/ Навіны / Міжнародны дзень наладчыкаў фартэпіяна

Міжнародны дзень наладчыкаў фартэпіяна

Міжнародны дзень наладчыкаў фартэпіяна адзначаюць 4 красавіка.

Адным з апошніх паступленняў у музейную калекцыю “Музычныя інструменты” Лідскага музея стала піяніна “C. M. Schröder”.

Прадпрыемства па вытворчасці фартэпіяна “C. M. Schröder” было заснавана ў 1816 годзе і размяшчалася ў Санкт-Пецярбурзе. Фабрыка гэтая належала цэламу пакаленню майстроў, а яе заснавальнік – Ян Шродэр – быў выхадцам з Саксоніі.

Гэта трэцяя найстарэйшая фірма па вытворчасці фартэпіяна ў Расіі. «К. М. Шродэр» быў адным з нямногіх расійскіх вытворцаў, якія праславіліся і на міжнародным узроўні.

У 1868 годзе на фабрыцы ўжо працавала 75 рабочых і пастаўлялася каля 225 інструментаў у год. На выставе 1870 года ў Касселе канцэртны раяль Шродэра быў не толькі ўзнагароджаны ганаровым дыпломам, але і стаў уладальнікам аднаго з першых прызоў.

У 1872 годзе кампанія святкавала трыумф на лонданскай выставе і атрымала ў Маскве вялікі залаты медаль. 1873 год прынёс Медаль “За прагрэс” на Міжнародным Кірмашы і Ордэн Франца-Іосіфа. Дом Шродэра атрымаў статус Пастаўшчыка Яго Імператарскай Вялікасці Аўстрыі.

Усяго Дом Шродэра меў статус Пастаўшчыка ПЯЦІ Імператарскіх Двароў.

У 1918 годзе фабрыка была секвестравана і перайшла ў падпарадкаванне саўнаргаса Паўночнага раёна, а Гандлёвы дом быў ліквідаваны.

Серыйны нумар піяніна – 29360. На прадпрыемстве інструменты з дыяпазонам нумароў 29001-31000 выпускаліся ў 1908 годзе.

Піяніна Лідскаму музею перадалі прадстаўнікі УА “Лідскі дзяржаўны музычны каледж”.

Убачыць музычны інструмент можна ў экспазіцыі “Грозна грымнула вайна”.