/ Архіў / Неўміручы Якуб Колас, або стогадовы “Сымон-музыка” у фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея

Неўміручы Якуб Колас, або стогадовы “Сымон-музыка” у фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея

(З цыкла даследчых прац

“Пісьменнікі Беларусі: чарговыя разгадкі ў спадчыне Лідскага рэгіёна”)

 

Мінулы 2017 год быў абвешчаны дзяржавай як Годам навукі, беларуская інтэлігенцыя адзначала 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, было багата юбілейных датаў з дня нараджэння вядомых дзеячаў культуры. Больш значныя з іх сталі святкаванні да 135-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У літаратурным аддзеле, ці як прызвычаіліся называць – у доміку Таўлая –  Лідскага гісторыка-мастацкага музея захоўваецца прыжыццёвае выданне народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, якое адзначыць у гэтым годзе 100 гадовы юбілей з дня яе напісання (1918 г.). Гэта кніга – паэма “Сымон-музыка”. Выдадзена Віленскім выдавецтвам таварыства “Пагоня” ў 1928 годзе ў друкарні імя Скарыны, якая размяшчалася па адрасу Людвісарская, 1.

Адзін з паасобнікаў кнігі “Сымон-музыка” захаваўся ў найстарэйшага краязнаўцы Лідчыны (вёска Сялец) Мікалая Мікалаевіча Дзікевіча.

Яго ён перадаў у фонды Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Трэба зазначыць, што паасобнік кнігі “У глыбі Палесься” Тараса Гушчы (Якуба Коласа) таксама захоўваецца з сямейнага архіва М.М.Дзікевіча ў фондах музея. Аб тым, як кніга “Сымон-музыка” трапіла яму і не толькі, ён падзяліўся ўспамінамі, змешчанымі ў “Лідскай газеце” за 05.10.2017 год  у матэрыяле “Мікалай Дзікевіч: «Як я навучыўся чытаць і палюбіў беларускую мову»”

“…Маёй першай чытанкай на рускай мове была кніжачка казак у фармаце алфавіта. Я не ведаў літар рускага алфавіта і прачытаць не мог – толькі разглядаў прыгожыя малюнкі на глянцавай паперы.

         У дзяцінстве ў нашай хаце гучала беларуская мова. Мама наведвала школу няпоўны год, а распісацца пры атрыманні пенсіі магла толькі крыжыкамі. Мы з братамі Ціханам і Санем навучылі яе распісвацца, але ўжо польскімі літарамі. Размаўляла яна вельмі добра. З маленства ад бацькоў мной быў набыты навык размовы на роднай мове.

          Старэйшы брат Ціхан часта гасцяваў у бабулі Агаты і дзядулі Міхаіла, у цёткі Ядвісі і дзядзькі Валодзі. Паўсюдна чулася матчына мова.

          Як трапляла беларуская літаратура ў Сялец? Невядома. Магчыма, яе прывозілі з Ліды. Аднак добра памятаю аповеды мамы і брата Ціхана, як дзядзька Мікалай апранаў якаснае паліто з унутранымі кішэнямі, капялюш, браў модную палку і ездзіў у Вільню. Рызыкаваў, але прывозіў агітацыйныя ўлёткі. Напэўна, так да нас трапіла і паэма “Сымон-музыка” Якуба Коласа. Яна была прывезена з Ліды, а надрукавана ў 1928 годзе ў Вільні  (перашапачаткова – у 1925 годзе ў Мінску).

           Цяга да ведаў у маіх братоў была вялікай. Брат Ціхан пазней нават рашаў сыну квадратныя ўраўненні, папярэдне прачытаўшы тэорыю ў падручніку. Я пераняў у іх гэты навык чытання. Восенню 1937 года з бабуляй, на цёплай печы, пры пяцілінейнай лямпе, пачынаў “бэкаць” паэму “Сымон-музыка”. Бабуля слухала ды казала: “Унуча, якая прыгожая і зразумелая мова! Чытай болей!” Напэўна, гэтыя словы былі для мяне не горш за цяперашнія настаўніцкія адзнакі.

          Гучанне ў дзяцінстве роднай мовы ў хатнім асяроддзі, наведванне вясковай самадзейнасці, з’яўленне згаданай абшарпанай кніжкі, яе чытанне вызначылі накірунак майго жыцця…”

Трапіла гэтае ўнікальнае выданне ў фонды музея яшчэ і раней, у жніўні 1956 года, але яшчэ ад аднаго жыхара нашага горада – спадара Анацка.

Крышку падробней пра гэтую кнігу.

Гэтае кранальнае выданне захоўваецца ў музеі пад нумарам 11. Знешні выгляд кнігі ўжо за сябе можа распавесці свой шлях выкарыстання. Названае выданне ўнутры не аздоблена малюнкамі, ні выявамі, калі не казаць пра знешнасць – вокладку з партрэтам аўтара Якуба Коласа і герба віленскага выдавецтва “Пагоня”. На пажоўклых старонках можна заўважыць “сляды” чытачоў, што яшчэ раз даказвае аб тагачаснай яе папулярызацыі. Але ўжо сам чытач-карыстальнік, як і сама кніга, увекавечыліся на старонках гэтага асобніка сваімі “аўтографамі” аздобіўшы рознымі завіткамі, кружочкамі, малюнкамі.

Крыху пра кампазіцыйную будову кнігі. Ёсць устаўны ліст “Галаўнейшыя друкарскія памылкі”, на якім пазначаны карэктарскія аддрукоўкі на той ці іншай старонцы, радку, выпраўленне названай памылкі. Выданне складаецца з 212 старонак, кожная глава ці частка пачынаецца з новай старонкі. Канешне, у наш час правапіс зменены, унармаваны. А ў той час, калі пісалася паэма, дзейнічаў іншы правапіс – граматыка Тарашкевіча, словы мелі памякчоны варыянт, з мяккім знакам, існавалі і іншыя асаблівасці. Гэта заўважаецца ў нашым творы. Нават сама вокладка адлюстроўвае тагачасныя правілы беларускай мовы: назва твора “Сымон-музыка” напісана не праз злучок, а слова “Паэма”  напісана праз “о”. Пазней, канешне, твор быў перагледжаны і перапісаны ўжо па новых правілах беларускай літаратурнай мовы.

Нягледзячы на тое, што ў літаратурным асяроддзі Беларусі ў 2017 годзе адзначалі 135-годдзе з дня народзін Янкі Купалы і Якуба Коласа, але гэтая кніга і сёння з’яўляецца адным з найважнейшых экспанатаў сярод іншых гістарычных выданняў музея. Адзначу, што на Лідчыну ў свой час наведваліся два класіка-аднагодкі. Пра прыезд Янкі Купалы можна пачытаць на сайце Лідскага гісторыка-мастацкага музея ў раздзеле “Навукова-даследчая дзейнасць” пад назвай “Янка Купала і Лідчына”. Аўтар “Сымона-музыкі” быў у 1946, 1950, 1954 гадах у Бярозаўцы, сустракаўся з выбаршчыкамі, наведаў шклозавод “Нёман”, выступаў перад рабочымі. Аб гэтым можна падрабязна даведацца, зайшоўшы па пазначанай інтэрнэт-сылцы  navagrudak.blogspot.ru у матэрыяле “Якуб Колас і Навагрудчына”.

Якуб Колас – кандыдат у дэпутаты ВС СССР, 1954 г. на сустрэчы з выбаршчыкамі.

