/ Навіны / Канашэвіч Іван Андрэевіч

Канашэвіч Іван Андрэевіч

Канашэвіч Іван Андрэевіч, камандзір партызанскага атрада “За Савецкую Беларусь” брыгады імя Кірава.

Канашэвіч Іван Андрэевіч нарадзіўся 6 мая 1909 г. у в. Крацэвічы Мінскай губерні. Бацькі займаліся, у асноўным, лесанарыхтоўкамі. У гаспадарцы быў конь і карова. Працоўную дзейнасць Іван пачаў у дванаццаць гадоў: пасвіў скаціну ў вёсцы, а зімою працаваў на лесанарыхтоўках. Бацька памёр у 1921 г. З-за малазямелля браты і сёстры ў 1927 г. выехалі ў Сібір. Праз год Іван з маці паехалі за імі ў Томскую вобласць, Іжморскі раён, куды з усяго Савецкага Саюза ехалі перасяленцы. Яны раскарчоўвалі лес, “дабывалі” хлеб. Працаваў Іван Андрэеевіч сакратаром сельсавета, старшынёй. У 1931 г. прызваны ў рады Чыронай Арміі ў Томскі 78 артполк. Пасля службы працаваў два гады ў сельпо. Менавіта там, у Сібіры, Іван сустрэў сваю Марыю. Маладая пара стварыла сям’ю. Праз стан здароўя ў 1935 г. вярнуўся ў Беларусь, працаваў на цагельным заводзе рабочым, затым начальнікам цэха па сушцы цэглы, завочна вывучыўся на шафёра пры Таварыстве садзейнічанню абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву. У 1941 г. быў накіраваны ў г. Ліду будаваць аэрадром, працаваў шафёрам. Перавёз сям’ю (жонку, дачку і сына) у Ліду 22 чэрвеня. У гэты дзень горад бамбіла фашысцкая авіяцыя.

У пачатку акупацыі Іван з Марыяй працавалі на гаспадара Яна Шота. Затым новая ўлада загадала работнікам з усходняй Беларусі з’явіцца на рэгістрацыю – іначай іх гаспадарам і ім пагражае смяротнае пакаранне. Пры апытванні наконт спецыяльнасці, Іван не назваў сваю прафесію шафёра, але быў выдадзены адным з мужчын. За тае, што ўтаіў прафесію, яго моцна ўдарылі. Ад растрэла ўратаваўся, але вымушаны быў працаваць на аэрадроме шафёрам: вазіў дровы, снег, вывозіў смецце. Іван не скарыўся ворагу, праводзіў дыверсіі, спаліў гараж з нямецкай тэхнікай, выпрабавальную станцыю авіяматораў. Жыць і працаваць на фашыстаў не хацеў і на першай сустрэчы з партызанскімі сувязнымі папрасіўся ў атрад “Іскра”.

Сям’я Івана Канашэвіча пасялілася ў сувязных Сымановічаў, якія жылі на хутары ля в. Пятры. Іван удзельнічаў у спецаперацыях, адказных заданнях. З успамінаў Івана Аляксандравіча: “8 сакавіка 1943 г. сіламі партызан атрада “Іскра” быў пушчаны пад адхон поезд, які вёз на фронт ваенную тэхніку. У той дзень я быў паранены асколкам мінамёта”.

Камандзір партызанскага атрада “Іскра” Коннаў накіраваў Канашэвіча да нямецкага гарнізона ля Іўя для арганізацыі ў адной з вёсак партызанскай камендатуры, а ў далейшым і партызанскага атрада.

Да пачатку вызвалення ў атрадзе “За Савецкую Беларусь”, які ўзначальваў І. Канашэвіч, было 130 чалавек.