У каляндарнай абраднасці нашых продкаў вельмі часта прысутнічалі расліны, кветкі, дрэвы. Так, вясной яшчэ ў дахрысціянскія часы рытуальна-магічны характар набывала вярба. Пазней лічылі, што надзвычайнай сілай яна валодае толькі пасля асвячэння ў храме.
Напярэдадні свята Вялікадня шырока ладзіліся кірмашы, дзе сярод шматлікіх тавараў, рамесніцкіх вырабаў было месца і для таргоўлі невялікімі пучкамі простых тонкіх галінак вярбы – да свята Вербніцы. З цягам часу торг вербамі стане сезонным промыслам, а кірмашы назавуць “вербнымі”.
Народныя ўмельцы надавалі вербачкам (пальмам) разнастайную форму, выкарыстоўваючы лугавыя, лясныя і балотныя зёлкі, каласкі збажыны, галовачкі лёну, мох, брушнічнік і інш. Сабраныя і высушаныя ў розную пару года, раслінкі набывалі своеасаблівую палітру колераў і адценняў. Умоўна іх раней называлі – “вясковымі”.
З часам натуральнага колеру раслінкі стануць падфарбоўваць. Папулярнасць набудуць так званыя “каляровыя” вербачкі. У к. XIX ст. “каляровыя” вербачкі адзначаны ў в. Беняконі былога Лідскага павета і блізляжачых вёсках. Асаблівую яркасць нададуць вырабу штучныя фарбы.
Калі з’явілася каляровая папера, яе актыўна сталі выкарыстоўваць для аздобы галінак. З гэтага часу за такімі вербачкамі замацавалася назва – “гарадскія”. У канцы ХХ ст. папяровыя ўпрыгожванні заменяцца яркімі і разнастайнымі штучнымі кветкамі з пластыка і сінтэтычнай тканіны.
Самы маштабны “вербны” кірмаш, на які ехалі на конях ці ішлі пешкі і нашы землякі – Казюкі, Казюкас (у г.Вільна).
Даўняя “вербная” кірмашовая традыцыя сёння існуе ў г. Гродне, дзе на свята “Казюкі” збіраюцца народныя ўмельцы, носьбіты самабытных традыцый з розных гарадоў Беларусі. Сярод усіх вырабаў важным атрыбутам кірмаша застаецца “каляровая” вербачка. Асаблівасць гродзенскай вербачкі – плоская форма, “лапатка” (нібы пальмавы ліст). Такая форма раней была характэрна для заходніх зямель нашай краіны. Вырабляецца на трох галінках белай вярбы, аздабляецца сухацветамі, разнастайнымі травамі, жытнёвымі і аўсянымі каласкамі. У 2014 годзе яна была ўключана ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Жыхары Лідскага рэгіёна да свята ствараюць і “лапаткі”, і круглыя “віленскія” вербачкі.
Вербніца – цудоўнае свята вясны і жыцця, якое здолела захаваць звычай браць упрыгожаныя галінкі вярбы для асвячэння ў храме, традыцыйна дакранацца да блізкіх, знаёмых з пажаданнямі жыццёвай сілы, засцярогі здароўя, павелічэння дабрабыту.
Віншуем ўсіх вернікаў з надыходзячай Вербнай нядзеляй!