 

Ран Лазар. Якуб Колас у вызваленым Навагрудку

Крыху гісторыі пра напісанне паэмы. Твор пісаўся на працягу 14 гадоў. Калі Якуб Колас  апынуўся за кратамі Мінскага астрога за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе (9 ліпеня 1906 года свядомыя беларускія настаўнікі сабраліся на яго радзіме, каб паразважаць пра лёс беларускай мовы і  і школы, нацыі, а іх вывіжавалі і зняволілі ахоўнікі тагачаснага рэжыму), а гэта былі 1908-1911 гады, пісьменнік не адмовіўся ад сваіх перакананняў і задумаў напісаць вялікія эпічныя творы, пачаў працаваць над паэмамі “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. У 1911 годзе і нарадзілася 1-ая частка паэмы, у 1912 годзе – 2-ая частка,  3-ая і 4-ая – у канцы 1917 года, а апошняя, 5-ая, у 1918 годзе. У часопісах “Вольная Беларусь” і “Вольны сцяг” паэма была змешчана па частках. Аднак, восенню, 1923 года Якуб Колас паспрабаваў пераасэнсаваць, пераапрацаваць паэму. У чэрвені 1924 года Коласу, па рашэнні тагачаснай навуковай камісіі паспрыяла з’ездзіць у Кіславодск на папраўку здароўя, дзе адбывае там каля месяца.  Тут, у спрыяльных умовах шчыра захапляецца над працай – другой рэдакцыяй паэмы. 8 ліпеня ў лісце да жонкі Марыі Дзмітрыеўны, Колас шчыра радуецца: “Учора я… закончыў “Сымона-музыку”, і, здаецца, закончыў някепска”. І праз тыдзень, не маючы ўжо інтарэса да курортных даброт, ён імкнецца дадому, да любімай навуковай працы. Але на станцыі Ціхарэцкая праз адчыненае акно з перона крукам сцягваюць ягоную валізу, дзе знаходзіўся і рукапіс другой рэдакцыі паэмы “Сымон-музыка”… На ягоную скаргу з Растова-на-Доне яго суцешылі, што “частка рэчаў і ў тым ліку і рукапіс знойдзены” (факт, дакументальна засведчаны), ды… нічога яму не было вернута. У лісце даўняму сябру, у якога ў Растове-на-Доне гасцяваў перад гэтым, ён папрасіў таксама ў вышуку згубленага твора: “Паэма перароблена, а ў мяне ніякіх слядоў ад яе не засталося… Рукапіс гэты выбіў мяне з сядла, дык парупся, браток”. Ні чарнавіка, ні паперчыны так і не знайшлося з гэтай чарговай працы. І па сёння невядома: ён стаўся здабычай вакзальнага зладзюгана альбо прадумана быў выкрадзены і знішчаны? У жніўні пераадолеўшы засмучэнні, Колас пачынае трэці раз увасабляць задуму “Сымона-музыкі”. Пераглядае па-новаму першую рэдакцыю паэмы (1911-1918), дзве трэці тэксту піша наноў. І ў чэрвені 1925-га з-пад пяра паэта ўсё ж такі выходзіць 3-ці варыянт гэтай паэмы. А ў ліпені-жніўні твор выходзіць у свет у часопісе “Полымя рэвалюцыі”. Трэба зазначыць, што першы варыянт быў перагледжаны цэнзурай, шмат было выкраслена, зменена. Гэта давялося перажыць і трэцяму варыянту паэмы, які апошнім часам захоўваўся ў арыгінале ў малодшага сына пісьменніка Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча: каля 1500 розных выняткаў (!), антыаўтарскіх паправак і змен!

Урывак з паэмы. Аўтограф Я. Коласа. 1952 г.

