/ Навіны / Кожны, хто дарос, спяшаўся на сенакос

Кожны, хто дарос, спяшаўся на сенакос

Пачынаючы з вясны, у нашых продкаў адна за другою ў пэўным парадку ішлі сельскагаспадарчыя работы. Асноўны клопат быў пра пасадку гародніны, пасеў зерневых культур. Важнае значэнне набываў агляд адпаведных прылад працы. Дбайныя гаспадары стараліся падрыхтаваць усё загадзя: адрамантаваць, замяніць “аджыўшую” частку, прыдбаць новае.

У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі захоўваецца каталог 1914 г. чыгунна-ліцейнага і машынабудаўнічага завода братоў Якава і Эбера Шапіра, у якім даецца поўная характарыстыка вырабаў і змешчаны фотаздымкі, указваецца кошт. Плугі аднаконныя, плугі для двух (параконныя) і больш коней, акучнікі, бароны. Прапаноўваецца прыдбаць і запчасткі. Магчыма, многія жыхары Лідскага і іншых рэгіёнаў карысталіся такімі прыладамі працы ў час палявых работ.

Вясновы цыкл сельскагаспадарчых работ неўпрыкмет пераходзіў у летні. Распачынала гэты цыкл касавіца. Тут таксама не “спалі ў шапку”.  Запознішся – будзеш касіць траву, як дрот. Таму заўчасу рыхтавалі малаток, брусок (мянташка, аселак), бабку, а галоўнае – касу. “На добрую касу шмат сенакосу”, – прыгаворвалі ў народзе, прымяняючы сакрэты пры яе выбары.

У тагачасным сялянскім побыце вялікую ролю адыгрываў каваль. Недзе да сярэдзіны 19 ст. жалеза ў традыцыйным побыце беларусаў выкарыстоўвалася досыць абмежавана, бо не было такім шырокадаступным матэрыялам, як гліна, дрэва, салома ці лаза, аднак разнастайнасць вырабаў была не малая.

Кавалі, якія здавальнялі патрэбы сялян у неабходных прадметах, былі ў кожнай акрузе і карысталіся вялікай пашанай. Мабыць, зусім невыпадкова, вёска ў Лідскім раёне мае назву Кавалі.

Выдатным спецыялістам у кавальскай справе быў Іван Гомза з в. Белагруда Лідскага раёна. Аднавяскоўцы, якія і сёння памятаюць яго, характарызуюць у сваёй справе “кавалём ад Бога”. На той час на вес золата былі такія кавальскія вырабы, як серп і каса. Іван Гомза быў здатны і да гэтага. А да яго чалавечых якасцей дадаюць дабрыню, стрыманасць, разважлівасць, цярпенне, якія так неабходны былі і ў кавальскай справе.

Куплялі косы і прывазныя. Лідскі павет да пачатку ХХ стагоддзя ўваходзіў у Віленскую губернію. У заходніх рэгіёнаў былі цесныя сувязі з Вільна, Вілейкай. На той час у Вілейцы, што пад Вільна, быў завод па вырабу кос. З гэтага завода траплялі косы-стойкі і на Лідскі кірмаш. Называлі іх часта косы-літоўкі ці косы-вілейкі.

Асноўны сенакос пачынаўся дзесьці з сярэдзіны чэрвеня і цягнуўся да сярэдзіны жніўня. Пасля асноўнага ўкосу касілі атаву, траву, якая адрасла пасля першага ўкосу.

Раней на пакос ўставалі ў пяць гадзін раніцы, пакуль не высахла раса на траве. Касіць па расе значна лягчэй, ды і сонца з раніцы не так пячэ. Перад пакосам прасілі ў вышэйшых сіл добрага надвор’я, а таксама благаславіць  касу і расу, што “ точыць” касу, а таксама скошаную траву і, канечне ж, саміх касцоў.

Верылі нашы продкі і ў сілу абярэгавай лялькі, якая называлася Пакосніца. Лічылі, што яна здольна абараняць людзей ад выпадковых траўмаў падчас сенакосу і ўборкі ўраджаю. На рукі Пакосніцы навязвалі абярэжныя крыжы. Як толькі роўнымі радочкамі клаліся першыя пракосы, ляльку хавалі ў скошанай траве. А калі грабілі сухое сена – у першы стог.

Безумоўна, касьба – гэта мужчынская справа (за рэдкім выключэннем касілі жанчыны). Жанчыны ж разбівалі пракосы, “варушылі” траву, каб хутчэй сохла, зграбалі ў валы, дапамагалі мужчынам “гатовае” сена складваць у копкі, пакаваць у вазы.

На касавіцу апраналі лёгкае адзенне, пераважна светлае, чысценькае. Мужчыны апраналі льняныя кашулі: ад спёкі абаранялі, цела “дыхала”. На жаночых галоўках мільгалі светлыя хусцінкі. Старэйшыя жыхары Лідчыны ўзгадваюць, што іх продкі абувалі лапці – было зручна, лёгка, ногі не парыліся, а калі вільготы ўчастак – вада ў такім абутку не затрымлівалася.

Старэйшыя дзеці таксама ўключаліся ў працу. Адным словам, кожны, хто дарос, спяшаўся на сенакос! Бацькі перадавалі вопыт сынам: навучалі касіць не толькі сілай, але і розумам.

Немаўляткі ж мірна спалі ў палатнянай ці плеценай з лазы калысцы, падвешанай на трынозе, абкручанай, часам, ніжняй матчынай кашуляй – каб “благія” вочы не пашкодзілі (не сурочылі, не ўраклі).

Атрымлівалася, што на сенакос выходзілі “ўсёй вёскай”. Як казалі, вёска на гэты час “вымірала”. Затое на сенажаці гэтая цяжкая, натужлівая праца была “разбаўлена” гоманам, жартамі, смехам, песнямі.

Касавіца – прыбытку крыніца.Наколькі вялікім павінен быць гэты прыбытак, залежала ад колькасці кароў, коней, авечак. Вымяралі колькасць у копах ці вазах, дзякуючы шматвекавому жыццёваму вопыту.

Калі ж сена было звезена, у гаспадарскай пуні ці на гарышчы да халадоў яно станавілася пахучай пярынай для сну, асабліва дзяцей. Хто памятае час касавіцы? Патэлефануйце нам на нумар музея, будзем удзячны.

Матэрыял падрыхтавала навуковы супрацоўнік І. А. Клімовіч.

Матэрыял падрыхтаваны на аснове вусных і пісьмовых успамінаў жыхароў Лідскага р-на, іншых рэгіёнаў Беларусі з выкарыстаннем крыніц:

Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. – Мінск: БелСЭ, 1989, с. 253

Сахута Я.М. Беларускае народнае мастацкае кавальства. – Мн.: Полымя, 1990. – 190 с.: іл.

Каталог 1914 г. “Прейсъ – курантъ чугунно-литейнаго и машиностроительнаго завода Бр.Якова и ЭбераШапиро въ г. Лидѣ.”