Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны палескіх крыніц,
Сінь чабору і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.
Калі ж хто загадае: «Не трэба!» –
Адрачэцца ад мовы народ, –
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безліч нягод.
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі:
Студзень – з казкамі снежных аблокаў,
Люты – шчодры на сіні мароз,
Сакавік – з сакатаннем і сокам
Непаўторных вясновых бяроз,
Красавік – час маланак і ліўняў,
Травень – з першым каханнем, сяўбой,
Чэрвень – з ягаднаю зарой,
Ліпень – з мёдам,
З пшаніцаю – жнівень,
Спелы яблычны верасень,
Светлы кастрычнік
У празрыстасці чыстай, крынічнай,
Лістапад – залаты лістапад,
Снежань – першы густы снегапад…
Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю —
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю,
– такім чынам у вершаванай форме перадаў найлепшыя пачуцці да роднай мовы ў аднаіменным творы Пімен Панчанка.
“Ты, мой брат, каго зваць беларусам,
Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як не зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся…”,
– так казаў нам паэт Алесь Гарун,
“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”, – такім чынам заклікаў нас Францішак Багушэвіч,
“Бедны той, хто, апрача грошы, апрача багацця, каторае пры першым няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў вечных — скарбаў душы. Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здалее, гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы, — гэта вялікае мілаванне чалавека — слабога, пакрыўджанага”, – напамінала нам знакамітая Цётка – Алаіза Пашкевіч.
Такія вытрымкі з твораў можна пералічваць вельмі доўга. Так, яны нам вядомы са школьнай праграмы. Але ж не ўсё ўдаецца высветліць, ухапіць за пэўныя адведзеныя гадзіны пад час вучобы ў школе ці ў іншай навучальнай установе.
Не ўсе напэўна ведаюць, што ўзгаданая Цётка, якая з’яўляецца нашай зямлячкай (нарадзілася ў фальварку Пешчына Лідскага павету) ў 1912 годзе ў Вільні, Нова-Вілейцы, Лідзе арганізавала тайныя беларускія школы. А ўжо праз некалькі год, менавіта, 13 лістапада 1915 года, дзякуючы намаганням каталіцкага святара Баляслава Пачопкі і пісьменніцы Алаізы Пашкевіч, у сталіцы былога Вялікага Княства Літоўскага – Вільні, на Юр’еўскай вуліцы, была ўтвораная першая сталая беларуская школа. Менавіта яна паклала пачатак масавай адукацыі дзяцей на беларускай мове. Праз год дзейнічала ўжо пяць беларускіх пачатковых школ. Яны былі ў Лідзе, Гародні, Крынках і іншых населеных пунктах. Праз недахоп настаўнікаў-беларусаў вельмі востра стаяла кадравае пытанне. Менавіта таму разам з першай беларускай школай у Вільні пачаліся і першыя настаўніцкія курсы.
Дык чаму не нагода арганізаваць у Лідзе заняткі як працяг творчай і навуковай дзейнасці нашай вядомай зямлячкі! Самае месца ў Лідзе – гэта літаратурны аддзел – Дом Валянціна Таўлая – Лідскага гісторыка-мастацкага музея. “У школу да Цёткі!” – адзінагалосна вырашылі так назваць музейна-адукацыйную праграму. Гэтая ідэя ўзнікла 15 ліпеня 2016 года пад час адкрыцця выставы “Жыве мая ліра нанова”, прысвечанай беларускай пісьменніцы-зямлячцы Алаізе Пашкевіч, вядомай пад псеўданімам Цётка. Мова і літаратура тут заўсёды побач.
Прапанова была падтрыманая супрацоўнікамі Лідскага гісторыка-мастацкага музея, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама. Трэба зазначыць, што дадзеная музейна-адукацыйная праграма дала штуршок цэламу цыклу мерапрыемстваў, якія сталі праводзіцца ва ўстановах культуры нашага горада. Па ўзгадненню з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама быў абвешчаны культурна-асветніцкі праект “Беларусь – мая мова і песня”. Дадзены праект накіраваны на прапаганду беларускай мовы і літаратуры, нацыянальнай культуры, гісторыі, звычаяў і традыцый.
Менавіта ў гэтым накірунку працавала беларуская пісьменніца Цётка.
…З пачатку года Цётчына школа расчыніла свае дзверы. І на яе заняткі сталі прыходзіць людзі розных слаёў насельніцтва. Як кажуць, ад малога да вялікага. Для малодшага пакалення – вучняў і студэнтаў рыхтуюцца асобныя тэмы-гутаркі. Для замацавання ведаў выкарыстоўваецца мультымедыйная апаратура, дзякуючы якой адбываецца прагляд падрыхтаваных слайдаў па той ці іншай тэме. Гучыць музыка, выкарыстоўваюцца відэасюжэты, перакладаюцца словы з рускай на беларускую мову. У правядзенні і раскрыцці такіх заняткаў па магчымасці служаць так званыя жывыя-аўтэнтычныя прадметы як з фондаў так і з выставаў, якія размяшчаюцца менавіта ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі. Матэрыялы для арганізацыі заняткаў выкарыстоўваюцца са шматлікіх падручнікаў і метадычных парад для школьнага выхавання, кніг па беларускаму фальклору і краязнаўству і многае іншае.
Заняткі наведваюць і старэйшае пакаленне, а менавіта, людзі шаноўнага ўзросту – дзеці вайны з праекта ваенна-гістарычнай гасцёўні “Памяць пакліч за сабою”. А лідская паэтэса Алеся Бурак апошнімі днямі свайго жыцця нават напісала верш “Урок беларускай мовы”, які даслала для музейна- адукацыйнай праграмы “У школу да Цёткі”.
Урок беларускай мовы
“Гэты верш без перакладу
Абмяркуем мы з табой…”
Марыя Масла
Крочыць, лунае родная мова
У гутарках, жартах шматлікіх людзей,
У спевах, прамовах, на ўлонні гаёвым,
На хвалях надвор’я, на плынях падзей.
Прастора, палеткі, прысады, краіна.
Улада, грамадства, дзяржаўнасць, Айчына.
Узгорачак, сажалка, вёска, сядзіба,
Бяспека, адданасць, ахоўнасць, радзіма.
Сумленне, прыстойнасць, дасведчанасць, воля.
Квяцістасць, пялёсткі, хваінка, таполя.
Вяргіня, пралеска, язмін, канюшына,
Гарлачык, валошка, рамонак, шыпшына.
Узлесак, абабак, дрыгва, журавіны,
Цыбуля, кавун, гарбузы, садавіна,
Ажына, сланечнік, парэчкі, суніцы,
Крышталь, дыяменты, бурштын, завушніцы.
Апратка, спаднічка, сукенка, хусцінка.
Вандроўка, прыгоды, чыгунка, сцяжынка.
Альтанка, арэлі, буслянка, шпакоўня.
Паветра, блакітнасць, прасветленасць, поўня.
Вясёлка, сузор’е, прамень, бліскавіца,
Хмурынка, завея, сумёт, аканіцы.
Будынак, цаглінка, тынкоўка, фарбоўка,
Каморка, цабэрак, сякера, рыдлёўка.
Далонь, працаздольнасць, свядомасць, развага,
Агляд, перамога, удзячнасць, павага.
Кватэра, утульнасць, сурвэтка, скарынка.
Цырульня, парфума, гадзіннік, хвілінка.
Паштоўка, чытальня, натхненне, дасціпнасць,
Цнатлівасць, удзельніцтва, кемлівасць, сціпласць.
Папера, аловак, аркуш, маляванне,
Падручнік, пытанне, адказ, хваляванне,
Выдатнік, адзнака, хвала, ўзнагарода,
Увага, цікавасць, падзяка, лагода.
Асвета, адказнасць, давер, выхаванне.
Світанак, жаўрук, калыханка, змярканне,
Спатканне, пачуцці, каханы, адзіны,
Пяшчота, вяселле, калыска, радзіны.
Вяндліна, цырата, відэлец, патэльня,
Нагода, частунак, сябры, прабачэнне.
Прыпеўкі, усмешкі, цукеркі, дарунак,
Спагада, надзея, абраз, паратунак.
Тусуюцца словы годнае мовы,
Патрапіць імкнуцца ў рытмічны слупок,
І кожнае з іх у нягоду, знямогу
Быццам з гаючай крыніцы глыток.
Аўтар спланаванага ўрока прыгожай беларускай мовы
Алеся Бурак
Ніжэй змяшчаецца фотарэпартаж з пройдзеных заняткаў.
У студзені месяцы літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея сабраў аўдыторыю на свой першы занятак. Ён і паклаў пачатак культурна-асветніцкаму праекту “Беларусь – мая мова і песня”. «“Запрашаем Вас “У школу да Цёткі”. Гісторыя першай беларускай школы ў Лідзе» – такая была яго назва. На “ўрокі” сабраліся прадстаўнікі мясцовых сродкаў масавай інфармацыі, творчая інтэлігенцыя горада і раёна, кіраўніцтва Лідскага раённага выканаўчага камітэта, а таксама вучні (як жа без іх!) 6 класа СШ №11, а пазней і 8 класа гэтай жа навучальнай установы.
У лютым месяцы на ўрокі “У школу да Цёткі” сабраліся прадстаўнікі грамадскіх арганізацый горада і раёна, а пазней і моладзь – вучні СШ №12. Тэма чарговых заняткаў была прысвечана Міжнароднаму дню роднай мовы і мела назву “Ў нескладовае – адзіная беларуская літара ў свеце: гісторыя ўзнікнення”.
У сакавіку бягучага года, на гэты раз “Цётка” запрасіла навучэнцаў гімназіі горада Ліды і правяла для іх занятак у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі ў пастаяннай экспазіцыйнай зале “Прырода Лідчыны” на тэму “Флора і фаўна: птушкі, жывёлы, расліннасць Лідчыны”.
Красавік месяц стаў запамінальным для вучняў 11 класа СШ №11, якія наведалі заняткі па тэме “Вёскі Лідчыны. Гістарычныя пасяленні і мясцовасці ў стадыі знікнення. Тапонімы”.
“Пагаворым пра надвор’е. Кліматычныя ўмовы на Лідчыне” – такая тэма гучала ў маі для вучняў СШ №16, якія сабраліся на заняткі ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі ў пастаяннай экспазіцыйнай зале “Прырода Лідчыны”.
Неабыякавымі да творчасці і да спадчыны Элаізы Пашкевіч сталі дзеці. Так, дзеці, якія бачылі сваімі вачыма тыя жахлівыя моманты ў жыцці ваеннага ліхалецця. Менавіта, дзеці вайны, удзельнікі ваенна-гістарычнай гасцёўні “Памяць пакліч за сабою” завіталі “У школу да Цёткі” на чэрвеньскую тэму “Бывайце здаровы! Назвы хвароб па-беларуску”, якая была прысвечана Дню медыцынскага работніка.
Для прыхільнікаў – жыхароў горада ў ліпені бягучага года быў арганізаваны занятак “Беларуская гарадская кватэра 60-х гадоў (хрушчоўка): кухня, спальня, гасцёўня і іншыя пакоі і іх часткі”. Між іншым, на гэтую тэму можна было пагутарыць у музейна-вобразнай зале “Хрушчоўка 60-х”, якая размяшчаецца ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі.
Заняткі для людзей шаноўнага ўзросту сталі прыцягальнымі. Удзельнікі ваенна-гістарычнай гасцёўні “Памяць пакліч за сабою” ў летні месяц – жніўні зноў залічыліся ў лік выхаванцаў. Для іх была раскрыта тэма «“Вітаю Вас! Бывайце!”: вучымся вітацца і звяртацца па-беларуску».
Верасень – Дзень ведаў, Дзень беларускага пісьменства. На гэты раз ушанаваць сваю калегу – Цётку прышлі ніхто іншы, як літаратары Лідчыны. Заняткі прайшлі ў рамках літаратурнага пасяджэння “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. Менавіта і тэма гучала своеасабліва “Беларуская літаратура Прынёмання: майстры прыгожага пісьменства як культурны асяродак Лідчыны”.
У кастрычніку – прадапошнім месяцы восені, вучні СШ №1 6 “А” і “Б” класы дазналіся пра жыццё гараджан і вяскоўцаў, а менавіта пра абсталяванне, якое размяшчаецца ў кватэрах і хатах такіх гаспадароў. Занятак, які меў назву “Гарадскі і сельскі быт: рэчы і сімвалы, прылады працы” быў праведзены ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі на базе выставаў, дзе размяшчаюцца адпаведныя экспанаты па тэме.
Пранікнуць у глыбіню народнай гаворкі мелі жаданне таксама вучні СШ №1 8 класа. Дазнацца пра асаблівасці мясцовай гаворкі, методыку яе збірання, пазнаёміцца са слоўнікамі і навуковымі працамі яны змаглі на лістападаўскім занятку “Як на Лідчыне гавораць: лексіка і фразеалогія з нашых вуснаў”.
Снежань стаў падагульняючым заняткам. У літаратурны аддзел музея завіталі вучні Астрынскай сярэдняй школы імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі) гарадскога пасёлка Астрына Шчучынскага раёна. Так, прыехалі яе землякі, з малой радзімы. Трэба зазначыць, што ў гэтай школе існуе музей нашай зямлячкі. Ён, між іншым, адзіны ў Беларусі, дзе сабраны асноўныя звесткі і матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры. Яшчэ пры падрыхтоўцы выставы “Жыве мая ліра нанова!”, прысвечанай да 140-годдзя Цёткі ў доміку Таўлая, была арганізавана паездка ў Астрынскі школьны музей, якая стала падтрымкай у адкрыцці выставы і своеасаблівым мастом супрацоўніцтва: былі дасланы фотакопіі выяваў Алаізы Пашкевіч, звязаныя з жыццём і творчасцю беларускай паэтэсы. 1 верасня бягучага года была здзейснена паездка ў гэтую школу, пад час якой было зроблена запрашэнне на заняткі “У школу да Цёткі”. І гэты дзень прыйшоў. Для вучняў з 11 класа на чале з настаўніцай – кіраўніком музея Цёткі, які дзейнічае на базе згаданай школы, Алай Сямёнаўнай Балобан была арганізавана экскурсія па выставе і чарговы апошні занятак з музейна-адукацыйнай праграмы. Яго тэма гучала “У гасцях у класікаў беларускай літаратуры. Цётка, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Канстанцыя Буйло і іншыя прамоўцы – з павагай да роднай мовы”.
Музейна-адукацыйная праграма “У школу да Цёткі” спыніла свой рух. Але гэта не значыць, што яны не будуць праводзіцца ў далейшы час. Калі ўзнікнуць заяўкі ад жадаючых групаў на правядзенне любога з дванаццаці заняткаў, то “Цётка” будзе рада іх правесці. У далейшым будзе арганізаваны новы праект з іншым накірункам, г.зн. цыкл мерапрыемстваў “З месяца ў месяц гартаем каляндар”. Яны зноў будуць праходзіць штомесяц і будуць прысвечаны таму ці іншаму святу ці знамянальнай даце.
Застаецца дадаць – сачыце за інфармацыяй на сайце Лідскага гісторыка-мастацкага музея.
Алесь Хітрун,
куратар музейна-адукацыйнай праграмы “У школу да Цёткі”
навуковы супрацоўнік літаратурнага аддзела Лідскага гісторыка-мастацкага музея