Аб чым паэма? Найперш раскрываецца тэма ролі мастацтва ў жыцці народа, вобраз таленавітага музыкі як носьбіта мастацтва, якое знаходзілася ў той час у цяжкім становішчы, адлюстроўваецца роздум пісьменніка над гістарычным лёсам беларускага народа і лёсам нацыянальнага мастацтва. Сам твор быў напісаны пад уражаннем апавядання жабрака, якое чуў пісьменнік у час вучобы ў семінарыі пра таленавітага хлопчыка, шмат выкарыстана сюжэтаў і ідэй з вуснай народнай творчасці, з карэла-фінскага эпасу “Калевала”. Аднойчы, Якуб Колас прызнаўся, што гэта паэма аўтабіяграфічная: “Сымона-музыку” я пачаў пісаць у 1911 годзе. Не памятаю пры якіх абставінах мяне зацікавіла адна думка – неразуменне натоўпам сапраўднага мастака… “Калевала” дала мне добры штуршок для работы. Вейнямейнен, разважаў я, памірае ад радасці і тады пакідае свае гуслі народу. Чаму ж мой Сымон павінен канаць толькі ступіўшы на дарогу? Хай прынясе людзям радасць і пасля гэтага перадасць у другія рукі скрыпку. Так пакрысе прыйшоў я да яснасці. Стала зразумела, што сіла музыкі стане куда большая, калі яна верне Ганю да жыцця, парушыць яе часовае здранцвенне. І няхай хлопец і дзяўчына ідуць далей разам, музыка і яго будучыня. На што канчаць нечым пэўным іх шляхі? Народ жа вечны, вечнае яго мастацтва, вечныя і творцы песні і казкі”. Аўтар, нібы сам у вобразе Сымона, летуценнага хлопчыка, які ў кожнай рэчы, у кожным гуку бачыў незвычайную з’яву, аднойчы ўзгадаў: “Любіў я вясною на ўсходзе сонца зашыцца куды-небудзь у куток і слухаць  жаваранкаў. Мне тады здавалася, што я ведаю, аб чым яны спяваюць, я адрозніваў вясёлыя і слушныя іх песні, і мне нават здавалася, што жаваранкі ў другіх мясцінах не так спяваюць, як нашы”. Гэтыя моманты прыроды, якія ляглі ў аснову неўміручага твора заўважаны былі будучым паэтам у мястэчку Ласток, дзе пражывала ў свой час сям’я Міцкевічаў. Паэма “Сымон-музыка” з’яўляецца праграмным творам у беларускай літаратуры. Не адно пакаленне вырасла на ім. І да гэтага часу твор з’яўляецца папулярным. Хаця паэма аўтарская, але яна ўжо можа назвацца і народнай, бо яна перадаецца з пакалення ў пакаленне, з’яўляецца спадчынай беларуса. І хочацца верыць, што гэты твор сапраўды будзе неўміручым як і сам наш беларускі народ. У пачатку кнігі зазначана: “Беларускай моладзі сваю паэму прысвячае. АЎТАР”.

 

Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,

Ад казак вечароў,

Ад песень дудароў,

Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,

Ад шолаху начэй,

Ад тысячы ніцей,

З якіх аснована і выткана жыццё

І злучана быццё і небыццё, –

Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,

Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,

І выхаду шукаў

Адбітак родных з’яў

У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных.

У гэты скарб, пазычаны, адбіты,

У сэрцы перажыты

І росамі абмыты

Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых,

Для вас, душою чулых,

Як доўг, як дар,        

Дае пясняр.

 

Сустрэчы з вядомымі асобамі на сваім шляху заўсёды прыносяць асалоду. Менавіта з сынам Якуба Коласа Міхасём Канстанцінавіч Міцкевічам мне пашчасціла пабачыцца двойчы. І менавіта на юбілейныя ўгодкі яго славутага бацькі. Першы раз – у 2007-ым на 125-годдзі з дня нараджэння Янкі Купалы ў Вязынцы – радзіме беларускага песняра. Той дзень, як памятаю, быў дажджлівы. Але ж святу паэзіі гэтая непагадзь не замінала. Як і па ўстаноўленай традыцыі былі ўскладзены кветкі ля велічнага помніка. На мерапрыемства з’ехаліся вядомымі сучасныя класікі беларускай літаратуры. Сэрца замірала ад убачанага: гэта ж тыя асобы, творы якіх вывучаюць у школьнай і вузаўскай праграмах! Прызнаюся, што мала-памалу я цікавіўся маляваннем -, лепш сказаць перамалёўваннем выяваў, партрэтаў вядомых дзеячоў культуры нашай краіны. І, вядома, з сабою ў дарогу да Паэта прыхапіў некалькі сваіх малюнкаў – партрэтаў: Янкі Купалы і Якуба Коласа.  Дык вось, седзячы на лаве разам з лідскімі аматарамі жывога Купалава слова з парасонамі ў руках я сачыў за выхадам да мікрафону беларускіх паэтаў. І што важна, перада мною сядзеў хто-ніхто як сам Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч. Пасля выхаду да мікрафона, ён ціха сядзеў і слухаў выступленні іншых яго сяброў. Я, выкарыстаўшы момант, падышоў да яго і працягнуў свой “шэдэўр” яму на памяць. Праз пэўную хвіліну, Міхась Міцкевіч, глянуўшы на малюнак, прамовіў мне з жартам:

– Хлопчык, як я разумею, ты спрабаваў намаляваць майго бацьку? Але ж, мой харошы, гэтая выява больш падобная на мяне, бо Колас быў крыху худзейшы, чым на тваім малюнку, а я, наадварот, мажнейшы, як і сам бачыш. Але ж захаваю яго ў сябе.

Пасля пашчасціла мне сфатаграфавацца з вядомай асобай.

На здымку злева направа: беларускі паэт Віктар Шніп, Алесь Хітрун, сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, лідчанка Аксана Басалай у Вязынцы на 125-годдзі з дня нараджэння Янкі Купалы

 

Другая сустрэча здзейснілася ў мінулым, 2017 годзе. Адбылася яна падчас камандзіроўкі ў Мінск па рабочых пытаннях. Вырашыўшы іх, засталася вольная гадзіна. Я знаходзіўся непадалёку ад Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

На здымку: Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

Завітаў туды, як калега, пагутарыў з навуковымі супрацоўнікамі. Ад іх я дазнаўся, што Міхась Міцкевіч жыве зусім побач з музеем, праз агароджу.

На здымку: дом, у якім жыве Міхась Міцкевіч

Але ж патрапіць да яго трэба толькі па запісу. Я адразу затурбаваўся: няўжо я не змагу нават убачыць яго дом? На шчасце, брамка была не закрытай. І я ўвайшоў у двор. Дом двухпавярховы, у якім жывуць і іншыя сем’і. Заглянуў у дзверы (па сярэдзіне іх шкляная частка). Бачу: на калідоры Міхась Канстанцінавіч. Пагрукаў у іх. І праз хвіліну-другую адчыняюцца.

  • Што хочаш? – прамовіў сын Я.Коласа.
  • Вас наведаць. З Ліды я. З літаратурнага музея – доміка Таўлая.
  • Вы хіба не па запісу?
  • Не.
  • Што ж, заходзьце.

І вось я ў кватэры сына вядомага класіка. Правёў мяне ў свой рабочы пакой. Сцены аздоблены карцінамі, сямейнымі здымкамі, сярод якіх невялікая фотагалерэя з жыцця Якуба Коласа. На стале – вялікія стосы папер.

На здымках: падчас сустрэчы ў кватэры Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча

І тут, мы пачынаем гаворку. Слова па слову і я дазнаюся, што Міхась Канстанцінавіч у пэўны час для Лідскай мэблевай фабрыкі вырабляў пэўныя дэталі для механізмаў. У тым, што яго славуты бацька неаднаразова вылучаўся ў дэпутаты па Навагрудскай акрузе мне падцвердзіў адназначна. Пашчасціла паслухаць вершы, калісьці напісаныя народным паэтам, а цяпер у ягоным выкананні. І тут, сын Коласа вырашаецца пазнаёміць мяне з вялікім стосамі папер. Што тут? Гэта фотаздымкі. Некалькі дзесяткаў. І ўсе цікавыя. Пра кожны з іх у Міхася Канстанцінавіча свая гісторыя, свой трапны і гумарыстычны аповед. Ён ведае іх лёс. Чаму так? Адказ ляжыць на паверхні. Ён у свой час захапляўся фотамастацтвам. Паступова сабралася свайго роду ўнікальная калекцыя фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны найлепшыя імгненні з жыцця Якуба Коласа, цесця Янкі Маўра (жонка Міхася Канстанцінавіча – Наталля Іванаўна Фёдарава (1924-2012), дачка беларускага пісьменніка Янкі Маўра), крэўных і сяброў. Як прызнаўся мне, што яго захапленне майстэрствам фатаграфіі пачалося ў далёкім 1940 годзе. Першым фотаапаратам быў шырокафарматны Zeiss Ikon, які бацька, Якуб Колас, прывёз з Парыжа. Гэты фотаапарат Міхась Міцкевіч змог вывезці з Мінску падчас Вялікай Айчыннай вайны і цяпер ён экспануецца ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

