/ Навіны / Макараў Пётр Кузьміч

Макараў Пётр Кузьміч

Макараў П. К., 1939 г.
Макараў П. К.

Макараў Пётр Кузьміч (1916-1961) – былы камандзір партызанскага атрада імя К. Я. Варашылава (з сакавіка 1942 г. па лістапад 1943 г.), партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава (з лістапада 1943 г. па ліпень 1944 г.).

Макараў Пётр Кузьміч нарадзіўся 23 лютага 1916 г. у с. Крут. Байгара Грачоўскага раёна Варонежскай вобласці, па другім дадзеным (змянілася адміністрацыйнае дзяленне ў Расіі) – с. Крутчэнская Байгара Усманскага раёна Ліпецкай вобласці. З 1930 па 1933 г. вучыўся ў школе ФЗУ, пасля заканчэння якой працаваў на вогнетрывалым заводзе майстрам. У 1935 г. паступіў у Багучарскае педвучылішча Варонежскай вобласці. Пасля заканчэння гэтай навучальнай установы ў 1938 г. Пётр Кузьміч быў накіраваны настаўнікам у Новатроіцкую пачатковую школу Петрапаўлаўскага раёна Варонежскай вобласці. 18 верасня 1939 г. прызваны Пертрапаўлаўскім РВК на тэрміновую службу ў Чырвоную Армію і па люты 1940 г. з’яўляўся курсантам палітшколы ў 150-м стралковым палку. З лютага 1940 г. па чэрвень 1941 г. Пётр Макараў быў камандзірам мінамётнага аддзялення 7-га палка 24-й Самара-Ульянаўскай Жалезнай стралковай дывізіі, якая дыслакавалася напярэдадні вайны ў раёне Маладзечна. 29 чэрвеня 1941 г. атрымаў цяжкае раненне ў левую руку і трапіў у палон, з якога змог збегчы ў верасні 1941 г. Пераадолеўшы доўгі шлях ад мяжы Усходняй Прусіі, Пётр Макараў змог дабрацца да в. Масявічы Лідскага раёна.

Пётр Кузьміч прыступіў да арганізацыі партызанскага атрада. У сакавіку 1942 г. быў створаны партызанскі атрад імя К. Варашылава – адзін з першых партызанскіх атрадаў на Гродзеншчыне. Касцяком атрада былі вайскоўцы Чырвонай Арміі, якія апынуліся на акупаванай тэрыторыі ў першыя дні вайны. За баявыя і дыверсійныя дзеянні атрад пачаў карыстацца павагай мясцовага насельніцтва, якое ўсяляк яго падтрымлівала і ўступала ў партызанскія рады. Вось толькі некаторыя вытрымкм з баявой характарыстыкі: “…Таварыш Макараў арганізаваў і ўзрарваў 9 варожых эшалонаў, дзе было разбіта 8 паравозаў, 74 вагоны з жывой сілай праціўніка і 116 вагонаў і платформ з аўтаматамі, танкамі, артылерыяй і іншымі ваеннымі грузамі. Пад абломкамі разбітых вагонаў знайшлі сабе магілу 1100 гітлераўцаў… Пётр Макараў прыклаў шмат намаганнняў да колькаснага росту атрада, у выніку чаго атрад быў рэарганізаваны ў брыгаду. Быгада пад камандаваннем Пятра Кузьміча дасягнула наступных вынікаў: спушчана пад адкос 176 варожых эшалонаў, знішчана вагонаў з жывой сілай праціўніка 458, разбіта 1402 платформы з тэхнікай і рознымі грузамі, забіта 12 408 гітлераўцаў, 214 салдат узята ў палон, разбіта 85 аўтамашын, падарвана чыгуначных рэяк – 600, разбіта 23 варожыя гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі, знішчана тэлеграфна-тэлефоннай сувязі – 159 км, падарвана і спалена шашэйных і чыгуначных мастоў – 48. Усімі вышэйпералічанымі аперацыямі кіраваў таварыш Макараў. Пры выкананні баявых заданняў ён заўсёды праяўляў смеласць, мужнасць і настойлівасць…”

Брыгада імя Варашылава дзейнічала ў Лідскім, Дзятлаўскім, Казлоўшчынскім, Жалудокскім і Шчучынскім раёнах. Злучылася з часткамі Чырвонай Арміі 15 ліпеня 1944 г. у складзе 4 атрадаў агульнай колькасцю 522 партызаны.

Макараў Пётр Кузьміч быў узнагароджаны ордэнам Леніна, медалём “Партызану Айчыннай вайны” 1-й ступені, ордэнам “Чырвонага сцяга”.

Велізарны ўклад у вызваленне Беларусі і ў прыбліжэнне Вялікай Перамогі ўнеслі байцы партызанскага атрада імя Варашылава, ля вытокаў якога быў Пётр Кузьміч Макараў – смелы і мужны камандзір, які ў адкрытых баях і на дыверсійных аперацыях паказваў узоры настойлівасці, мужнасці і геройства.

У сваёй даследчай працы навуковы супрацоўнік музея Анастасія Каладзяжная піша: “…Мужны камандзір, у мінулым старшы сяржант Чырвонай Арміі! Якімі выдатнымі якасцямі, гнуткасцю розуму павінен быў валодаць старшы сяржант (камандзір атрада, а затым і брыгады), каб трымаць у падпарадкаванні афіцэраў у атрадзе і брыгадзе? Пётр Кузьміч Макараў з гонарам апраўдаў давер, аказаны баявымі сябрамі. У яго была простая і цвёрдая вера: мы – гэта мы, такім чынам мы іх б’ём і паб’ём, як бы вораг не харахорыўся…”

Пасля вайны Макараў П. К. працаваў намеснікам старшыні Лідскага райвыканкама, а затым на кіруючых пасадах у Жалудокскім і Дзятлаўскім раёнах. Апошняе месца працы – старшыня праўлення калгаса “1 Мая” Дзятлаўскага раёна.

У барацьбе з ворагам Пётр Макараў неаднаразова быў цяжка паранены, што ў далейшым сказалася на яго здароўі. Памёр 24 сакавіка 1961 года. Жонка засталася ўдавой з чатырма дзецьмі.

Іменем партызанскага камандзіра названа вуліца ў горадзе Дзятлава.

Навуковы супрацоўнік музея Анастасія Каладзяжная напісала даследчую працу, прысвечаную партызанскаму атраду імя К. Варашылава. У фондах нашай установы захоўваюцца дакументы камандзіра партызанскага атрада, а таксама ўспаміны жонкі Пятра Макарава – Марыі Уладзіміраўны Макаравай (Говар).