17 снежня ветэраны-ракетчыкі Рэспублікі Беларусь адзначаць Дзень Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння.
Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння (РВСП) як від Узброеных Сіл былі створаны 17 снежня 1959 года па рашэнні Урада СССР.
На тэрыторыі Лідчыны размяшчалася 49-я гвардзейская Чырванасцяжная Станіслаўска-Будапешцкая ракетная дывізія. Штаб упраўлення дывізіі знаходзіўся ў Лідзе. На працягу амаль сарака гадоў ракетчыкі бесперапынна неслі баявое дзяжурства па абароне заходніх межаў Савецкага Саюза і Рэспублікі Беларусь. Служба была нялёгкай, але яны з гонарам і годнасцю выконвалі ўскладзеныя на іх задачы. 49-я ракетная дывізія лічылася адной з найлепшых у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння Савецкага Саюза. Яе вайскоўцы актыўна ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні Ліды, будаўніцтве Паўночнага гарадка, лакафарбавага завода, закладцы Кургана Бяссмерця, дапамагалі калгасам ва ўборцы ўраджаю.
Па ініцыятыве савета ветэранаў 49-й ракетнай дывізіі ў чэрвені 2018 года была створана ў маштабе ўсёй рэспублікі грамадская арганізацыя ветэранаў РВСП. Старшыня РГА “Ветэраны РВСП” – Іван Васільевіч Кірычэнка.
У 2019 г. ветэраны ўвекавечылі памяць аб дывізіі памятным знакам, які стаіць ля ўваходу на тэрыторыю яе былога штаба ў Паўночным гарадку.
У музеі ветэранамі-ракетчыкамі створана выстаўка “Надзейны шчыт краіны”, якая знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй і баявым шляхам 49-й ракетнай дывізіі. На базе выстаўкі праходзяць дыялогі пакаленняў, гадзіны памяці з падрастаючым пакаленнем.
Напярэдадні Дня РВСП запрашаем вас наведаць выстаўку “Надзейны шчыт краіны”. Па папярэдніх заяўках арганізуем сустрэчы з ветэранамі-ракетчыкамі.