Да 105-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля.
4 жніўня споўніцца 105 год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Брыля. Як пісьменнік звязаны з Лідай? Адназначна, непарыўна.
З Янкам Брылём былі знаёмыя і сустракаліся лідскія паэты. У Лідзе і на Лідчыне класік быў неаднаразова, яго запрашалі ў школы на сустрэчы. Янка Брыль меў непарыўнае сяброўства з Валянцінам Таўлаем.
Узгадаем значную падзею, якая адбылася 59 год назад на Лідчыне. Трэба зазначыць, што горад Ліда – гэта той прынёманскі край, які паважаў і шчыра адносіўся да беларускай літаратуры яшчэ ў той, савецкі час, бо нават пісьменнікаў вылучалі дэпутатамі ў Вярхоўны Савет БССР. Так, у сакавіку 1940 года па Лідскай-Слабадской акрузе №306 лідзяне абралі дэпутатам Янку Купалу. У той час выбіралі дэпутатам лідскага гарадскога Савета і беларускую пісьменніцу Ніну Тарас, якая ўжо працавала ў лідскай газеце “Уперад”. Значныя выбары адбыліся і 3 сакавіка 1963 года, падчас якіх у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Радзівонішскай выбарчай акрузе №329 абралі Янку Брыля. Пра гэтую падзею пісала на той час лідская газета “Сцяг працы”. У фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея захоўваецца падшыўка газет за той, 1963 год. Сёння мы змяшчаем іх нанова, каб акунуцца ў напружаную і па-асабліваму святочную атмасферу.
У матэрыяле за 12 лютага ў №19 (121) пад назвай “На перадвыбарных акруговых сходах” пазначаецца:
“Больш 300 рабочых саўгасаў “Малое Мажэйкава” і “Тарнова”, калгаснікаў сельскагаспадарчых арцелей імя Калініна, імя Леніна, імя Войкава, “Радзіма”, “Ударнік” і іншых сабраліся на перадвыбарны акруговы сход у Радзівонішкаўскім сельскім клубе. Сход адкрыў старшыня Радзівонішкаўскай выбарчай камісіі, дырэктар мясцовай школы тав. Блажэй.
– Мы сабраліся сюды сёння, – сказаў ён, – каб канчаткова дамовіцца аб нашым кандыдаце ў Вярхоўны Савет БССР. Рабочыя саўгаса “Малое Мажэйкава” і калгаснікі сельгасарцелі імя Калініна, як вядома, кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Радзівонішкаўскай выбарчай акрузе назвалі беларускага пісьменніка Івана Антонавіча Брыля. Я ўпэўнены, што ўсе нашы выбаршчыкі 3 сакавіка аддадуць за яго свае галасы.
Адзін за другім узнімаюцца на трыбуну прамоўцы. Словы іх поўны хвалявання.
– Члены нашай сельгасарцелі, – гаворыць калгаснік арцелі імя Калініна тав. Ашмяна, – кандыдатам у дэпутаты па Радзівонішкаўскай выбарчай акрузе вылучылі беларускага пісьменніка Янку Брыля. Нашу прапанову падтрымалі многія калектывы. Я заклікаю ў дзень выбараў аддаць свае галасы за нашага кандыдата, за нашу родную Камуністычную партыю, за Савецкі ўрад.
Акруговы перадвыбарны сход аднагалосна рашыў прасіць акруговую выбарчую камісію зарэгістраваць Івана Антонавіча Брыля кандыдатам у дэпутаты па Радзівонішкаўскай выбарчай акрузе №329.
На сходзе выбраны давераныя асобы і прыняты зварот да ўсіх выбаршчыкаў Радзівонішкаўскай выбарчай акругі.”
Праз пару газетных нумароў, 21 лютага ў №23 (125) быў змешчаны матэрыял “У сардэчнай абстаноўцы”:
“Пазаўчора клуб калгаса імя Калініна запоўнілі выбаршчыкі Радзівонішскай выбарчай акругі па выбарах у Вярхоўны Савет БССР. Тут былі прадстаўнікі з калгасаў “Сцяг Саветаў”, “Ударнік”, імя Калініна, саўгасаў “Тарнова” і “Малое Мажэйкава”.
