У гадавым коле беларускага народнага календара адметнае месца займалі Каляды. Пачатак гэтага старажытнага свята супадаў з важнай прыроднай падзеяй: зімовым сонцастаяннем. Нябеснае свяціла паступова паварочвала на новае гадавое кола, і гэта быў (па ўяўленнях нашых продкаў) час нараджэння новага Сонца. У больш познія часы ў хрысціянскай традыцыі ў гэты перыяд пачало адзначацца адно з найважнейшых свят – Раство Хрыстова. Па грыгарыянскім календары дата ў ноч з 24 на 25 снежня захавалася ў каталікоў, а ў праваслаўных беларусаў (па юліянскім календары) адзначаецца свята – з 6 на 7 студзеня.
Снежнае покрыва зямлі, лёгкі марозік (як і павінна быць на Каляды!!!) дададуць атмасфернасці нашым наведвальнікам падчас музейна-педагагічнага занятка “На свята Каляды”. Гэта добрая магчымасць акунуцца ў гісторыю народных зімовых свят, святочнага стала, таемнасці варажбы, знаёмства з героямі гурта “Калядоўшчыкі” праз міні-тэатр ценяў.