14 лістапада 1964 г. у г. Лідзе адкрыўся планетарый.
У раённай газеце «Сцяг працы» (цяпер «Лідская газета») у артыкуле «Адкрыўся лідскі планетарый» ад 17.11.1964 г. падрабязна апісана дадзеная падзея і ўражанні гараджан: «У Лідзе будзе планетарый! Мы даўно былі ўсхваляваны гэтай навінай. Яшчэ б! Планетарыяў наогул нямнога ў нашай краіне, а ў рэспубліцы – толькі адзін у Гомелі. Дык чаму ж нам не ганарыцца, што другая такая ўстанова адкрываецца ў нашым невялікім горадзе. І з тага часу, калі давялося пацясніцца краязнаўчаму музею, у вялікай круглай залі былога касцёла будаўнікі пачалі абсталёўваць “нешта цікавае”, нам не давала спакою дасціпнасць. Хацелася хутчэй убачыць, даведацца, пазнаць. Ды вось аднойчы на белым франтоне будынка з’явілася выразнае слова “Планетарый”. І нарэшце ў мінулую суботу, 14 лістапада, прадстаўнікі грамадскасці горада, госці з Гродна, Іўя, Воранава сабраліся на ўрачыстае адкрыццё Лідскага планетарыя.
Першы сакратар гаркама партыі тав. Фамічоў пераразае чырвоную стужку. Мы ўваходзім у залу, дзе раней размяшчаліся экспазіцыі краязнаўчага музея. Цяпер тут усё перамянілася. Перш за ўсё мы з цікавасцю разглядаем макеты савецкіх штучных спадарожнікаў Зямлі. Потым дырэктар планетарыя Мікалай Андрэевіч Слуцкі запрашае ўсіх у круглую залу, пабудаваную ўнутры будынка. Першае ўражанне – нічога незвычайнага. Праўда крэслы стаяць не так, як скажам у кінатэатры, і над галавой не столь, а белы купал. Кідаем цікавыя позіркі на нейкі замыславаты апарат, які стаіць пасярэдзіне залы. Паступова прывыкаем да паўзмроку.
Пакуль што… нічога незвычайнага. Яно пачнецца тады, калі лектар Жана Фёдараўна Чарапанава стане ля пульта і, нібы чараўнік, адкрые над намі неба, па якім спачатку паплывуць рэдкія вячэрнія воблачкі, а потым запаляцца “начныя свяцілы”, калі мы, як у сапраўднасці, убачым зацменне Сонца і Месяца, палярнае ззянне, зачаравана будзем назіраць, як узыходзіць ранішняе сонца над Лідай (так, іменна над нашай Лідай!), – наогул, калі мы ад кніжных уяўленняў перанясемся ў свет рэальны, тады толькі зразумеем, якім незвычайным падарункам для лідчан з’яўляецца планетарый.
Не будзем падаграваць дапытлівасць чытача: дзверы планетарыя адкрыты для кожнага, хто хоча сваімі вачыма ўбачыць цікавыя з’явы прыроды, зразумець будову Свету. Дарэчы, у нядзелю – першы дзень работы – планетарый наведалі ўжо сотні лідчан, ля касы стаяла чарга. Гэта сведчыць аб тым, што новая ўстанова ўжо знайшла сваё прызнанне і месца ў культурным жыцці горада…»
У кніжцы «Ліда. Гісторыка-эканамічны нарыс» за 1976 г. надрукавана: «Вялікую цікавасць праяўляюць гараджане і госці горада да планетарыя, адзінага ў Гродзенскай вобласці, забяспечанага добрым абсталяваннем, шматлікімі тэхнічнымі сродкамі, якія даюць магчымасць суправаджаць чытанне лекцый дэманстрацыяй зорнага неба, Сонца, Луны, нябесных з’яў, палётаў касмічных апаратаў. У файе працуе выстаўка “Чалавек і космас, дэманструюцца макеты першых касмічных апаратаў”».
Пры планетарыі працаваў астранамічны гурток, чыталіся лекцыі.
7 сакавіка 1996 г. планетарый быў зачынены. Будынак перададзены праваслаўным вернікам.