Трэба зазначыць, што Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, унук лесніка і маладзейшы сын паэта, да пачатку Вялікай Айчыннай вайны закончыў восем класаў СШ № 49 г. Мінска (I-VII класы вучыўся ў СШ № 14 Мінска), з атэстатам выдатніка скончыў дзесяцігодку ў 1943 г. ў Ташкенце, дзе сям’я жыла ў эвакуацыі да вяртання ў 1947 г. ў Мінск. Там жа, у Ташкенце, паступіў у Варонежскі авіяцыйны інстытут на машынабудаўнічы факультэт; у тым самым годзе перавёўся ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут на аналагічны факультэт. У 1949 г. скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер БНТУ) па спецыяльнасці «тэхналогія машынабудавання» і працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай акадэміі навук на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка (1949-1961), галоўнага інжынера лабараторыі (1961-1968), загадчыка лабараторыі (1969-1993). З 1993 г. – галоўны навуковы супрацоўнік. Аўтар 150 навуковых прац і звыш 20 вынаходніцтваў. За распрацоўкі ў галіне тэхналогіі і абсталявання для электраэразійнай апрацоўкі металаў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР (1980). Доктар тэхнічных навук (1985). Міхась Міцкевіч – майстар спорту СССР па стэндавай стральбе (браў удзел і быў прызёрам першай спартакіяды народаў СССР (1956)), якая мае вытокі ў сярэднявечных спаборніцтвах паляўнічых. Аматар пялявання, фатаграфій, складання эпіграм. Калі казаць пра літаратурную творчасць яго бацькі, то ён стаў прататыпам галоўнага героя дзіцячай паэмы Якуба Коласа «Міхасёвы прыгоды» (1934). Малодшаму сыну паэт прысвяціў таксама вершы: «Рагатка» (1934), «Дронік» (1935—1936), «Не тужы» (1939), «Сыну» (1942), «Міхасю» (1943), «…Адстану я, і час разлукі» (1946).

Што ж, час абмежаваны, дарога не блізкая. І я развітаўся з цікавым суразмоўцам у спадзяванні, што яшчэ не раз атрымаецца нам сустрэцца.

Аднойчы пра сустрэчу з Якубам Коласам распаводзіла мне былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры, лідская паэтэса Алеся Бурак, пра той час калі яна была яшчэ студэнткай. Аб гэтым было напісана ў краязнаўчым, гістарычна-літаратурным часопісе “Лідскі летапісец” за № 52.

“…У той час не хадзілі ні аўтобусы, ні маршруткі: дабірацца дадому студэнтам было цяжка. А да бліжайшай чыгуначнай станцыі з Дукоры, дзе яна жыла, была адлегласць 12 кіламетраў. Каб патрапіць у Мінск, студэнтка Аляксандра ішла да станцыі пешшу, па чыгунцы. А з Мінска ўжо дабіралася на спадарожных машынах, у большасці на грузавіках. Аднойчы яна выйшла на шашу з мэтай спыніць які-небудзь транспарт, каб дабрацца з Мінска да Дукоры. І тут легкавая машына прыпыняецца… Спераду сядзеў мужчына – пасажыр, які не адварочваючыся, з цікавасцю распытваў у дзяўчыны: дзе вучыцца, якая сям’я. Аляксандра, шчырая па натуры, расказвала, што яна студэнтка, едзе дадому, дзе яе чакае маці і тры малодшыя сястры, што бацька яе загінуў на вайне. З пачуццём болю ўспрыняў мужчына яе адказы. А калі даехалі да Дукоры, Аляксандра памкнулася заплаціць. І чалавек, які сядзеў на пярэднім сядзенні павярнуўся да яе. Гэта быў славуты Якуб Колас. Канешне, грошай ад яе за праезд ніхто не ўзяў…

