перад якой размяшчалася найбольш шырокая водная прастора і, што таксама вельмі істотна, праходзіла дарога з Вільні ў Наваградак. Такое размяшчэнне варот патрабуе наяўнасці яшчэ аднаго маста, што з’яўляўся адгалінаваннем асноўнага, які абслугоўваў дарогу.

Такая сістэма абароны не толькі надзейна засцерагала замак (акрамя зімовых месяцаў), але і дазваляла яго гарнізону цалкам кантраляваць на гэтым участку (150-200 м моста праз сажалку, ад левага берага Лідзеі да замкавага “паркана”, які прыкрываў паўночную, найбольш небяспечную сцяну замка) дарогу з Вільні на Наваградак, якая мела ў XIV-XV стст. агульнадзяржаўнае значэнне.

З пункту гледжання абарончай тактыкі той эпохі ўся гэта водная сістэма нават пры пашкоджаных плацінах і часткова спушчаных сажалках уяўляла сабой практычна непераадольную перашкоду як пры раптоўным нападзе на замак, так і пры аблозе або штурме, робячы малаэфектыўнымі ці ўвогуле бескарыснымі сценабітныя і камнямётныя прылады, якія шырока ўжываліся ў XIII-XIV стст. і нават гарматы, якія з’явіліся ў войсках Ордэна і ВКЛ на мяжы XIV-XV стст.

Сістэма “воднай абароны” Лідскага замка XIV-XV стст. (рэканструкцыя Р. Баравога)

Лідскі замак і горад Ліда ў XVI-XVII стст.

На мяжы XVI-XVII стст. замак канчаткова губляе сваё агульнадзяржаўнае значэнне, застаючыся не больш чым сімвалам дзяржаўнай улады на тэрыторыі Лідскага павета.

У XVI-XVII стст, адыграўшы сваю ваенна-стратэгічную ролю, ён перайшоў у дзяржаўную ўласнасць, падтрымліваўся і ахоўваўся мясцовым лідскім дваранствам. Тут сталі праводзіць суды і павятовыя сеймікі, а скляпенне паўночна-ўсходняй вежы, магчыма, было ператворана ў турму.

У гэты час Ліда складалася з замка, княскага двара, уласна горада з падзамчам і зарэчча.

Княскі двор, або замкавы фальварак, як яго часта называлі яшчэ ў XVII ст., размяшчаўся над рачулкай Каменкай, на паўночны захад ад замка. Пры ім меліся млын, вінакурня і розныя іншыя гаспадарчыя службы.

Уласна горад рос на поўнач ад замка. Яго гістарычным цэнтрам быў рынак, ад якога адыходзілі ўсяго 4 вуліцы: Віленская – у бок Вільні, Замкавая – да замка, Каменская – да Каменкі і далей, па дарозе на Васілішкі і Астрыну, і Крывая, што злучала Каменскую вуліцу з рынкам. Зарэчча налiчвала ўсяго некалькi дзясяткаў дамоў аж да канца XIX ст.

У XVI-XVII стст. у сiстэму перадзамкавых умацаванняў уключана штучнае возера, якое прыкрывала замак з усходу.

Фрагмент плана горада Ліды, выкананага ў 1785-1786 гг.

Лідскі замак і горад Ліда ў XVIII-XIX стст.

На фрагменце карты горада Ліды 1798г. бачна, што заходнюю сцяну замка прыкрываў ручай Каменка. Да мяжы XVIII-XIX стст. ад ранейшай “воднай сістэмы”, якая раней існавала ў ніжнім цячэнні ручая, захавалася толькі невялікая млынавая сажалка.

Невялікія памеры вадазбору Каменкі прывялі да таго, што заходні і паўночны бакі замка раней за іншых пазбавіліся воднай абароны. Ужо ў XVIII ст. роў быў забалочаны і часткова асушаны, а паміж замкам і поймай Каменкі з’явілася невялікае ўзвышша, якое прымыкае да заходняй сцяны замка.

З поўдня замак прыкрывала яшчэ адна штучна створаная водная перашкода – частка шырокай сажалкі, утворанай на месцы зліцця ручая Каменкі і ракі Лідзейкі. Гэта “паўднёвая частка” воднай сістэмы Лідскага замка яшчэ ў канцы XVIII ст. дасягала шырыні ў 130-150 м, даходзячы да павышанага ўчастка рэльефа, на якім у XVII-XVIII стст. размяшчаўся “двор старасты Лідскага” (на плане 1828 г. “двор” акружаны падковападобным валам).

