/ Навіны Фотасправаздачы / “Ізноўку наведаў Купала наш Ліду…”

“Ізноўку наведаў Купала наш Ліду…”

Ізноўку наведаў Купала наш Ліду… Так, так. У гэтым годзе краіна будзе адзначаць 140 год з дня нараджэння Янкі Купалы. Гэта будзе летам.
24 сакавіка для горада Ліда – значная падзея. Значнасць яе праяўляецца больш для літаратурнага жыцця, для гісторыі беларускай літаратуры. З тых пор прайшло ўжо 82 гады. А пясняр нарадзіўся ў 1882 годзе!
Усё гэта сыходзіць у перадваенны час. А больш дакладна, у сакавік 1940 года. Янка Купала быў у Лідзе тры дні: з 13 па 15 сакавіка. Шкада, што тыя будынкі не захаваліся. Але ёсць успаміны, дзе адбываліся гэтыя сустрэчы. Дзякуючы Купале, папоўніўся і кніжны фонд у гарадской бібліятэцы. І першая кніга, якая была перададзена ім, была на беларускай мове! А  24 сакавіка Купале было ўручана пасведчанне дэпутата.
Пазней, ужо пасля смерці песняра, у Мінску быў адкрыты літаратурны музей Янкі Купалы, у якім працаваў Валянцін Таўлай намеснікам дырэктара (жонкі Купалы Уладзіславы Луцэвіч). У 1946 годзе У. Ф. Луцэвіч разам з дэлегацыяй пісьменнікаў, а г. зн. з В. Таўлаем, прыехала на сустрэчу ў Ліду. У той дзень адбылося адкрыццё бібліятэкі імя Янкі Купалы. Пазней падобны прыезд ажыццявіўся і ў 1956 годзе.
Шмат можна пісаць… Лепш будзе, калі наведацца на выстаўку “Ізноўку наведаў Купала наш Ліду…”, якая адкрылася 24 сакавіка 2022 года ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея па вуліцы Замкавая, 7. Яе ўжо паспелі наведаць і акунуцца праз прадастаўленыя фотаздымкі, дакументы і прадметы лідскія паэты, бібліятэкары, прадстаўнікі з клубнага дому ў далёкі перадваенны 1940 год, а таксама і ў мірныя – 1946, 1956-ыя і далейшыя ўжо сучасныя гады. Прыхільнікі Купалава слова праз лекцыйную форму падрабязна даведаліся пра незабыўную падзею, дзякуючы якой і былі яны запрошаны. Пачулі голас “незабыўнага Янкі” з архіўнага запісу, песню “Малітва” ў выкананні вядомых “Песняроў”. Лідскі паэт У. Васько падзяліўся ўспамінам пра паездку ў Вязынку на 100-годдзе з дня нараджэння народнага паэта, зачытаў вершы.
Ліда памятае народнага паэта, бо Палац культуры размяшчаецца па вуліцы Янкі Купалы, 1, а раённая бібліятэка носіць імя паэта. А ці ведаеце вы пра гісторыю прыезду Купалы ў Ліду? Якія падарункі ад лідчанаў атрымаў кандыдат у дэпутаты і што падараваў ён, чым частаваў паэт мясцовых літаратараў, па якіх вуліцах хадзілі ногі песняра, у якіх будынках выступаў паэт і што цяпер размяшчаецца на іх месцы, а таксама якія арыгіналы захоўвае са спадчыны народнага генія Лідскі гісторыка-мастацкі музей? Адказ на гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці, калі наведаць выстаўку “Ізноўку наведаў Купала наш Ліду…” і замовіць экскурсію ў Доме Валянціна Таўлая па вуліцы Замкавая, 7. І вас адразу ўжо з парога сустрэне народны паэт!
Будзе цікава.
Навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун.