/ Фотасправаздачы / МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ Ў ДОМЕ ПАЭТА ВАЛЯНЦІНА ТАЎЛАЯ

МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ Ў ДОМЕ ПАЭТА ВАЛЯНЦІНА ТАЎЛАЯ

Міжнародны дзень роднай мовы не абмінуў і літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Бо менавіта тут, як заўважана, пастаянна гучыць беларускае слова, тут пануе атмасфера беларускасці.

З самага рання сюды завіталі на экскурсію дзеткі з дзіцячага садка № 24, затым – студэнты педагагічнага корпуса Лідскага каледжа. З вуснаў малодшых і старэйшых наведвальнікаў гучала толькі беларуская мова. Ім цікава было паслухаць пра творчасць паэта Валянціна Таўлая, лідскіх майстроў мастацкага слова. Уся гэтая інфармацыя для іх стане карыснай у далейшай вучобе.

Ужо другі год літаратурнае аб’яднанне “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”, якое тут размяшчаецца, вырашыла чарговае пасяджэнне прысвяціць роднай мове. Сабраліся майстры прыгожага слова, настаўнікі, а таксама супрацоўнікі гісторыка-мастацкага музея. Ужо стала традыцыяй, калі з 2008 года Таварыства беларускай мовы пачало праводзіць у гэты Дзень агульнабеларускія дыктоўкі паводле беларускамоўных твораў. Не абышлі яе і ў доме паэта В.Таўлая. На гэты раз дыктоўка была аб’яўлена пад 11 нумарам. Кіраўнік літабяднання “Суквецце”, супрацоўнік музея Алесь Хітрун зачытаў урывак з твора беларускага пісьменніка Анатоля Бутэвіча “На пачатку было слова”.

Пасля яго напісання, прайшла праверка, у выніку чаго былі падведзены вынікі. І так, І месца атрымала супрацоўнік музея Святлана Мартыненка (між іншым, і ў тым годзе яна таксама сябе актыўна праявіла ў майстэрскім напісанні дыктоўкі), ІІ  месца падзялілі паміж настаўніцай рускай мовы і літаратуры СШ №11 Анашкевіч Наталляй і паэтамі Маркевіч Ірынай, Сліўко Ірэнай, а трэцяе адпаведна атрымалі ўсе астатнія ўдзельнікі – галоўны рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік, паэты Ірына Бараздзіна, Шот Людміла, Гуліцкі Дзмітрый, супрацоўнік музея Саладухін Іван.

Арганізатар мерапрыемства Алесь Хітрун.