Сход, прысвечаны сустрэчы з кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР І. А. Брылём і кандыдатам у дэпутаты абласнога сельскага Савета дэпутатаў працоўных З. Саўрас, адкрыў старшыня акруговай выбарчай камісіі П. І. Блажэй. Ён прадастаўляе слова даверанай асобе, старшыні калгаса імя Калініна А. А .Кручку. Прамоўца расказвае аб жыцці і творчай дзейнасці вядомага беларускага пісьменніка, заклікае ў дзень выбараў аддаць свае галасы за вернага сына беларускага народа, які сваім мастацкім словам кліча ўсіх наперад, да светлых вяршынь камунізма.
Ад імя мясцовай інтэлігенцыі выступіла настаўніца Радзівонішскай васьмігадовай школы Ф. В. Чыжык.
– Творы Янкі Брыля цікавыя і павучальныя, – гаворыць яна. – Чакаем ад пісьменніка новых здзяйсненняў, жадаем яму поспехаў у працы на карысць народа.
Загадчыца Радзівонішскай бібліятэкі Т. А. Цайковіч далажыла прысутным, што тэматыка твораў Янкі Брыля блізкая і зразумелая народу. Вось таму і кнігі пісьменніка ахвотна чытаюць людзі самых розных узростаў і прафесій.
Слова даецца даверанай асобе кандыдата ў дэпутаты абласнога Савета М. В. Салыгу.
Рабочыя нашага саўгаса “Малое Мажэйкава”, – гаворыць ён, – вылучылі кандыдатам у дэпутаты абласнога Савета свінарку Саўрас. Хоць яна яшчэ і маладая дзяўчына, але заслужыла такі гонар сваёй выдатнай працай. Цяпер Зіна паступіла вучыцца завочна ў тэхнікум і паспяхова спраўляецца і на рабоце, і ў вучобе. Сёлета Зіна ўзяла абавязацельства адкарміць тысячу свіней і слова сваё, безумоўна, стрымае. Я заклікаю ўсіх выбаршчыкаў у дзень выбараў галасаваць за Зіну Саўрас.
Думкі тав. Салыгі прадоўжыла ў сваім выступленні загадчыца Гасцілаўскага клуба тав. Баранава.
Цёпла сустрэтыя прысутнымі з прамовамі выступілі З. Саўрас і Янка Брыль. Сустрэча прайшла ў сардэчнай абстаноўцы.
****
Учора Янка Брыль сустракаўся з выбаршчыкамі – рабочымі саўгаса “Малое Мажэйкава”, а сёння адбудзецца сустрэча з выбаршчыкамі ў Вавёрцы.
І . Бярэзін”.
Пра далейшую дзейнасць Янкі Брыля на Лідчыне ўзгадваецца ў газетнай нататцы за 26 лютага ў №25 (127) “Янка Брыль у гасцях у школьнікаў”:
“Убачыць жывога пісьменніка, тым больш такога, які напісаў самую любімую кнігу, мара, бадай што, кожнага школьніка. І калі ў Красноўскай школе даведаліся, што да іх прыедзе Янка Брыль, пульс школьнага жыцця быў яўна парушан. Не цярпелася хутчэй убачыць аўтара “У Забалоцці днее”, “На Быстранцы”, “Галя”, “Граніца” і іншых цікавых твораў.
І вось, нарэшце, Янка Брыль у школе. Зайшоў, прывітаўся, так проста, так шчыра, ну, як самы звычайны чалавек.
Меркавалася спачатку арганізаваць сустрэчу навучэнцаў старэйшых класаў з пісьменнікам. Але дзе там! Хіба ўтрымаеш чатырохкласніка, калі ён прагне паслухаць пісьменніка, глядзець на яго! У класнай аўдыторыі змясцілася каля ста школьнікаў. Загадчык навучальнай часткі Раіса Макараўна Мазала расказвае навучэнцам аб жыцці і творчай дзейнасці пісьменніка. Уважліва слухаюць яе школьнікі, толькі час ад часу кідаючы цікаўныя позіркі ў бок Янкі Брыля.
Напэўна на самым цікавым уроку не было такой цішыні, як у той час, калі гаварыў пісьменнік. А гаварыў ён цікава, як і напісаў свае творы. Аўдыторыя чула рэагавала на кожны жарт, кожнае выказванне пісьменніка.
Непрыкметна праляцела гадзіна. Але яна надоўга застанецца ў памяці красноўскіх школьнікаў, як памятная падзея ў іх жыцці. А. Краска.”
І ўжо незадоўга да выбараў у №26 (128) за 28 лютага быў змешчаны агітацыйны матэрыял “Брыль Іван Антонавіч”. Пазначана наступнае:
“Калгаснікі сельскагаспадарчай арцелі імя Калініна і рабочыя саўгаса “Малое Мажэйкава” на сваіх перадвыбарных сходах аднадушна вылучылі кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР вядомага беларускага пісьменніка Янку Брыля. Кандыдатура гэта была падтрымана выбаршчыкамі іншых калгасаў і зарэгістравана па Радзівонішскай выбарчай акрузе.
Іван Антонавіч Брыль нарадзіўся 4 жніўня 1917 года ў горадзе Адэсе ў сям’і рабочага-чыгуначніка. Бацькі пісьменніка – выхадцы з былога Карэліцкага раёна. У 1922 годзе яны пераехалі на радзіму ў вёску Загор’е.
Першапачатковую адукацыю Янка Брыль атрымаў ад маці, якая навучыла сына чытаць па-беларуску. У 1937 годзе ён скончыў польскую сямігодку. Далей у навуку сялянскаму хлопцу дзверы былі зачынены. Янка працуе дома на гаспадарцы і адначасова займаецца самаадукацыяй.
У 1937 годзе Янка Брыль напісаў першае апавяданне “Марыля”.
У 1939 годзе пісьменнік быў мабілізаваны ў польскую армію. У гэтым жа годзе ён трапляе ў палон да нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ў 1941 годзе – уцякае на Радзіму. Родныя мясціны былі тады акупіраваны нямецкімі захопнікамі. Янка Брыль наладжвае сувязь з партыйным падполлем і неўзабаве ўступае ў партызанскі атрад, рэдагуе падпольную газету Мірскага РК КПБ.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў пісьменнік працуе ў сатырычным часопісу “Вожык”. У 1946 годзе з друку выходзіць першая кніга Я. Брыля “Апавяданні”.
“Нёманскія казакі”, “Вераснёвая рунь”, “Пачатак сталасці”, “Надпіс на зрубе”, “У Забалоцці днее”, “На Быстранцы”, “Ліпка і клёнік”, “Працяг размовы” – такі няпоўны пералік твораў Янкі Брыля, які выдадзены ў пасляваенныя гады.
Іван Антонавіч Брыль актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці рэспублікі. Ён дастойны кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР.
І. Лешанюк, інструктар парткома Лідскага вытворчага ўпраўлення.”
Пазней, у газеце “Сцяг працы”, №55 (157), 9 мая газетчыкі зноў напомнілі пра свайго дэпутата Вярхоўнага Савета БССР і змясцілі фотаздымак, дзе сярод моладзі сельгасарцелі “Беларусь” Маладзечанскага раёна знаходзіцца пісьменнік Янка Брыль.
Не забываў Янка Брыль наведвацца ў Ліду. Сюды ён прыехаў 9 лютага 1964 года. Сустрэча адбылася ў рэдакцыі лідскай газеты “Сцяг працы”, якая размяшчалася на вуліцы Кірава, 24. У газеце за №18, 11 лютага 1964 года была змешчана нататка “У літаратурным аб’яднанні”:
“У нядзелю ў рэдакцыі газеты “Сцяг працы” сабраліся пачынаючыя літаратары Лідчыны на сход раённага літаратурнага аб’яднання. У госці да мясцовых аўтараў прайшлі вядомы беларускі пісьменнік Янка Брыль, маладыя паэты Уладзімір Караткевіч і Рыгор Барадулін, журналіст, супрацоўнік “Сельской газеты” Якаў Міско.
Супрацоўнік рэдакцыі М.Васілеўскі расказаў аб мінулай рабоце літаратурнага аб’яднання, зрабіў агляд твораў, змешчаных у апошні час на старонках газеты “Сцяг працы”. З разборам вершаў мясцовых аўтараў выступіў супрацоўнік рэдакцыі В.Кучынскі. Потым прачыталі свае вершы настаўнік Іван Івашэвіч, рабочы шклозавода “Нёман” Эдуард Маціеўскі, інструктар ГК КПБ Наталля Гарбачова, служачы Мікалай Маторын.
Цікавымі і карыснымі былі заўвагі, парады, пажаданні нашых гасцей. На сходзе выступілі Я.Брыль і Р.Барадулін.
Выбрана бюро літаратурнага аб’яднання ў складзе пяці чалавек: М. Васілеўскі (старшыня), І. Івашэвіч, В. Кучынскі, М. Маторын, П. Ясінскі.”
У гэты ж самы дзень, шаноўны госць падпісаў сваю кнігу і Лідскаму гісторыка-мастацкаму музею. Захоўваецца яна ў фондасховішчы. Назва кнігі – “Роздум і слова”, выдадзеная ў Мінску ў выдавецтве “Беларусь” у 1963 годзе. На фарзацы змешчаны дарчы надпіс аўтара: “Лідскаму краязнаўчаму музею – на добры ўспамін. Янка Брыль. 9.ІІ.64. Ліда”. На яе старонках знайшлося месца і для матэрыяла “Памяці Валянціна Таўлая”, напісанага ў 1957 годзе. Але пра сяброўства Янкі Брыля і Валянціна Таўлая на гэты раз мы ўзгадваць не будзем. Пакінем на другі раз.
Аб тым, што шаноўны беларускі пісьменнік, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР па Радзівонішскай выбарчай акрузе №329 не забываў Лідчыну, узгадана і ў яго кнізе “Вячэрняе: Лірычныя запісы і мініяцюры”, якая выйшла ў Мінску ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 1994 годзе. Ва ўспамінах за 1965 год Янка Брыль піша: “18-20 мая ездзіў з Аўрамчыкам і Грахоўскім па Лідчыне. Выступалі ў школах, гутарылі з калгаснікамі, выпівалі і спявалі з настаўнікамі. Успаміналіся радкі Вялюгіна: «Беларусь, Беларусь – ні канца і ні краю…» Прыгожая, працавітая, мнагалюдная Беларусь. У тым сэнсе, што многа харошых, цікавых, цудоўных людзей. І верыцца, што мова наша жыве!.. Зноў бачыў, у новых вобразах, веліч народнага подзвігу і пакут. Калі мы ўскладалі звіты школьніцамі вянок каля помніка расстраляным жыхарам балотнай вёскі Леснікі, глядзелі самотны помнічак па расстралянай сям’і – і проста на агародзе… Калі дырэктар школы паказваў у настаўніцкім пакоі сляды ад куль бандыцкіх на чыстых, пафарбаваных пасля гэтага дзвярах… Тут, у гэтым светлым пакоі, ужо ў свабоднай Беларусі, пасля выгнання гітлераўцаў, «акоўцы», «белапалякі», як называў іх з нянавісцю рахманы і талковы старшыня калгаса, – стралялі нашых людзей, актывістаў…”
Трэба зазначыць, што Янка Брыль быў абраны дэпутатам па Лідчыне на 4 гады – з 1963 па 1967 гг.
Падрыхтаваў Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея.