/ Навіны / Музейныя зімнікі ў Доме Таўлая з настаяцелем храма Усіх Святых протаіерэем Уладзімірам Яромічам

Музейныя зімнікі ў Доме Таўлая з настаяцелем храма Усіх Святых протаіерэем Уладзімірам Яромічам

Чарговае мерапрыемства з цыкла музейных зімнікаў “ЗаВАЛІнкі на ЗамКАВАЙ,7” зноў сабрала творчых, зацікаўленых людзей. У Доме Таўлая, а менавіта ў мемарыяльным пакоі паэта, загучалі жывыя галасы як і пры жыцці самога гаспадара – Валянціна Таўлая. Нагадаю, што ў свой час (з 1939 па 1941 гады) тут, у гэтым доме збіраліся яго калегі па працы, паэты, сябры. Затрымліваліся яны на доўга. Тут стаяў водар кавы, тут гучалі вершы. Гэтым разам да “Валянціна на каву” завіталі менавіта мясцовыя паэты. Але не зусім. Госцем мерапрыемства стаў кіраўнік Аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню ў Лідскай епархіі, настаяцель храма Усіх Святых протаіерый Уладзімір Яроміч.

Чарговая сустрэча была прысвечана традыцыям святкавання Ражства Хрыстова ў праваслаўнай канфесіі. Куратар мерапрыемства навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Аляксандр Хітрун распавёў пра традыцыі, якія падтрымлівалі нашы продкі. А менавіта пра гісторыю хрысціянства, якое было выцеснена язычніцкімі традыцыямі, пасля чаго Каляды (Святкі) прымеркаваліся народам да календароў хрысцінскіх канфесій, у якіх на дні зімовага сонцастаяння прыпадала нараджэнне Ісуса Хрыста. У гульнявой форме былі выкарыстаны некаторыя язычніцкія атрыбуты, якія мелі сваё сімвалічнае значэнне. Напрыклад, з-пад накрытага белага абруса паэты не адмовіліся выцягнуць саломіну, каб вызначыць які будзе ўраджай ільну, сена, збожжа, а таксама якое будзе здароўе; таксама дазналіся што азначалі ў нашых продкаў (незамужных дзяўчат) тыя ці іншыя прадметы, калі знайсці іх у місцы са збожжам.

За накрытым сталом з салодкім печывам, за кубкам кавы прысутныя падзяліліся незвычайнымі гісторыямі, якія сталі лёсавызначальнымі ў іх жыцці, што яшчэ раз даказалі ў існаванне і веру ў Бога. Таксама зачыталі ўласныя вершы, якія адпавядалі тэме сустрэчы.

У відэафармаце быў зроблены прагляд відэасюжэтаў, дзе фалькларыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, дацэнт кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы Руслан Казлоўскі падзяліўся таксама даследчымі напрацоўкамі з язычніцкіх забаў, якія бытавалі ў жыцці нашых продкаў падчас Калядаў. Відэазапіс монаспектакля “Калядныя ігрышчы” ад вядомага фалькларыста, лідэра этна-гурта “Троіца”

Івана Кірчука нагадаў прысутным пра батлейку, дзе прадэманстраваны спектакль “Цар Ірад”.

Протаіерэй Уладзімір Яроміч пракаментаваўшы ўсё ўбачанае і пачутае, заклікаў прысутных да веры ў Бога, зазначыў, што святочныя вячэры неабходна праводзіць у настроі, у кампаніі з роднымі, блізкімі, працягваць і традыцыі нашых продкаў, але са святочнымі спевамі, танцамі, частаваннем смачнымі стравамі, прыгатаванымі сваімі рукамі і самае галоўнае – любіць і паважаць адно аднаго і тады без язычніцкіх забаў усё здзейсніцца і ўсё будзе добра. Напрыканцы, святар ўручыў кожнаму па кішэннаму памесячнаму праваслаўнаму календару на 2021 год і запрасіў прыняць удзел у набліжаючым Хрышчэнні Гасподнім.

PS: якая тэма наступных музейных зімнікаў? Адказ такі: сустрэча павінна быць цікавай, бо ў творчых людзей ідэй як заўсёды хапае.