Яшчэ адзін з успамінаў пра Якуба Коласа захаваўся ў удзельніцы партызанскага руху ў час Вялікай Айчыннай вайны, былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, лідскай паэтэсы Веры Рыгораўны Ляцецкай, якая ў свой час аб гэтым напісала ў літаратурна-мастацкім часопісе “Ад лідскіх муроў” №5 за 2001 год у матэрыяле “Мой славуты зямляк”.

“Якуб Колас!..  Колькі ў двух гэтых словах велічы, мілагучнасці, радасці і смутку. Радасці ад таго, што ён жыў на нашай роднай зямлі для свайго народа, пісаў аб ім і для яго, быў вялікім педагогам, творы якога натхняюць наша сучаснае пакаленне на працоўныя подзвігі, вучаць любіць сваю Радзіму, родны край, той куток, дзе нарадзіўся і вырас. Сумна, што ён сёння не з намі. Колькі б цудоўных твораў ён яшчэ напісаў для свайго народа!

         Якуб Колас – мой настаўнік, дарадца, зямляк. Дзякуючы яму, яго творам я стала выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе, з вялікім захапленнем, энтузіязмам працавала сорак гадоў на ніве народнай адукацыі.

         Помню далёкія трыццатыя гады… Я тады вучылася ў Менскім польскім педтэхнікуме, які знаходзіўся па вуліцы Савецкай, 144. Мы часта запрашалі Канстанціна Міхайлавіча да нас на заняткі літаратурнагагуртка, дзе ён нам дэкламаваў вершы. Ды як дэкламаваў! Усёй сваёй істотай, сэрцам. Але больш ён любіў слухаць нас, чым выступаць сам. Мы чыталі яму свае першыя літаратурныя творы. Ён уважліва слухаў нашы вершы, даваў мудрыя парады. Помню яго словы адносна літгурткоўцаў: “Вядома, што не ўсе вы станеце паэтамі, празаікамі, але я веру, што на ўсё жыццё палюбіце свой край, народ, яго мову і літаратуру”.

         Якуб Колас – мой зямляк. Я нарадзілася на Уздзеншчыне ў вёсцы Язвіны, што ў трох кіламетрах ад Мікалаеўшчыны. Я часта бываю ў родных мясцінах, часам сяджу на беразе Нёмана, слухаю гамонку дубоў, шэпт нёманскіх хваль, хаджу па тых лугавых, баравых сцежках, дзе калісьці хадзіў мой вялікі зямляк. Натхненне зноў прыходзіць да мяне:

 

Вітаю Коласа мясціны,

туман над Нёманам, лясы,

і вас, грыбныя баравіны,

дзе зацвітаюць верасы.

 

Вітаю гнёзды буславыя,

над Нёманам, у сясняку,

дубы сівыя, векавыя

і гэту родную раку.

 

Вітаю белыя бярозы:

што шэпчуць з яварам,

                                       вярбой,

і вас, наднёманскія лозы,

якімі захапляўся ён.

 

Вітаю сцежкі баравыя,

што Юзік з Кастусём

                                    таптаў,

і вас, дарогі лугавыя,

якімі статак з поля гнаў.

 

Вітаю, ганаруся вамі,

зайздрошчу нават

                                   моцна вам:

былі вы сведкамі, сябрамі,

вам Колас душу адкрываў.

 

Пакінуць вас не маю

                               сілы

і чую ціхі шэпат хваль:

“Мой родны кут!

Як ты мне

                       мілы,

 

як ты мне любы,

              родны

                          край!”

 

 

   Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея