/ Навіны / Каляды

Каляды

Каляды – старажытнае земляробчае свята, прымеркаванае да руху сонца, а ў хрысціянскай традыцыі – Раство Хрыстова. Пасля Піліпаўскага посту са шматлікімі абмежаваннямі не толькі ў ежы, але і звычках, паводзінах, Каляды неслі з сабой сытны стол, вясёлыя і шумныя гульні, абрадавыя песні, танцы, варажбу на лёс, рытуальны абход двароў і інш. За кожным з гэтых калядных дзействаў хаваўся глыбокі сэнс: жаданне добрага ладу ў сям’і, пазбаўленне цяжкай долі, наладжванне дамоўленасці з сіламі прыроды на добры ўраджай, здаровы прыплод, усталяванне добразычлівых суседскіх адносін, ушанаванне продкаў – захаванне лепшых векавых традыцый. Бадай, ні адно абрадавае свята не надзелена такой колькасцю атрыбутыкі, сімволікі, звычаяў, як Каляды. Адзін з такіх звычаяў – калядны стол.

Тры куцці былі ў цыкле свят з інтэрвалам ў адзін тыдзень: бедная, шчодрая, вадзяная. Галоўная з іх – бедная (посная), якая клікала сям’ю за святочны стол, калі на небе загаралася першая яркая зорка. На стале – пахучае сена, накрытае бялюткім абрусам. І на гэтым узвышэнні (каб усё так падрастала!!!) з’яўляліся традыцыйныя стравы з круп, цеста, грыбоў, рыбы. Для надання смаку стравам з цеста – салодкі мак, сыта (салодкая вада на мёдзе), лясныя арэхі, сушаныя ягады, садавіна. Праўда, каб сказаць “ну, не ўясісь, каб я здаровы!”, залежала ад кулінарных здольнацей гаспадыні. Прытрымліваючыся традыцыйных правіл для каляднага стала, у кожнай былі свае маленькія сакрэты, дзякуючы якім сёння можна складаць кулінарныя кнігі. Пра некаторыя асаблівасці прыгатавання страў на Каляды ў сваіх сем’ях узгадалі і жыхары Лідскага рэгіёна.

Магчыма, у вашых сем’ях захаваліся свае адметныя спосабы прыгатавання страў для каляднага стала. Будзем рады, калі вашы ўспаміны дададуць нашым старонкам “смаку”, яркасці, самабытнасці.

Вясёлых вам свят, збыцця найлепшых мар і спадзяванняў!

Грыбны квас (лакальная назва). Разлік на сям’ю, якая падзялілася рэцэптам:

вада – 5 л;
пярловыя крупы – 100 г;
сушаныя грыбы – на смак;
цыбуля – 1 (вялікая);
мука – 2 сталовыя лыжкі;
капусны квас (расол) – 330 г;
перац чорны молаты і соль – на смак;
алей.

Пярловыя крупы варыць да гатоўнасці. Пасля дадаць парэзаныя сушаныя грыбы, якія зараня былі намочаны. Пакуль грыбы варацца, на алеі падсмажыць пакрышаную цыбулю і дадаць сюды 2 лыжкі мукі, разведзеныя ў вадзе, для загушчэння. Атрыманую зажарку пакласці ў гаршчок, дзе варацца грыбы і пярловыя крупы. Праз некалькі хвілін у варыва дадавалі капусны квас (расол). Падавалі на стол у адной місцы. Перад падачай у страву крышылі аплатку. Кожны стараўся, каб кавалачак аплаткі трапіў у лыжку.
Заўвага: з прыпраў дадаваць толькі чорны перац, каб не патраціўся смак.
Запісана са слоў Валіцкай Вацлавы Віктараўны, уражэнкі в. Парачаны Лідскага раёна.

Куцця (лакальная назва). Разлік на сям’ю, якая падзялілася рэцэптам:

вада – 0,5 л;
пярловыя крупы – 0,5 кг;
сушаныя баравікі – 0,5 кг;
сушаныя яблыкі, грушкі, сліўкі, лясныя ягады – на смак;
прыправы: бабковы (лаўровы) ліст, чорны перац гарошкам, каляндра, гваздзік, карыца, кроп і пятрушка (зерне), цыбуля;
соль – на смак.

Ваду давесці да кіпення, пакласці баравікі, дадаць соль і варыць у печы гадзіну, здымаючы пенку. Затым усыпаць пярловыя крупы і варыць яшчэ паўгадзіны. Пасля дабавіць сушаныя ягады і садавіну і ўпарваць паўгадзіны. У канцы дадаць прыправы і даць настаяццы 6-9 гадзін (пакуль страва не стане насычанай і густой).
Падавалі на стол уперад іншых страў, падагрэўшы. Налівалі кожнаму ў асобную талерку. Назаўтра страву маглі спажываць халоднай.
Асаблівасць гэтай куцці ў вялікай колькасці прыпраў.
Запісана са слоў Беркуновай Святланы Цімафееўны, уражэнкі в. Ліпнікі (былы Лідскі павет).

Музейна-педагагічны занятак «На свята Каляды»