/ Архіў Фотасправаздачы / “Новы год і віншаванка ў Таўлая, што ля замка”

“Новы год і віншаванка ў Таўлая, што ля замка”

20 студзеня літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея сабраў сваіх калег-музейшчыкаў на навагоднюю забаўляльную праграму «Новы год і віншаванка ў Таўлая, што ля замка». Менавіта так гучыць і выстава, якая змешчана тут, у адным з памяшканняў дома паэта Валянціна Таўлая.

Асноўным музейным прадметам тут з’яўляецца навагодняя паштоўка. Супрацоўнікі музея на працягу некалькі гадоў сабралі цэлую калекцыю гэтых цікавых экспанатаў. Асноўнымі іх здатчыкамі з’яўляюцца творчыя людзі – гэта былы супрацоўнік лідскай дзіцячай бібліятэкі Мілановіч Ніна Уладзіміраўна, ветэран вайны, паэтэса Ляцецкая Вера Рыгораўна, педагог, лідская паэтэса Бурак Алеся Аляксандраўна, краязнаўца Лідчыны, пісьменнік Дзікевіч Мікалай Мікалаевіч, а таксама паэт Мельнік Міхась Іванавіч – педагог і былы кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Суквецце”. Ёсць паштоўкі і за 1913 – 1926 гады, якія перадала ў фонды музея жыхарка хутара Казляны (былога маёнтка Скабейкі), педагог Ярмантовіч Галіна Мікалаеўна.

Знайшлі сваё месца ў экспазіцыі пісьмы, калісьці адрасаваныя лідскімі рабятамі Дзеду Марозу. Тут знаходзіцца і паштовая скрынка для пісем галоўнаму навагодняму персанажу.

Трэба зазначыць, што цяпер у доме паэта Валянціна Таўлая сустракаць будзе Ахмістрыня – гаспадыня. На гэты раз яна таксама гасцінна сустрэла супрацоўнікаў музея, распавяла шмат цікавай інфармацыі як святкавалі Новы год нашы продкі, адкуль з’явіліся Дзед Мароз і Снягурка, беларускі Зюзя і Мароз, а таксама навагодняя паштоўка і ёлка.

Так, музейшчыкаў наведалі галоўныя навагоднія героі Дзед Мароз і Снягурка. Па ўстаноўленай традыцыі гучалі вершы Дзеду Марозу, які, між іншым, нікога не пакінуў без салодкага пачастунка. Зладзілі карагод, паўдзельнічалі ў віктарынах, адгадалі загадкі.

Падзякаваўшы за гасцінасць, утульнасць Дзед Мароз зазначыў: “Ліда – гэта казачны, адметны горад. У гэтым я ўпэўніўся праязджаючы па яго велічных вуліцах. І вось вырашыў спыніцца тут часова на месяц, змяніць сваю прапіску і пасяліцца па вуліцы Замкавая,7. Чаму тут? Бо люблю літаратуру. Ведаю, што тут жыў вядомы паэт Валянцін Таўлай. І я таксама люблю паэзію, але больш за ўсё – слухаць вершы ад рабят каля навагодняй ёлкі. Без пачастунка абяцаю не пакінуць нікога. Тут, у гэтым доме я спынюся з 20 снежня па 20 студзеня. Так што, запрашаю сямейнага наведвальніка ў дом паэта Валянціна Таўлая на маю навагоднюю праграму “Новы год і віншаванка ў Таўлая, што ля замка”. Бачу, што супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея падрыхтавалі для мяне і наведвальнікаў дома Таўлая цікавую экспазіцыю. Тут вельмі шмат навагодніх паштовак за розныя гады. Некаторым з іх больш за 100 год. Дзеткі змогуць паглядзець мультфільмы, пачытаць добрыя казкі, а дарослыя – пазнаёміцца з матэрыялам пра гістарычныя звесткі Новага года. А яшчэ я чакаю пісем ад вас, мае рабяты. Паштовую скрынку таксама ўстанавілі тут. Чакаю вас, чакаю, чакаю!”

PS: Запісвацца на сустрэчу з Дзедам Марозам і Снягуркай можна па тэлефонах:

+375 (154) 53-05-52, +375 (154) 62-24-94.