На  месцы сажалкі ў канцы  XIX ст. збудавана некалькі дрэнажных каналаў, якія ўтвараюць прастакутную структуру, строга размяжоўваюць забалочаныя ўчасткі левабярэжжа Каменкі ад ужо асушанага луга правабярэжжа. У першай чвэрці XIX ст. неабходнасць у дрэнажных каналах знікла (як і самі каналы), а тэрыторыя былога  двара старасты ўжо злучалася з узвышшам, якое размяшчалася на захад ад замкавай сцяны, і далей –  з горадам –  доўгім (каля 170 м) насыпам, пракладзеным па пойме Каменкі, з мостам праз гэты ручай (фрагмент плана горада Ліды 1828 г.).

Найбольш шырокая частка воднай сістэмы Лідскага замка знаходзілася на ўсход і паўднёвы ўсход ад замка. Водная перашкода на гэтых напрамках уяўляла сабой дзве сажалкі, утвораныя па р. Лідзеі.

У сярэдзіне XIX ст. Ліда – гэта адна доўгая вуліца Віленская, якая праходзіць па ўсёй даўжыні горада на працягу вярсты (прыкладна 1 км).

Лідскі замак і горад Ліда ў XX-XXI стст.

На пачатак ХХ ст. горад цалкам запоўніў міжрэчча Лідзейкі і Каменкі.

Ішоў час, горад рос. Пачалося і новае жыццё ў рэчак. У сярэдзіне 50-х гг. XX ст. на Лідзейцы было створана гарадское 20-цігектарнае возера.

У канцы 60-х і пачатку 70-х гг. ХХ ст. ўзнікла многа праблем ў жыцці горада. У сувязі з ростам прамысловасці, будаўніцтвам жылля і сацыяльных аб’ектаў у шмат разоў павялічыліся сцёкі ў Лідзейку і Каменку. Апошняя ператварылася ў так званую ў народзе “Смярдзючку”. А калі ў 1970-я гг. цэнтр горада актыўна забудоўваўся, то Каменку “схавалі” у каналізацыйныя трубы.

Пасля вывучэння магчымасцяў воднага сцёку Лідзейкі было прынята рашэнне аб стварэнні на ёй каскаду азёраў. Такая работа была праведзена ў 1972 г. На рэчцы Лідзейцы згодна з планам стваралася пяць азёр. Гэта была фундаментальная праца, якая дала магчымасць увязаць і ліўневыя сцёкі, і ўзроўні транспартных шляхоў, а самае галоўнае, адкрыла магчымасць распрацоўкі асобных вадаёмаў. Адначасова была прапрацавана схема фекальнай каналізацыі ўсяго горада, каб спыніць сцёк неачышчаных водаў у Лідзейку.

У верасні 2010 г. Ліда прымала рэспубліканскі фестываль-ярмарку “Дажынкі – 2010”. Звыш 60 будаўнічых арганізацый было прыцягнута да добраўпарадкавання горада перад святам. Адзін з аб’ектаў рэканструкцыі ў горадзе – Лідскі замак. Перад “Дажынкамі” на прылеглай да замка тэрыторыі, перш занятай індывідуальнай забудовай, у рэчышчы Лідзейкі стварылі штучнае возера.

Сёння рака Лідзея (Ліда, Лідзейка) працякае ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці, з’яўляецца левым прытокам ракі Дзітва (басейн ракі Нёман). Даўжыня ракі складае 31 км, пачынаецца каля вёскі Верх-Ліда. Асноўны прыток – рака Нарва. Рэчышча на працягу 20 км каналізаванае. На рацэ стаіць горад Ліда і Лідскі замак.

Археалагічныя знаходкі

Рыбалоўства лічылася нешляхетным заняткам, галоўная роля ў гэтым відзе промыслаў належала падатным саслоўям, пераважна сялянам. Даніна прадуктамі рыбалоўства з’яўляецца звычайнай з’явай у XVI і нават XVII ст. Варта адзначыць, што вадаёмы Беларусі ў часы Сярэднявечча былі значна больш багатыя рыбай як у плане яе колькасці, так і відавой разнастайнасці.

Пра рыбны промысел сведчаць знаходкі, выяўленыя падчас археалагічных раскопак на тэрыторыі Лідскага замка. Многія можна ўбачыць ў экспазіцыйных залах Лідскага замка.

Керамічныя грузілы XV-XVII стст. (прылады, якая прымацоўваліся да рыбалоўных сетак і лёскі вуд для пагружэння іх у ваду; мелі ядрападобную, біканічную ці пляскатую форму).

Керамічныя грузілы XV-XVII стст.

Блешня XIV-XV стст. (форма блешняў не мянялася на працягу многіх стагоддзяў: пласцінка ў выглядзе рыбкі мае ў ніжняй частцы кручок, а ў верхняй – адтуліну для мацавання з лескай. Шматлікія аналогіі сведчаць, што ў межах усходнееўрапейскага рэгіёна блешні практычна не мелі адрозненняў ні ў плане храналагічным, ні ў геаграфічным. На агульным фоне вылучаецца блешня XIV-XVстст. з Лідскага замка. Яна мае невялікія кольцы з дроту па баках пласцінкі).

Блешня XIV-XV стст.

Кручок рыбалоўны XIV-XVII стст. (на працягу многіх стагоддзяў кручкі рабілі з квадратнага ці круглага жалезнага стрыжня, і яны характарызаваліся надзвычайнай устойлівасцю формы).

Кручок рыбалоўны XIV-XVII стст.

Восці XVI-XVII стст. (прылада для палявання на рыб. Адназубыя восці маглі асобна і не выкарыстоўвацца, а складвацца і прыкручвацца да дрэўка ў выглядзе састаўных частак. Перавязаныя паміж сабой зубы ўбіваліся ў канец палкі ці ў драўляную пласцінку і дадаткова мацаваліся дротам).

Восці XVI-XVII стст.

Аўтар: старшы навуковы супрацоўнік Таццяна Ліпніцкая

Літаратура

  1. Археалогія Беларусі. У 4 т. Т. 4. Помнікі XIV-XVIII стст. / В. М. Ляўко, М. Ф. Гурын, Ю. А. Заяц і інш., Пад рэд. В. М. Ляўко і інш. – Мн.: “Беларуская навука”, 2001. – 597 с.: іл.
  2. Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл./Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. – Мн.: БелЭн, 1993. – 702 с.: іл.
  3. Археологический отчет о полевых исследованиях, произведённых в июле-августе 1977г. Фотофиксация археологических находок. Книга VIII.
  4. Боровой Р. Планы Лиды как источник для реконструкции оборонительной системы Лидского замкового комплекса XIV-XV ст. [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: https://pawet.net/- Дата доступу: 15.06.24
  5. Лаўрэш Леанід. Лiдскi замак на старых паштоўках [Электонны рэсурс] – Рэжым доступу: https://pawet.net/library/history/bel_history/_books/lida/ – Дата доступу: 07.04.2024
  6. Лаўрэш Леанід. Лакалізацыя «Ліды Нарбута», першаснага паселішча на тэрыторыі нашага горада // Лідскі Летапісец. 2023. № 2(102). С. 30-35.
  7. Лаўрэш Леанід. Цэрквы горада Ліды да пачатку XIX ст. // Наша слова.pdf. № 9 (113), 28 лютага 2024; № 10 (114), 6 сакавіка 2024.
  8. Лаўрэш, Л. Л. Ліда ўчора і сёння : гісторыя горада ў выявах / Леанід Лаўрэш. – Ліда : Лідская друкарня, 2013. – 152 с.
  9. Лаўрэш Леанід. Гiсторыя горада. [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: https://pawet.net/library/history/bel_history/_books/lida/- Дата доступу: 17.04.2024
  10. Логаш Уладзімір. Водны дыяметр горада Ліды [Электронны рэсурс]- Рэжым доступу: https://pawet.net- Дата доступу: 07.04.2024
  11. Лідчына [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: https://pawet.net/ns/ – Дата доступу: 11.04.2024
  12. Кишик Юрий. Лида, преемственность архитектурных свершений. [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: https://pawet.net/library/history/city_district/rart/kiszczik – Дата доступу: 03.04.2024
  13. Река Лидея. [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: https://marshryt.by/object/reka-lideya/ – Дата доступу: 20.04.2024
  14. Ткачоў М. А. Лідскі замак // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 2. С. 13-18.
  15. Цехановіч Лех, Межва Рышард. Даўняя вуліца Каменская і Трэцяга Мая //Лідскі Летапісец №4(68)-2014. С. 41-46.