/ Навіны / Клямка

Клямка

Дзверы – мяжа паміж жылой хатняй прасторай і наваколлем, ахова жылля. Казалі так: “Дзверы бачыш – клямку знойдзеш”. І праўда! Прымацаваная каванымі цвікамі з невялікім капялюшыкам, на дзвярах красавалася клямка, якая праславілася нават у загадцы: “ Хто ідзе – не мінае, кожны рукой хапае”. А хапае клямку для таго, каб адчыніць дзверы і зайсці ў хату і, адпаведна, выйсці з хаты. У беларускіх вёсках бытавала з ХІХ ст. і да сярэдзіны ХХ ст. дверы не ўяўляліся без клямкі. Гатовы выраб можна было заказаць у мясцовага каваля або набыць на кірмашы.

У старажытнасці часта аздаблялі расплясканы верхні канец ручкі-дужкі, у проразь якога ўстаўляўся слясак (язычок). Каваль надаваў верхняму канцу розныя формы, якія выконвалі абярэгавую функцыю: выявы галоў коней, пеўняў, птушак, вужоў, рагоў барана. У канцы ХІХ ст. абярэгавая роля была забыта, а створаны выгляд набываў чыста дэкаратыўны характар. Самай распаўсюджанай формай пляскатай часткі была выява ліста.

Перамены ў жыццё клямкі ўнеслі пружынныя замкі, якія запіраліся на ключ. Аднак у вясковых хатах і сёння можна ўбачыць пакінутыя ў добрым стане дзверы з кавальскай работай – клямкай. Дотыкі пальцаў родных, блізкіх, суседзяў – у многіх гаспадароў не хапае сілы знішчыць гэты, здавалася б, кавалак жалеза. Дарэчы, добрым вырашэннем будзе – даць новае жыццё клямцы ў музеі ў якасці экспаната, захаваўшы, такім чынам, памяць пра яе гаспадароў.

Сёння ў абіходзе сустракаюцца выразы, звязаныя з клямкай, якія ствараюць маляўніча-вобразны абразок колішняга жыцця: “Язык да клямкі прыліп”, “Кончыцца сала – западзе клямка”, “Клямка табе будзе”, жартаўлівае “Сем разоў за клямку і ні разу ў хату”, “З зяцем дзярыся – за клямку бярыся”.

*Фотаздымкі зроблены супрацоўнікамі Лідскага гісторыка-мастацкага музея.

Чытаем разам: Рыгор Барадулін “Трэба дома бываць часцей”. Рэжым доступу: https://knihi.com/Ryhor_Baradulin/Treba_doma_byvac_casciej.html

Матэрыял падрыхтавала навуковы супрацоўнік Ірэна Клімовіч з выкарыстаннем крыніцы:
Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. (Беларус. Сав. Энцыкл.: Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. Рэд.) і інш.. – Мн.: БелСЭ, 1989. – с.263-264.

Фота для ілюстрацыі ўзяты з кнігі Я.М.Сахуты “Народное искусство и художественные промыслы Белоруссии” – Мн.: Полымя, 1982. – с. 59, с 63.