/ Навіны / Май і Таўлай

Май і Таўлай

Першыя майскія дні ў календары маюць цесную сувязь з творчасцю Валянціна Таўлая ў Лідзе. Чым адметны стаў дзень 1 мая ў жыцці паэта? Які след пакінуў паэт у друкарскай справе прынёманскага горада? Аб гэтым і не толькі ў ніжэй змешчаным матэрыяле.

1 мая – Свята Працы! Гэтую тэму не абыйшоў і Валянцін Таўлай у сваёй творчасці ў той час, калі працаваў у рэдакцыі лідскай газеты “Уперад”.

У архіве Лідскага гісторыка-мастацкага музея захоўваецца рукапіс пісьма ад былой супрацоўніцы газеты “Уперад” Ніны Тарас у адказ былому дырэктару Лідскага краязнаўчага музея Іванову. Вось вытрымка з яго: “У газеце перыядычна друкаваліся літаратурныя старонкі, у якіх прымалі ўдзел маладыя літаратары раёна і якіх вельмі беражліва стараўся выхоўваць Валянцін Таўлай. У нас быў вялікі спісак уласных селькораў, якія нам дапамагалі газетным матэрыялам. Людзі цягнуліся да газеты, стараліся дзяліцца з намі сваім новым жыццём, сваімі справамі. Друкавалі на старонках газеты і ўласныя вершы. Асабліва стараліся рабіць урачыстымі святочныя нумары. І Валянцін Таўлай вельмі радаваўся, калі нумар удаваўся, быў добра аформлены, змястоўны. У першамайскім нумары ў 1941 годзе быў змешчан у газеце адзін з самых лепшых вершаў паэта “Першамайскія сцягі”. Я добра памятаю той святочны сонечны дзень, дэманстрацыю працоўных у горадзе, якую мы назіралі з Таўлаем з балкона рэдакцыі, той радасны смех, якога паэт не ў сілах быў стрымаць ад шчасця. Побач з Таўлаевым вершам быў змешчан у газеце і мой верш, значна слабейшы. Там былі радкі: “крокам цярэбяць шлях”. Гледзячы на дэманстрацыю, Таўлай сказаў: “Глядзі: крокам цярэбяць шлях”. Мяне гэта крыху кальнула, і я прамовіла: “Ты лепш глядзі, як твае першамайскія сцягі панеслі”. І мы доўга смяяліся. Гэта было наша першае вольнае першамайскае свята…”

Першамайскія сцягі

Прачніся досвіткам, таварыш дарагі, –
Калісьці ў ноч такую мы не спалі…
Паглянь, як нашы першамайскія сцягі
Палошча золак залацістай хваляй!
Цяпер яны, як дужыя арлы,
На ветры буйным распасцёрлі крыллі,
А некалі ж мы іх, як арлянят малых
Тулілі к сэрцу і ўзлятаць вучылі.
За пазухаю несліў тую ноч
Да абступіўшых шлях бяроз высокіх
І узнімалі ўверх на знойдзенай даўно
Вяршыні стромкай – мачце адзінокай.
Мы ведалі: варожая рука
Яго за крылле сцягне ў злосці дзікай,
Але не спыніць ўзмаху, што склікаў
З прасёлачных дарог на шлях вялікі.
І нас тапталі часта капыты –
Скажы, таварыш, хто палічыць паўшых?
А боль, павер, не меншы быў па тых
Правадырах чырванакрылых нашых.
І ў верасах датлелі дні тугі,
Мы, як зару, свабодны сцяг узнялі.
З палону выйшлі хлопцы і сцягі,
Якіх даўно вятры не цалавалі.
І сёння, бачыш, распасцёртыя плывуць –
Увесь збалелы свет яны абняць ахвочы.
Трымай жа вострым штык і ўзнятай галаву,
Калі сцягам палёту шчыра хочаш!

                                        Ліда, 30 красавіка 1941 г.

5 мая – Дзень друку. В. Таўлай адзін з тых, хто меў непасрэднае дачыненне да друкаванага слова. Гэты дзень адзначаюць у рэдакцыях, выдавецкіх цэнтрах, у друкарнях. Не забываюць пра яго і ў Доме Валянціна Таўлая. У мемарыяльным пакоі захоўваюцца копіі рукапісаў паэта, пад некаторымі стаяць даты “1940 г.”, “1941 г.”, “1943 г.” і пазначана месца напісання  – “г. Ліда”. Трэба зазначыць, што гэтыя дакументы былі сабраны з розных музеяў Беларусі (у большасці з Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва) і год назад выдадзены пад адной вокладкай супрацоўнікамі музея Алесем Хітруном і Дзіянай Бінкевіч. Гэтае саматужнае выданне – пакуль спробны варыянт. У будучым запланавана сабраць больш інфармацыі, якая будзе змешчана ў дапрацованым зборнічку “Складаю шчырым словам…” і даступная для выкарыстання ў музейнай дзейнасці і для экспанавання.

Нагадаю, што паэт з 1939 па 1941 гады працаваў у рэдакцыі лідскай газеты “Уперад” і жыў у доме, які цяпер з’яўляецца музеем. У той час, як сведчаць успаміны, каля Валянціна Таўлая гуртаваліся і іншыя карэспандэнты газеты Ніна Тарас, Якуб Місько. Рэдакцыя размяшчалася па вуліцы Савецкай – у раёне Архістратыга-Міхайлаўскага кафедральнага сабора. Толькі падрабязных звестак пра яе мы пакуль не маем. З пісьма Ніны Тарас, можна ўявіць, што будынак быў не аднапавярховы, бо на ім размяшчаўся балкон. Валянцін Таўлай ведаў цану твора, бо працаваў над імі, шліфаваў кожны радок, перажываў за напісанае ім слова. Парады В.Таўлая па напісанні вершаў і цяпер не згубілі сваю актуальнасць. Вось як ён пісаў:

Аб маіх вершах

Маякоўскі па-сяброўску радзіў
не збываць адразу верша з рук:
напісаў – замкні яго ў шуфлядзе,
як адлежыцца, – судзі, здавай у друк.
Не забыцца добрае парады
колькі мог, і пан мне "дапамог",
замыкаючы замест шуфляды
з вершамі – і аўтара ў астрог.
Праўда, іх судзілі, – не затоіш, –
і шпікі, якога ні вазьмі,
кожны прысягнуў на крыж за тое,
што не вершы гэта – дынаміт
Пракурор праз кодэкса артыкул
углядаўся ў кожны мой радок,
нават пальцам асцярожна тыкаў
і ацэньваў: за радок – гадок.
Адсылаў ізноў ляжаць на нары,
шліфаваць і вершы і бакі,
і аб друку час ад часу марыць:
жыў на свеце Скарына такі…
Наляжаліся – аж скабы забалелі
вершам, аўтару, народу-чытачу.
Вершы многія ад гэтага ссівелі,
многіх – і зусім не далічу…
Толькі аднаго адкінуць нельга:
шліфаваў радок, як сталь звяна;
ланцугі тады на мне звінелі, –
можа й вершы ад таго звіняць.
                     Ліда, 7 чэрвеня 1941 г.

Цікавая гісторыя напісання гэтага верша. Менавіта дадзены варыянт – перапрацаваны паэтам. У першасным ён меў другое гучанне. У архіве Дома Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея захоўваецца копія машынапіса з рукапіснымі папраўкамі паэта. А арыгінал захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Падрыхтаваў навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун