/ Навіны / Ліштва

Ліштва

Разам з удзельнікамі культурна-асветніцкага праекта “Сцяжынкамі творчасці да сэрца землякоў” пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела нестацыянарнага абслугоўвання ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” ў вёсках Эйтуны і Мігуны Лідскага раёна пабывала навуковы супрацоўнік Лідскага гістрыка-мастацкага музея.

Пры ўездзе ў вёску Мігуны адразу зачаравалі фігурныя рамы на ганках, шчыты (франтоны), драўляныя ліштвы (налічнікі) на вокнах.

Вясковая вуліца, выцягнутая ў адну лінію, нібы спецыяльна аформлена ў адным стылі – почырк дэкаратыўных элементаў падаўся адным і тым жа. Так і сталася. Па словах жыхароў, гэта рука майстра-самавучкі Піпір Вацлава Іванавіча, які ўпрыгожваў хаты савіх аднавяскоўцаў, радні разьбой па дрэве прыблізна з к. 50-х гадоў ХХ ст.

Непасрэднасцю і шчырасцю прыцягваюць увагу ажурныя кампазіцыі, створаныя рукамі майстра: птушачкі, лілеі, сонечныя знакі, елачкі, ромбікі, фігуныя дужкі, хвалепадобныя лініі, вужы, кароны, фігурныя знакі бясконцасці, кветачкі з лісцікамі, букеты ў гаршочках, коні. Таемнасць захоўваюць у сабе неразгаданыя сюжэты.

Калісьці разьба на ліштвах, шчытах не толькі ўпрыгожвала хату, але і служыла абярэгам. Магчыма, і Вацлаў Іванавіч увасабляў у сваіх вырабах абярэжныя знакі. На жаль, не распытаеш, што менавіта меў на ўвазе разьбяр. Магло стацца і так, што старажытныя формы арнамента не неслі ў сабе першаснага прызначэня, а набывалі проста эстэтычную форму.

Сёння ліштвы на вокнах вясковых хат, як напамін пра таленавітага разьбяра, працягваюць радаваць вока людзей. Аднавяскоўцы шануюць памяць і, каб захаваць надаўжэй выраб (магчыма, надаць сучаснасці), падфарбоўваюць ў розныя колеры ліштвы, рамы ў ганках, шчыты.

Выказваем падзяку ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” і спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва.

Матэрыял падрыхтавала навуковы супрацоўнік Ірэна Клімовіч з выкарыстаннем крыніц:

Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. (Беларус. Сав. Энцыкл.: Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. Рэд.) і інш.. – Мн.: БелСЭ, 1989. – с.293.

Інтэрнэтрэсурсы: Драўлянае дойлідства Беларусі