/ Жыве мая ліра нанова!

Жыве мая ліра нанова!

Лідчына – таленавіты край. Гэта мясціна, на якой нарадзілася значная частка прадстаўнікоў з творчага кола, у лік якога ўваходзяць мастакі, скульптары, музыкі і, безумоўна, майстры прыгожага слова – пісьменнікі.

Беларуская пісьменніца Алаіза Пашкевіч, вядомая пад псеўданімам Цётка.

Творчасць гэтай пiсьменнiцы распаўсюджана як на тэрыторыi, так i за межамі Беларусі. Ёсць меркаванне, што Цётка ў 1915 годзе заснавала ў Лідзе першую легальную беларускую школу.

А нарадзілася Алаіза Пашкевіч на тэрыторыі Лідскага павета ў 1876 годзе. У  літаратурным аддзеле (доме В.Таўлая) Лідскага гісторыка-мастацкага музея праходзіць выстаўка “Жыве мая ліра нанова!”.

Экспануецца скульптура Цёткі з фондаў музея, зробленая з гіпсу вядомым у Беларусі скульптарам Андрэем Заспіцкім, а таксама мастацкія работы выхаванцаў з ДУА “Лідская дзіцячая мастацкая школа мастацтваў”, прысвечаныя творчасці пісьменніцы.

Акрамя гэтага, наведвальнікi ўбачаць копіі сямейных фотаздымкаў, вокладкі зборнікаў зямлячкі і яшчэ раз узгадаюць яе вядомыя творы ці вытрымкі з іх.

Трапіць у асяроддзе Цёткі дапамогуць скрыпка як адзін з тагачасных сімвалаў у творчасці пісьменніцы i пяро з чарнільніцай як галоўны яе атрыбут.

На базе выставы плануецца правядзенне мерапрыемстваў, якія накiраваны на распаўсюджванне роднай мовы сярод дзяцей i моладзi, бо менавіта да гэтага імкнулася Алаіза Пашкевіч.

Выстава будзе дзейнічаць доўгі час.

Цётка чакае наведвальнікаў!!!