Нядаўна да нас трапіў прадмет з в. Капусцічы Мядзельскага раёна. Ён адразу прыцягнуў да сябе ўвагу нашых наведвальнікаў і “аброс” пытаннямі. Выгляд няхітры – дошка з рагацінай. Але ж колькі карысці! Без натугі, не нахіляючыся, гэта вынаходніцтва “дапамагала” зняць абутак з ног. Дастаткова было пятку аднаго бота ці чаравіка зафіксаваць паміж рагацінкамі, а другой нагой наступіць на край канструкцыі, каб зафіксаваць яе ўласнай вагой. Нагу з абутку выцягвалі асцярожна, асабліва, калі ён быў вузкі або значна падношаны ці мокры – можна было адарваць абцас.
Як называлі гэты выраб? Па-рознаму, у залежнасці ад мясцовасці. Разувалка, спатыкач, сабачка, падпятнік, жук. У в. Крупава Лідскага раёна казалі – служка. Сябра нашай атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні даслала назву жук-слончык, якую чула ад дзеда ў Шчучынскім раёне. Відаць, ад размоўнай назвы мэблі малых памераў – услончык (зэдлік).
Трэба сказаць, што прадмет па сваім прызначэнні вядомы з ХІХ ст. І не толькі драўляны. Напрыклад, на тэрыторыі Расіі вылівалі з чыгуна на фабрыцы, а таксама кавалі ў кузнях. Часцей называлі лёкай, ванька, халуй, жук-дзяншчык, жук-скарабей. Назва “жук” паходзіла ад яго найбольш распаўсюджанай формы, падобнай да жука з доўгімі вусамі і лапамі.
Сябры, пазнавайце гісторыю жыцця продкаў разам з намі! Запрашаем ў атмасферна-этнаграфічную гасцёўню “Час. Традыцыі. Вобразы”!