У Лідскім замку працуе інтэрактыўная зала “Цікавыя рэчы Сярэднявечча”, мэта якой – стварэнне “жывога музея” (рукамі можна дакранацца). Прастора залы дазваляе праводзіць музейна-педагагічныя і практычныя заняткі, музейныя лекцыі ці семінары. Інтэрактыўная прастора напоўнена муляжамі, прадметамі рэканструкцыі і стылізацыі эпохі Сярэднявечча, якія адлюстроўваюць быт і рамёствы таго часу.
У зале прадстаўлены чатыры тэматыка-экспазіцыйныя зоны: ваенная справа і ганчарства, дрэваперапрацоўчая справа, якія сімвалізуюць мужчынскую палову памяшкання; харчовая справа, ткацтва і вытворчасць адзення, якія сімвалізуюць жаночую палову.
На базе залы працуе “Гардэробная Сярэднявечча” (наведвальнікі замка могуць прымяраць касцюмы) і фотазона. Для дзяцей падрыхтаваны размалёўкі, для сямейнага наведвальніка – гульня “МЭМА. Замак Гедыміна”.