22 верасня 2010 года падчас рэспубліканскага свята хлебаробаў “Дажынкі” Дом Валянціна Таўлая ўрачыста прыняў сваіх першых наведвальнікаў. Былі адкрыты выстаўкі на літаратурную тэматыку, а таксама мемарыяльны пакой Валянціна Таўлая…
Дзякуючы ўспамінам сястры паэта Ніны Таўлай, супрацоўнікі лідскага музея рэканструіравалі пакой, у якім працаваў паэт. Мэбля – стол з друкаркай, крэсла-гушкалка, шафа, этажэрка з кнігамі тога часу – усё гэта прыцягвае наведвальніка. Што тычыцца аўтэнтычнасці, мемарыяльнасці прадметаў, то ў гэтым пакоі на першы погляд не кожны іх знойдзе. А гэта старая лямпа – жырандоля, якая была перададзена з Навагрудка, мяркуецца, што такая звісала са сталявання і ў кватэры паэта, калі ён жыў у Навагрудку, ёсць і сцізорык, прыложкавая тумбачка, якія былі перададзены ад Мікалая Грабёнкіна – сына камандзіра партызанскага атрада асобага прызначэння «Буравеснік» Мікалая Іванавіча Грабёнкіна з Гродна. Па звестках гэты ножык і тумбачка былі падараваны Таўлаем і захоўваліся як каштоўны напамінак. Акрамя гэтага, прадстаўлены шэраг фотаздымкаў, якія дапамагаюць акунуцца ў мінулае Валянціна Таўлая, а разам з тым сведчаць пра яго жыццё і дзейнасць, нават і пра яго дзяцінства ў Лідзе, аздабляюць пакой.
У 2019 годзе быў распрацаваны інсцэніраваны аповед «У Таўлая пабываем». Гэта новая форма правядзення экскурсіі, калі наведвальнік прысутнічае на інсцэніроўцы ў мемарыяльным пакоі і быццам трапляе ў мінулы час – 1939-1941 гады, у жылы пакой паэта Валянціна Таўлая. Праз дыялог супрацоўнікаў музея, якія пераўвасоблены ў вобразы паэта В. Таўлая, яго жонкі Кіры, яны дазнаюцца пра жыццёвы і творчы шлях паэта ў горадзе Лідзе.
Спецыфіка Дома Валянціна Таўлая вызначаецца літаратурна-мемарыяльнай прасторай і прадметамі, якія маюць непасрэднае дачыненне да той эпохі і гістарычнай асобы, якая жыла ў гэтым будынку. Мемарыяльнасць ён набыў пры стварэнні экспазіцыі з прымяненнем прынцыпу стылізацыі, у якім былі сабраныя і змешчаныя тыпавыя прадметы інтэр’еру, адпаведныя часу, калі жыў тут В. Таўлай. Асноўным акцэнтам сталі ўспаміны сястры паэта Ніны Таўлай-Радзюкевіч. У раскрыцці адметнасці гісторыі станаўлення і развіцця Дома Таўлая паслужылі вытрымкі з даведак, дакументальных крыніц, успамінаў, якія дапамаглі раскрыць новыя факты і звесткі з гісторыі пабудовы, а таксама ўзнавіць праведзеныя ўрачыстыя мерапрыемствы, якія былі накіраваныя на захаванне памяці паэта.