/ Навіны / Палойка

Палойка

Лён паспеў і, нібы ходнікамі, поле ўсцілалася жоўтымі сцяблінкамі з каранямі.

Сёння ўсе этапы працы механізіраваныя. У даўнія ж часы рукі нашых продкаў і сеялі, і рвалі, і рассцілалі, і падымалі… Пранікам вымалочвалі насенне, церніцай ламалі сухую трасту, траплом аддзялялі кастрыцу (здраўнелыя часткі сцябла) ад мяккага валакна, часалі грабянямі. І вось – валакно гатова!

А для таго, каб мяккія льняныя валокны не блыталіся, не збіваліся ў ком, прыдумвалі розныя спосабы захоўвання.

На Лідчыне захоўвалі ў рульках, палойках, куклачках. Усе яны складаліся з пэўнай колькасці жменяў валакна. Жменя – гэта колькасць, якую можна сціснуць пяццю пальцамі адной рукі.

Рулькі мелі выгляд васьмёркі ці нават булкі-вітушкі, а куклачкі – спіралепадобны скрутачак (в.Ганчары, в.Дзітрыкі, в. Масявічы, в.Зарачаны, в. Істокі Лідскага раёна).

У в. Серафіны, в. Ваверка, в. Паперня льняное валакно захоўвалі палойкамі. У большасці, палойкі складаліся з дзесяці жменяў, аднак у палойцы на Лідчыне можна налічыць каля 70 жменяў.

Канцы палоек з абодвух бакоў адмыслова скручваліся. Гатовы пучок пасярэдзіне апаясвалі (сціскалі) жменяй сыравіны. Захоўваліся палойкі ў мяшках, шчыльна складзеныя адна на адну.

Валакно, захаванае ўзгаданымі спосабамі, лёгка раскручвалася і зручна мацавалася на прасніцы. Яшчэ зручней было карыстацца палойкамі – на прасніцу мацавалася адразу дзесць ці больш жменяў.

Разам з тым, наведвальнікі нашага музея маюць магчымасць убачыць і параўнаць “мясцовыя” спосабы захавання льнянога валакна з захаваннем у іншых рэгіёнах – гэта кужаль у касе. Менавіта так захоўвалі ў в. Капусцічы Мядзельскага раёна 100 жменяў вычасанай сыравіны, абодвума канцамі сплятаючы ў косы. Цалкам гэтае спляценне мае выгляд мяккага гамака.

Цікавым з’яўляецца і малавядомы факт пра выкарыстанне льнянога валакна ў дэкоры сялянскай хатняй прасторы. Пра незвычайнае ўпрыгожванне “чыстай” паловы хаты нам паведаміла жыхарка з в. Дзежавічы Іўеўскага р-на. Яна памятае, як маленькія льняныя “касічкі” (так называе спіралепадобныя і васьмёркападобныя скрутачкі) ўпрыгожвалі хату. Іх прымацоўвалі на дзяругу (посцілку), якая вісела над ложкам, “бо яны былі красівыя”.

З пачаткам Піліпаўскага посту ў даўнія часы нашы жанчыны, маладзіцы, дзяўчаты збіраліся ў адной хаце на працоўныя вечары – попрадкі (вячоркі). Запальвалі лучыну (пазней газавую лямпу), раскручвалі кола калаўрота, і , жменька за жменькай, льняное валакно, прымацаванае да прасніцы, паслухмяна скручвалася ў нітку ды намотвалася на шпульку.

На музейна-педагагічным занятку “Песня вякоў на полі льняным”, мы маем магчымасць не толькі паказаць прылады працы для паэтапнай апрацоўкі лёну на Лідчыне ў к. ХІХ – другой палове ХХ ст. (церніцы розных канструкцый, грабяні, пранікі, розыя формы трапла), але зацікавіць спосабамі захавання якаснай сыравіны і незвычайным выкарыстаннем яе ў інтэр’еры сялянскай хаты. Пазнавайце разам з намі гісторыю жыцця нашых продкаў.