/ Архіў / Паэт з Полацка на зямлі Лідскай

Паэт з Полацка на зямлі Лідскай

Напрыканцы лістапада наш горад наведаў паэт і празаік, публіцыст, галоўны дырэктар міжнароднага вяшчання беларускага радыё (радыёстанцыя “Беларусь”), тэлевядучы праграмы “Дыяблог пра мову” (канал “Беларусь 3”) Навум Гальпяровіч. Шаноўны госць прыехаў не адзін: яго суправаджалі калегі, сярод якіх была і рэдактар беларускага радыё Юлія Адамовіч. Яны наведалі літаратурны аддзел музея (домік Таўлая) па Замкавай,7: была арганізавана экскурсія па выставачных залах і мемарыяльнаму пакою В.Таўлая.  Не абмінулі і пярліну горада – Лідскі замак. Менавіта, гэтыя два аб’екты культуры, як прызналіся самі мінчане, уразілі іх. Так як Навум Гальпяровіч  тэле- і радыёвядучы, то ў яго маршруце быў пракладзены шлях і ў рэдакцыю Лідскага тэлерадыёаб’яднання. Тут адбылося знаёмства з яго калегамі, у прыватнасці з галоўным рэдактарам Нінай Міхайлаўнай Пазняк, быў запрошаны ў студыю “Твайго радыё” на праграму “Званны госць”.

Галоўнай часткай, як вядома, стала наведванне Лідскага гісторыка-мастацкага музея, у адным з пакояў якога была арганізавана сустрэча з жыхарамі Ліды, а больш дакладна, з членамі літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” і прыхільнікамі мастацкага слова, сярод якіх прысутнічалі і вучні СШ №11 (вершы Н.Гальпяровіча прапаноўваюцца для самастойнага чытання ў школьнай праграме). Тое, што ўсе радыя бачыць вядомую асобу на лідскай зямлі, заўважана было па тварах лідчан, сабраўшыхся на выставачнай зале, дзе змешчаны работы лідскага мастака Уладзіміра Мельнікава. Зазначу, што зала слухала ўважліва, прыслухоўвалася да кожнага сакавітага беларускага слова, прамоўленага Навумам Якаўлевічам. Вядома, што ні кожны раз нам шанцуе сустракацца з вядомымі людзьмі, які ўпрыгожваюць нашу культуру сваім мастацкім беларускім словам і мілагучным голасам, які слухаў бы і слухаў. Так, Навум Якаўлевіч Гальпяровіч – чалавек шматбаковы ў нейкім плане. Яго творы мы неаднаразова чытаем у зборніках, рэспубліканскіх газетах, бачым яго па вядучых каналах Беларусі, яго голас чуем па радыё. Скажам так: чытаем, бачым, слухаем.

А якія вершы! У іх сам паэт. У іх яго душа. У іх ён пранікся да сваёй радзімы – да Полацка. Так, тут ён нарадзіўся. На гэтай зямлі адкуль і славутая Еўфрасіння Полацкая, Сімяон Полацкі, Францыск Скарына. Яны ж сваім жыццёвым шляхам, творчымі справамі ўславілі нашу Радзіму на ўвесь шырокі свет! У Полацку – дух беларушчыны, цэнтр беларускага слова. І мы цяпер ведаем яшчэ пра адну творчую асобу з Полацка. Навум Гальпяровіч –ганаровы грамадзянін гэтага горада. І гэтая адзнака атрымана заслужана. У гэтым пераканаліся сабраўшыяся лідчане, якія праслухалі вершы з яго вуснаў на адным дыханні. Бо менавіта, паэт іх зачытаў з чарговага зборніка “Час лістападу”, які выйшаў у друк нядаўна ў выдавецтве “Чатыры чвэрці”.

Паважаны госць адказаў на пытанні прыхільнікаў яго творчасці, дзе ўзгадаў сваё дзяцінства, юнацтва, сваю школу, першы выхад у друк яго верша, сваё стаўленне да творчасці сучасных класікаў беларускай літаратуры і падрастаючага творчага пакалення, распавёў пра працу на радыё.

Напрыканцы сустрэчы жадаючыя маглі набыць кнігу “Сюжэт для вечнасці” з аўтографам аўтара і зрабіць здымак на памяць. Папоўняцца фонды яго кнігамі і ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы і ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі. А на памяць аб сустрэчы ў музеі ганаровы грамадзянін Полацка атрымаў кнігу пра жыццё і творчую дзейнасць Валянціна Таўлая “Этапы жыццёвых дарог”, літаратурна-мастацкі зборнік №8 “Ад лідскіх муроў”, часопіс “Лідскі летапісец” і інш.

Дадзенае мерапрыемства прайшло ў рамках цыкла літаратурных сустрэч “Перад тым як на Парнас, завітай, паэт, да нас!”. Трэба нагадаць, што падчас іх, кожны запрошаны госць-паэт пакідае на бірцы свой аўтограф і прымацоўвае яе на пярыле лесвіцы, якая вядзе на другі паверх літаратурнага аддзела музея. Такім чынам, будзе сабрана своеасаблівая кампазіцыя з аўтографаў. Сярод іх, ужо ёсць і аўтограф паэта з Полацка Навума Гальпяровіча.

На развітванні, Навум Якаўлевіч паабяцаў, што гэта не апошняя сустрэча з ім, бо Ліда яго ўразіла сваёй гасцінасцю, упарадкаваннем. Гэта азначае, што сюды госць яшчэ наведаецца як паэт, як тэле- і радыёвядучы.

Што ж распавядае “Вікіпедыя”?

Навум Якаўлевіч Гальпяровіч нарадзіўся ў сям’і рабочага 14 студзеня 1948 года ў Полацку. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў на Полацкім шклозаводзе (1966-1967), у полацкай аб’яднанай газеце «Сцяг камунізму» (1967-1977). Вучыўся завочна на факультэце журналістыкі БДУ. У 1977 годзе пераехаў у Наваполацк. Скончыў завочна Віцебскі педагагічны інстытут (1979). У 1977-1980 – рэдактар радыёвяшчання вытворчага аб’яднання «Палімір» у Наваполацку, у 1980-1981 – супрацоўнік наваполацкай гарадской газеты «Химик», з 1981 – уласны карэспандэнт Дзяржтэлерадыё БССР па Віцебскай вобласці, аўтар шматлікіх рэпартажаў, аналітычных матэрыялаў. З 1997 года жыве ў Мінску. Працаваў намеснікам галоўнага рэдактара ў часопісе «Вожык», намеснікам старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, зараз –  галоўны дырэктар замежнага вяшчання Беларускага радыё.

Дэбютаваў вершам у 1967 (газета «Химик», Наваполацк). Адзін з аўтараў калектыўнага зборніка паэзіі «Сцяжына» (1983). Аўтар кніг паэзіі «Сцяжына», «Брама» (1990), «Востраў душы», «Струна», «Святло ў акне», «Гэта ўсё для цябе», «Голас і рэха», “Сюжэт для вечнасці”, кнігі прозы «Шляхі і вяртанні», а таксама шматлікіх публікацый у калектыўных зборніках. Таксама выступае з літаратурна-крытычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі.

На вершы Н. Гальпяровіча напісаны песні вядомымі беларускімі кампазітарамі Э. Зарыцкім, У. Буднікам, А. Елісеенкавым, В. Івановым і інш. Асобныя творы перакладзены на рускую, балгарскую, румынскую і польскую мовы.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1990).

Алесь Хітрун

навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея.