/ Навіны / І камень пакаціўся…

І камень пакаціўся…

З успамінаў Карнілава Зміцера Вячаслававіча, 1971 г. н.

Зручнае месца ў цэнтры горада

Першыя ўспаміны з Лідскім замкам звязаны з дзяцінствам. Я нарадзіўся і вырас у Лідзе. Пражываў недалёка ад замка па вуліцы Янкі Купалы, якая не захавалася на сённяшні дзень. Цяпер на месцы маёй вуліцы размясціўся Палац культуры.

У замак мы хадзілі забуляцца (гэта 1980-я гг.). Тут заўсёды, як памятаю, вялася павольная будоўля (дзеці любяць будоўлю). Мы скідалі са сцен замка мяшкі з цэментам, дзеля смеху. Мяшкі маглі ляжаць там, нікому не патрэбныя, каля паўгода.

Потым я вучыўся, служыў у арміі (1990-1992 гг.). Калі вярнуўся, то была другая краіна – Рэспубліка Беларусь. У 1990-я гг. Лідскі замак знаходзіўся ў заняпадзе. Тут ужо не праводзіліся будаўнічыя работы. Замак выкарыстоўваўся мясцовым насельніцтвам як сметнік, як месца выпасу коз, як месца выпіўкі і, так сказаць, месца рамантычных сустрэч – зручнае месца ў цэнтры горада!

У канцы 90-х гг. у мяне з’явіліся сябры – паэты, рэканструктары. У нас арганізавалася свая тусоўка. Вельмі зручна было збірацца ў Лідскім замку. Адну-дзве гадзіны пагаварылі і разыйшліся.

Гаспадары замка

Аднойчы здарылася непрыемная сітуацыя. Сабралася нас чатыры чалавекі ў замку. Адзін з нас пачаў чытаць уласныя вершы пра Вітаўта. Бачым, як чалавек зайшоў на тэрыторыю замка праз Малыя вароты ва ўсходняй сцяне, папісаў і вышаў… Нас гэта вельмі ўзрушыла. Значыць, мы тут пра высокае, пра Вітаўта, пра Вялікае Княства Літоўскае, а ён на нашых вачах гэткае… !

Было вырашана павесіць замок на вароты, каб людзі не хадзілі ў замак гадзіць. Я ў нашай суполцы быў самы малады. І мяне адправілі ў магазін за замком. Ланцужок мы знайшлі ў замку. Ключы былі ў кожнага з нашай кампаніі. Так мы сталі гаспадарамі замка. Мы ні ў кога не пыталіся дазволу на тое, каб закрыць вароты. У той час Лідскі замак нікога не цікавіў.

А мы па-ранейшаму наведваліся ў замак, маглі там нават пажарыць шашлыкі на кастры. Мы захапілі замак, які валяўся ў цэнтры горада і быў нікому не патрэбны.

Пра тое, што мы былі гаспадарамі замка, ніхто не ведаў, а можа, і не хацеў ведаць. З цягам часу ўсе, акрамя мяне, страцілі ключы ад замкавых варот. Я стаў адзін тут гаспадарыць. Я прыходзіў сюды калі хацеў, і выходзіў калі хацеў.

Рыцарскія клубы

3 лістапада 1998 г. – арганізацыя клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Дайнава”, кіраўніком якога быў Юрась Мандрык. Гэта была тусоўка людзей, якія акрамя выжывання і заробкаў грошай хацелі большага. Афіцыйна клуб праіснаваў больш за 10 гадоў.

У пачатку мінулага тысячагоддзя тэрыторыя Лідчыны ўвайходзіла ў склад Дайнаўскага (Дайноўскага) княства. Паводле Тодара Нарбута, Ліда была сталіцай гэтага княства. У 1261 (1270) годзе дайнаўскі, а, магчыма, і лідскі князь Трайдзень стаў Вялікім князем Літоўскім. …У памяць пра легендарнае дайнаўскае мінулае Ліды тут створаны рыцарскі клуб “Дайнава”. [Суднік Станіслаў. Турыстычны даведнік па Лідскаму раёну. [Электронны рэсурс]- Рэжым доступу: https://pawet.net/ – Дата доступу: 14.08.24]

Я жыў у цэнтры горада, каля 300 метраў ад замка па вуліцы Шубіна. Па клубных справах (пашыць адзенне, выкаваць даспехі) мы сустрракаліся 2-3 разы на тыдзень. Часам сустракаліся і на тэрыторыі замка.

За перыяд свайго існавання члены клуба “Дайнава” ўдзельнічалі на здымках фільмаў (“Ночной дозор”, “Дневной дозор” і інш.). Даспехі, якія належалі ўдзельнікам рыцарскіх турніраў, сёння экспануюцца ў Лідскім замку (выстаўка “Вехи истории”).

У Лідзе на той час быў яшчэ адзін клуб “Dies Magna”, кіраўніком якога з’яўляўся Мікалай Шаўчэнка. Мы ніколі не варагавалі. Мы сябравалі, але былі і супернікамі. Калі ёсць супернік, то арганізацыі лягчэй расці.

Былі яшчэ тэўтонскі клуб і клуб вікінгаў, члены якога калісьці ўваходзілі ў клуб “Дайнава”, быў і жаночы танцавальны калектыў.

Калектывы рыцарскіх клубаў былі ў асноўным мужчынскія. Дзяўчат мала, у асноўным тыя, што з’яўляліся сяброўкамі рыцараў.

У свой час было многа людзей, якія захапляліся эпохай рыцарства. Але ўсё гэта мінула, сышла мода на сярэднявечча. На сёняшні дзень у г. Лідзе няма рыцарскіх аб’яднанняў.

Стаць сваім

Ішоў час, наступілі 2000-я гг. Наш рыцарскі клуб, які быў ужо дастаткова вялікі (каля 40 чалавек), пачынае выязджаць на розныя гістарычныя фестывалі ў Навагрудак, Полацк, Мінск, Мір для ўдзелу ў турнірах. Трэба адзначыць, што ў клуб уступалі людзі амбіцыёзныя.

У нашай групе з’явіўся Вайцюк Ігар (былы следчы, выйшаў на пенсію ў 45 гадоў і з нуды далучыўся да нас). Мы яго не адразу прынялі. Ён быў старэйшы за ўсіх нас (удзельнікам клуба было, як правіла, 20-30 гадоў), худога целаскладу. Яго ж мы дапусцілі ў сваю тусоўку толькі каб над ім жартаваць. Але ў Ігара быў добра падвешаны язык, і да нашых жартыкаў ён адносіўся з розумам. І праз пару месяцаў ён стаў сваім – пашыў касцюм, вырабіў даспех і стаў з намі ўдзельнічаць у рыцарскіх турнірах і фестывалях.

Першае выступленне ў Лідзе

Аднойчы Вайцюк прапанаваў арганізаваць выступленне ў Лідзе і пайшоў у райвыканкам дагаварывацца. Так праз два месяцы Ігар нам сказаў: “Я дамовіўся. Выступаем праз тры тыдні!” Яшчэ праз тыдзень была надрукавана афіша. Наша выступленне было назначана на 9 студзеня 2005 г. каля замка. Узнікла пытанне, што мы будзем паказваць гледачу. Сабраліся на абмеркаванне, сталі перабіраць падзеі з гісторыі замка. Аказалася, каб паказаць падзеі прыбывання караля Аляксандра Ягелончыка ў Лідскім замку (24 ліпеня 1506 г. у покоях Лідскага замка Аляксандр Казіміравіч паспавядаўся, прычасціўся і падпісаў духоўны тастамант…. Аляксандра Казіміравіча, які паміраў, паклалі ў насілкі, прывешаныя паміж двух коней, і ў суправаджэнні двара і невялікага ахоўнага атрада, ранняй раніцай 27 ліпеня 1506 г. вывезлі з Ліды ў Вільню [Суднік Станіслаў. Лідская адсеча 1506 г. [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: https://pawet.net/library/history/city- Дата доступу:08.05.2024]) – няма дзе дастаць коней; каб паказаць старонкі татарскай гісторыі – няма клуба гістарычнай рэканструкцыі, якія займаюцца татарамі (то ж з кім ваяваць будзем); пра суд Кейстута над Вайдылам каб паказаць, аказалася, што ніхто не хоча быць павешаным. Самым ідэальным варыянтам атрымалася вяселле Ягайлы.

Далей неабходна было напісаць сцэнарый выступлення. Дамовіліся, што чатыры чалавекі за тыдзень напішуць сцэнарый, а потым усе збяромся разам і выберам лепшы варыянт. На сустрэчы атрымалася так, што толькі я напісаў сцэнарый. Таму ўсім прыйшлося пагадзіцца на мой варыянт вяселля Ягайлы. Крыху дапрацавалі сцэнарый, дабавіўшы жартаў да слоў герояў. Сцэнарый быў такі, каб любы з нас мог сыграць любую ролю. Ды і акцёры мы слабыя. Самая складаная роля была маршалка (трэба было вывучыць многа тэксту). Але для маршалка мы зладзілі прыгожы скрутак, з якога можна было ўсё прачытаць.

Дэбют адбыўся 9 студзеня 2005 г. ля паўночнай сцяны Лідскага замка, бо тэрыторыя замкавага двара была значна забруджана.

Першапачаткова мы выступалі не за грошы. А калі нам сталі плаціць, то значная частка заробка ішла на цвікі, дошкі, дрот, лямпачкі і іншае, што неабходна было для абсталявання памяшканняў у вежы.

Лічу, што мы падштурхнулі камень, калі звярнуліся ў райвыканкам з просьбай на дазвол арганізацыі анімацыйных выступленняў у Лідскім замку, які далей пакаціўся сам. У выніку замак са сметніка ў цэнтры горада ператварыўся ў турыстычны аб’ект.

Вяселле Ягайлы

У лістападзе 2005 г. з намі наладжвае кантакты турыстычная фірма “Вітаўт” (затым – “Святавіт”, сёння – “Адрас лета”), кіраўніком якой з’яўляецца Конан Генадзь Пятровіч. Фірма стала прывозіць у замак турыстаў. Мы сталі супрацоўнічаць і з лідскім музеем, так як райвыканкам паручыў замак аддзелу культуры, які дэлегаваў замак музею. Утварыўся сімбіёз (даволі незвычайны) ваенна-гістарычнага клуба “Дайнава”, лідскага музея, замка і турыстычнай фірмы “Святавіт”. Кожны знайшоў сваё месца. Усё складвалася даволі паспяхова. У адзін з выходных дзён замак наведала 13 турыстычных груп. І нам прыйшлося “адкатаць” “Вяселле Ягайлы” 13 разоў за адзін дзень.

А праходзіла ўсё прыкладна так:

“Спачатку на суд гледачоў была прадстаўлена тэатралізаваная сцэна пад назвай “Вяселле Ягайлы”. Падчас яе мінчане ўбачылі гістарычныя звычаі і абрады , якія былі характэрны для жыхароў Вялікага княства Літоўскага ў той далёкі час. Стол быў пастаўлены непасрэдна ў самой вежы замка, што надавала яшчэ большы сярэдневяковы дух. За ім сядзелі кароль са сваёй нявестай, падначаленыя Ягайлы, сяброўкі будучай каралевы, рыцары світы. Падчас вяселля разыгралася нечакана бойка паміж госцем-крыжаком і адным з дружыннікаў Ягайлы. … Кожны жадаючы … таксама мог і паспаборнічаць з рыцарамі ў майстэрстве валодання мячом. … Пасля паядынкаў … магчыма было пастраляць з лука, пагуляць у сярэдневяковае сэрсоі прыняць удзел у стральбе з такой баявой тэхнікі, як катапульта.” [Арэхва, Я. Вяселле у замку  /Я. Арэхва // Лідская газета – 2007. – 27 сакавіка – С. 1]

Так прадаўжалася да 2010 г.

Фота – “Вяселле Ягайлы” [https://grodno-region.gov.by/by/zamki-by]

Падчас падрыхтоўкі да Рэспубліканскага фестывалю-ярмаркі “Дажынкі–2010” праводзіліся работы па рэстаўрацыі і рэканструкцыі Лідскага замка. І мы тады пачалі выступаць ля сцен замка. Затым вярнуліся ў замак. “Вяселле Ягайлы” прадаўжалася да 2020 г. У 2020 г. здарылася пандэмія. Вымушаны былі спыніць усе выступленні. Клуб “Дайнава” паступова стаў распадацца.

Па маіх падліках, за 15 гадоў (2005-2020 гг.) “Вяселле Ягайлы” ўбачыла каля 200 тысяч чалавек! Выступленні праходзілі жыва, нават траўмы былі: удары па галаве, перабівалі рукі. Часам нават мячы ламаліся. Рыцарская справа не можа быць без траўмаў. Апошняе маё выступленне ў Лідскім замку адбылося ў студзені 2020 г.

Рыцарскія турніры

Нам вельмі шанцавала. У той час (2004 – 2011 гг.) старшынёй Лідскага раённага выканаўчага камітэта з’яўляўся Худык Андрэй Паўлавіч. Ён і ўсё гарадское кіраўніцтва, а таксама простыя гараджане завіталі на наша выступленне. Усім вельмі спадабалася, хоць нічога асаблівага там і не было (задаволена ўсміхнуўся). З таго часу нас сталі заклікаць выступаць перад дэлегацыямі, гасцямі горада, што прыязджалі ў Ліду. Затым пачысцілі нам вежу Вітаўта, правялі там электрычнасць, устанавілі драўляныя лавы. І пачалі мы выступаць у замку. Хутка сюды прыехалі і першыя турысты. Спачатку ўсё гэта было неафіцыйна. Так прадаўжалася некалькі месяцаў. Затым было вырашана правесці фестываль у Лідскім замку.

Летам 2005 г. мы наведаліся ў Лідскі райвыканкам на прыём да Худыка А. П. і Глаўніцкага А. Т. (намесніка старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта) без асаблівай надзеі на поспех. Аднак яны далі згоду на правядзенне ў горадзе фестывалю, вызначана дата – 17 верасня – і назва – “Замак Гедыміна 2005”. Стала зразумела, аднаму рыцарскаму клубу арганізацыю не пацягнуць. Наш клуб уваходзіў у Рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Рыцары Вялікага Княства”. (Зимой 2000 г. четыре рыцарских клуба – “Княжы гуф”, “Берасцейская харугва”, “Жалезны воўк” и “Дайнава” – решили объединиться. Так появилась Конфедерация “Рыцары Вялiкага княства”. ) [Современные рыцари Великого княжества.-Электронны рэсурс.- Рэжым доступу: https://bobruisk.guru/sovremennyie-ryitsari-velikogo-knyazhest/ -Дата доступу: 18.08.2024]. Ліквідавана  29.04.2022). У складзе канфедэрацыі было 14 клубаў, старшыня – Фёдар Міхееў. Падчас падрыхтоўкі да фестывалю канфедэрацыя  займалася рыцарскай часткай, а гаспадарчай часткай займаўся Лідскі райвыканкам, які ачысціў тэрыторыю замка за лета-верасень 2005 г. Тэрыторыя замкавага двара была выраўняна. На месцы сучаснай сувенірнай лаўкі і карчмы збудаваны драўляны замак, які штурмавалі рыцары падчас выступлення. У ходзе фестывалю некаторыя члены клуба “Дайнава” і я ў тым ліку начавалі ў вежы Вітаўта. Спалі на саломе, якую загадзя там падрыхтавалі.

На свята прыехала многа рыцараў, танцавальных калектываў з Польшчы, Літвы, Германіі. Фестываль аказаўся паспяховым. Каля двухсот тысяч чалавек змаглі ўбачыць фестываль. З гэтага моманту замак стаў функцыянаваць як турыстычны аб’ект.

Рыцарскі турнір у Лідзе праводзіўся яшчэ ў 2007 г. (Фэст рыцарскіх баёў «Меч Лідскага Замка»,  19-20 мая 2007г. з удзелам рыцарскіх клубаў Польшчы, Расіі, Прыбалтыкі, Беларусі [Замкі Гродзеншчын. Аб праграме дзеянняў “Замкі Беларусі” – [Электронны рэсурс]- Рэжым доступу: https://grodno-region.gov.by/by/zamki-by- Дата доступу: 24.08.2024]. А далей – толькі як частка праграмы да Дня горада ці ЛідБіра, а не як паўнавартасны фестываль. Падчас рыцарскага турніра 2023 г. у Лідскім замку ўжо не было ніводнага лідскага рыцара. Арганізацыяй і падрыхтоўкай займаліся тады мінскія рыцары.

Лічу, што падземны ход быў

Яшчэ з дзяцінства я памятаю падземны ход у вежы Вітаўта, які быў завалены вялізнымі валунамі, розным смеццем, магчыма, каб дзеці не лезлі туды.

У канцы 90-х гг., калі мы толькі пачыналі сустракацца ў замку, ход усё яшчэ быў. Сярод нас былі тыя, што спрабавалі яго расчысціць, але нават 5-6 чалавек не змаглі падняць валуны.

У 2010 г. вялося добраўпарадкаванне на тэрыторыі замка. Будаўнікі, каб аблегчыць сабе працу, залілі ход бетонам.

Запісана са слоў Карнілава З. В. 11.07.2024 г.