11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў
У памяць аб загінуўшых і тых, хто выжыў, штогод 11 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Гэтая дата была абрана і зацверджана ААН невыпадкова. Яна была ўстаноўлена ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні вязняў канцэнтрацыйнага лагера Бухенвальд, якое адбылося 11 красавіка 1945 г. У гэты дзень вязні захапілі канцлагер і ўтрымлівалі яго да прыходу саюзных войскаў.
Асвенцым, Бухенвальд, Равенсбрук, Майданэк – гэтыя і многія іншыя месцы на карце Еўропы былі ператвораны ў гады Другой сусветнай вайны ў жорны смерці, прылады масавага фізічнага знішчэння людзей.
Толькі на тэрыторыі Беларусі налічвалася больш за 260 канцэнтрацыйных лагераў. Найбольш буйныя з іх знаходзіліся ў Мінску – у раёне Нямігі і Трасцянцы, а таксама ў Азарычах, Гомелі, Полацку, Бабруйску. У іх былі знішчаны больш за 1,4 млн чалавек.
Міжнародны трыбунал у Нюрнбергу ў 1946 г. прызнаў, што заключэнне ў няволю мірных грамадзян замежных дзяржаў, роўна як і выкарыстанне іх працы ў прымусовым парадку ў інтарэсах Германіі, з’яўлялася не толькі ваенным злачынствам гітлераўскага рэжыму, але і злачынствам супраць чалавечнасці.
Многія жыхары Лідскага раёна прайшлі праз жахі канцлагераў, адны выжылі ў тым пекле, другія загінулі.
З кожным годам сведак тых жудасных падзей застаецца ўсё менш і менш… У Лідскім раёне сёння пражывае 23 былыя непаўналетнія вязні фашысцскіх канцлагераў, гета, турмаў і іншых месцаў прымусовага ўтрымання.
У фондах ДУ “Лідскі гісторыка-мастацкі музей” захоўваюцца ўспаміны былых вязняў. Некаторыя вытрымкі з успамінаў мы прапаноўваем вашай увазе.
Кузняцова (Мышкоўская) Валянціна Васільеўна, жыхарка г. Ліды
“…Была арыштавана ў першыя дні вайны. У маі 1942 г. трапіла ў Асвенцым. Мой нумар 46403. У Асвенцыме знаходзілася з мая 1942 г. па студзень 1944 г. Затым пераведзена ў Равенсбрук, дзе ўтрымлівалася да пачатку мая 1945 г. Дамоў вярнулася ў ліпені 1945 г.”
Лугоўскі Станіслаў Варфаламеевіч, жыхар г. Ліды
“…У верасні 1943 г. быў арыштаваны немцамі і з месяц утрымліваўся ў Лідскай турме. Потым нас вывезлі ў Мінск, затым у Асвенцым. Першых 8 тыдняў знаходзіўся ў каранцінных бараках, дзе былі самыя спрыяльныя ўмовы для розных хвароб: бруд, вялікая колькасць людзей, холад, голад. Паля каранціна была праведзена праверка. У распранутых дагала ў халодным бараку аглядалі зубы, рот, рукі, ногі і накалывалі нумары. Мой нумар захаваўся і да сёняшняга часу – 165527. Пасля Асвенцыма я быў у Бухенвальдзе тыдняў 5, Доры – месяцаў 10, у Берген-Бельзене. У гэтым лагеры я быў вызвалены англічанамі ў красавіку 1945 г…”
Паўлоўская Пелагея Філіпаўна, жыхарка г. Ліды
“ … Нас з мужам арыштавалі ў ноч з 4 на 5 красавіка 1944 г. Прычынай для арышту паслужыла забойства каменданта лідскай паліцыі. Трымалі нас у падвале ў будынку СД на працягу трох дзён не давалі ні піць, ні есць. Затым кінулі за краты лідскай турмы, дзе мы знаходзіліся больш як два тыдні. Потым з іншымі вязнямі я была дастаўлена ў Асвенцым, дзе значылася пад нумарам 79603. Вязняў выкарыстоўвалі на цяжкіх работах. Харчаванне было дрэннае і недастатковае: 150-200 г. хлеба ў дзень і баланда з гнілой рэдзькі або яшчэ чаго. Калі Чырвоная Армія пачала вызваляць тэрыторыю Польшчы, вязняў перавезлі ў Равенсбрук. Але дні фашысцкай Германіі былі злічаны. 3 мая 1945 г. вязняў Равенсбрука вызвалілі савецкія танкісты…”
Якацук Сямён Фёдаравіч, жыхар г. Ліды
“…Мне давялося перажыць нечалавечыя пакуты ў такіх канцлагерах, як Майданэк, Штутгоф, Асвенцым, Бухенвальд, Маўтхаўзен. Тысячы людзей розных нацыянальнасцей гінулі на вачах, сярод іх рускія, беларусы, чэхі, палякі, французы і прадстаўнікі іншых народаў. У лапы да фашыстаў я трапіў па здрадніцкім даносе ўжо ў першыя дні вайны. Даведаўшыся, што я маю сувязь з партызанамі, гестапа адразу кінула мяне ў канцлагер. Гітлераўцы спадзяваліся, што паставяць нас на калені. Але ім гэта не ўдалося. Не ўдалося, нягледзечы на катаванні, здзекі і забойствы…”
Прыведзеныя ўспаміны сведчаць аб жахлівых пакутах, якія выпалі на долю тых, хто апынуўся ў фашысцкіх канцэнтрацыйных лагерах. Біяграфія гэтых людзей – сапраўдныя прыклады мужнасці для прадстаўнікоў падрастаючага пакалення. Захаваць памяць аб іх – гэта наш абавязак.